
Вызваленне не толькі нашага раёна, але і ўсёй Беларусі пачалося яшчэ да легендарнай аперацыі «Баграціён». Хаця, здавалася б, зусім нядаўна ў нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі выключна наступальныя планы: акружыць савецкія войскі пад Курскам, а потым напасці на Маскву. Ды пасля паражэння на Курскай дузе вораг нястрымна пакаціўся на Захад.
Стаялі насмерць
Восень сорак трэцяга. Гітлер разумее: спыніць савецкае наступленне не ўдасца. Чырвоная армія ўпэўнена рухаецца да Дняпра.
Рашэнне Гітлера – выйграць час за кошт будаўніцтва шматлікіх умацаванняў для стрымлівання нашых воінаў. Загад – абараняць пазіцыі на правым беразе ракі любой цаной. Іх, дарэчы, немцы назвалі паэтычна – «Усходні вал». Менавіта аб яго, па задуме, павінны былі разбіцца хвалі ўжо стомленых ад шматмесячных наступленняў савецкіх войск, што дазволіла б Германіі атрымаць жаданую перадышку. А галоўнае – умацаваць свой аўтарытэт у саюзнікаў, які моцна пахіснуўся пасля Сталінграда і Курска. Ды вораг зноў пралічыўся. Планы гітлераўцаў затрашчалі па ўсіх швах.
Бітва за Днепр, будучы часткай Чарнігаўска-Прыпяцкай наступальнай аперацыі, стала адной з самых маштабных і кровапралітных у Вялікай Айчыннай вайне. З абодвух бакоў у ёй удзельнічала звыш чатырох мільёнаў чалавек, а фарсіравалі раку адразу на 23 плацдармах. Лінія фронту расцягнулася больш чым на 700 км. І дняпроўскія высоты былі ўзяты. Першым сваё вызваленне святкаваў Камарын, на той момант – раённы цэнтр. Гэта адбылося 23 верасня 1943 года. А каб дайсці да Брагіна, байцам спатрэбілася яшчэ два месяцы. Баі – цяжкія, страты – вялікія, і зямля, шчыльна палітая салдацкай крывёю… Нягледзячы на страты, ішлі наперад.
Абходным манеўрам
Вызваленне Брагінскага раёна стала часткай Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі, якая пачалася 10 лістапада 1943 года. У ім удзельнічалі 55-я (палкоўнік Мікалай Заіюльеў) і 356-я (генерал маёр Міхаіл Макараў) стралковыя дывізіі, 68-я асобная танкавая брыгада (падпалкоўнік Рыгор Цімчанка) 61-й арміі, а таксама партызанскі атрад імя Катоўскага пад камандаваннем Аляксандра Міхневіча.
Дарэчы, у нумары ад 16 кастрычніка 1943 года газета 55-й стралковай дывізіі «Победа» заклікала: «Вперёд, за Днепр, сыны Отечества! Нас ждёт Белоруссия!» А назаўтра яе 111-ты і 228-мы палкі разам з іншымі часцямі і злучэннямі перайшлі ў наступленне ў напрамку Крыўчы, Новай Аляксееўкі. Ды пераадолець супраціўленне ворага не ўдалося, завязаліся зацяжныя баі.
У ноч на 9 лістапада байцы пераправілася праз рэчку Пясчанку каля вёскі Жылічы. Наперадзе былі Крыўча, Зарэчча, Малейкі і іншыя населеныя пункты. 15 лістапада 55-я дывізія з баямі дасягнула рубяжа Брагінкі.
Улічваючы цяжкапраходную балоцістую мясцовасць, добрую ўмацаванасць варожых дывізій, Мікалай Заіюльеў прапанаваў браць раённы цэнтр не лабавой атакай, а абходным манеўрам з флангаў. Адначасова перад камандаваннем асобнага партызанскага атрада імя Катоўскага была пастаўлена задача перарэзаць дарогу Брагін – Хойнікі і затым ударыць па адступаючых варожых часцях з тылу.
