Спорт як частка жыцця. Сёлета Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь адзначыла 30-гадовы юбілей

Грамадства Спорт

Гэта выдатная нагода азірнуцца назад і ўзгадаць аб спартыўных поспехах і дасягненнях, якія сталі неад’емнай часткай гісторыі раёна.

За гэты час Брагіншчына не толькі адрадзілася пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але і стала краем, дзе важную ролю адыгрывае спорт.

Па словах старшага інспектара райвыканкама Юрыя Крываручкі, за мінулыя тры дзесяцігоддзі ў раёне адбыліся каласальныя змены ў сферы фізічнай культуры і спорту.

Так, пабудаваны сучасны фізкультурна-спартыўны цэнтр. У ДЮСШ Брагінскага раёна працуюць секцыі па футболе, лёгкай і цяжкай атлетыцы, вольнай барацьбе, створаны ўсе ўмовы для трэніровак: сучаснае абсталяванне, экіпіроўка, кваліфікаваныя кадры.

Цэнтрам прыцягнення аматараў актыўнага ладу жыцця сталі абсталяваныя спартыўныя пляцоўкі.

Нашы юныя спартсмены рэгулярна дэманструюць высокія вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню: ад раённых да рэспубліканскіх. Асабліва ярка ў апошнія гады праявілі сябе цяжкаатлеты і «вольнікі».

Значным дасягненнем стала перамога гімназістаў Данііла Даўжанка і Дзяніса Цалуйкі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба». Яны выступалі ў складзе каманды Гомельскага рэгіёна, якая прадстаўляла гарады і раёны, дзе няма арэн са штучным лёдам.

Брагіншчына ганарыцца выхаванцамі ДЮСШ, якія працягваюць свой спартыўны шлях у вучылішчах алімпійскага рэзерву, а потым становяцца членамі нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. Яны прымаюць удзел у міжнародных спаборніцтвах, праслаўляюць свой раён і краіну. Адзін з яркіх прыкладаў – Уладзіслаў Шахніцкі, які заваяваў золата і бронзу на еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі.

Трэнеры ДЮСШ асабістымі дасягненнямі паказваюць, як важна займацца спортам, і матывуюць сваіх падапечных на новыя перамогі. Напрыклад, трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы Юрый Наяйчук стаў пераможцам спаборніцтваў па паўэрліфтынгу GSF-BELARUS CUP 2020. Ён устанавіў рэкорд Беларусі з вынікам 295 кг у дысцыпліне «Прысяданні» і выканаў разрад майстра спорту міжнароднага класа (МСМК). А сёлета заваяваў золата на спаборніцтвах па сілавым экстрыме ў Рэчыцы.

Для ўсіх жадаючых, незалежна ад узросту і ўзроўню падрыхтоўкі, даступныя фітнес, заняткі ў трэнажорнай зале і многае іншае. Здароўе і фізічная актыўнасць – залог шчаслівага жыцця.

Традыцыйнымі ў раёне сталі прымеркаваныя да знакавых дат велапрабегі. Многія захапляюцца настольным тэнісам, шахматамі і шашкамі, дартсам. Нямала прыхільнікаў і зімовых відаў спорту.

Адным з любімых мерапрыемстваў жыхароў і гасцей раёна стаў міжнародны лёгкаатлетычны забег «Брагінская дзясятка». Каб стаць яго ўдзельнікамі, у розныя гады да нас прыязджалі вядомыя беларускія лёгкаатлеты, члены нацыянальнай зборнай. У тым ліку Ілля Карнавухаў, Сяргей Краўчэня, Вольга Немагай, для якіх прабег – яшчэ адна магчымасць праверыць свае сілы і падтрымаць важную ініцыятыву.

Спартакіяды, спаборніцтвы па міні-футболе на кубак П.І. Шпетнага, турнір па футболе на Кубак імя Героя СССР Пятра Жукава, гульні па валейболе, прымеркаваныя да памятных дат, навагоднія турніры – усе гэтыя і іншыя мерапрыемствы сталі неад’емнай часткай спартыўнага жыцця раёна. Летась быў упершыню праведзены адкрыты чэмпіянат па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі – даніна земляку, ліквідатару аварыі на ЧАЭС.

У спаборніцтвах, якія праводзяцца ў нашым раёне, прымаюць удзел не толькі мясцовыя спартсмены, але і госці з суседніх раёнаў, што спрыяе ўмацаванню сяброўскіх сувязяў і абмену вопытам.

Акрамя гэтага, брагінчане актыўна прадстаўляюць малую радзіму на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Летась землякі пачалі ўдзельнічаць у чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. З кожнай гульнёй яны прагрэсуюць і паказваюць сваё майстэрства, актыўна даюць праявіцца і моладзі.

Сёлета наш раён прымаў гасцей з футбольнага клуба «Дыпламат», у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі дыпламатычных місій Славакіі, Казахстана, Балгарыі, Таджыкістана, Расіі і Кыргызстана. Раён наведаў і надзвычайны і паўнамоцны пасол Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь Ёзэф Мігаш.

Зараз брагінскія футбалісты ўдзельнічаюць у турніры Рэчыцкай лігі па міні-футболе і па выніках першага круга займаюць трэцяе месца.

Спартыўны каляндар раёна насычаны падзеямі і мерапрыемствамі. Наперадзе – спартакіяда, турнір па валейболе, спаборніцтвы па міні-футболе на кубак імя П.І. Шпетнага, навагодні турнір па міні-футболе паміж камандамі райвыканкама, РАНС і РАУС.

У складзе раённага грамадскага а’бяднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» – людзі, адданыя спорту на працягу многіх гадоў. Яны працягваюць актыўна ўдзельнічаць у спаборніцтвах і падаюць прыклад маладому пакаленню.

Пройдзены вялікі шлях у развіцці спорту і фізічнай культуры. Ёсць значныя поспехі, створана сучасная інфраструктура, выхаваны таленавітыя спартсмены. Але галоўнае – спорт стаў неад’емнай часткай жыцця многіх жыхароў раёна. Наперадзе – новыя гарызонты і перамогі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.