На світанні 23 лістапада 1943 года 107-мы і 228-мы стралковыя палкі, падтрыманыя агнём 2-га і 3-га артдывізіёнаў 84-га артылерыйскага палка, пачалі абход Брагіна з флангаў і ачысцілі ад немцаў вёскі Гарадзішча, Вуглы, Шкураты. Услед за тым штурмавыя групы 111-га стралковага палка пад камандаваннем Шалвы Чалідзе пры падтрымцы 1-га артдывізіёна ўдарам у цэнтры вызвалілі гарадскі пасёлак ад немцаў.
За адвагу і мужнасць
Нягледзячы на добрую ўмацаванасць і дастатковую ўзброенасць брагінскага апорнага пункта, немцы не змаглі супрацьстаяць выдатна задуманай баявой аперацыі наступаючых.
З аператыўнай зводкі Савінфармбюро ад 23 лістапада 1943 года:
«В районе нижнего течения реки Припять наши войска овладели районным центром Полесской области Брагин, а также заняли более 40 других населённых пунктов, среди них Великий Бор, Михновка, Новый Путь, Шкураты, Дублин, Петьковщина, Жердное, Пересятинец, Кулажин, Крюки, Машево, Мосаны, Довляды, Прохожа».
За подзвігі, здзейсненыя пры вызваленні Брагінскага раёна ў яго цяперашніх межах, амаль 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы адзначаны ордэнамі і медалямі. Больш за тры з паловай тысячы доблесных сыноў Айчыны знайшлі тут вечны спачын.
У памяці – навечна
Сярод пахаваных у Брагіне – Героі Савецкага Саюза Павел Мамкін і Мікалай Махаў, ураджэнцы Расіі. Абодва вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра і ўдастоены высокага звання пасмяротна.
Першы – камандзір кулямётнага аддзялення, якое 28 верасня 1943 года пераправілася праз раку і нечакана для ворага авалодала яго траншэяй у раёне вёскі Вялле. Дзякуючы гэтаму іншыя падраздзяленні 77-й стралковай дывізіі атрымалі магчымасць паспяхова пераадолець водную перашкоду. На захопленым плацдарме байцы адбілі контратаку праціўніка, які панёс вялікія страты. Гвардыі малодшы сержант Мамкін загінуў у баі на тэрыторыі раёна 19 кастрычніка таго ж года.
Мікалай Махаў камандаваў аддзяленнем стралковага палка. У ноч на 28 верасня ён атрымаў загад пераправіцца на правы бераг Дняпра і замацавацца на ім, чакаючы астатнія групы. Так было і зроблена. З’яўленне нашых салдат стала поўнай нечаканасцю для фашыстаў. Да світання Махаў і яго баявыя таварышы перавезлі яшчэ 120 гвардзейцаў са зброяй і боепрыпасамі. Затым былі ўпартыя баі літаральна за кожны метр роднай зямлі, якія працягваліся да 18 кастрычніка. Фашысты аказвалі нашым воінам адчайнае супраціўленне. Праследуючы ворага, Махаў трапіў у акружэнне. Каля вёскі Жылічы адважны воін загінуў.
У гонар Герояў названы вуліцы райцэнтра. Гэтак жа ўвекавечаны імёны вышэйзгаданага сына Грузіі Шалвы Чалідзе і ўраджэнца Віцебскай вобласці Пятра Зіновіча. Апошні да вайны працаваў у Брагіне, а ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі стаў камісарам партызанскага атрада імя Катоўскага. Пасля выгнання ворага ўзначаліў райвыканкам.
З танкавай роты
Цікавую гісторыю захоўвае танк, устаноўлены на п’едэстале ў цэнтры гарпасёлка. Не ўсе баявыя машыны, якія стаяць на пастаментах, ваявалі. Большасць з’вілася пасля вайны і выконвае мемарыяльныя функцыі. Яно і зразумела: хто будзе пакідаць у вызваленым населеным пункце спраўны танк? Ды і падбіты патрэбны – у якасці металалому. Таму сёння машыны, якія ўдзельнічалі ў баях, – рэдкасць. А ў Брагіне на пастаменце менавіта такая «трыццацьчацвёрка» старой мадыфікацыі – Т-34-76.
Адкуль з’явілася? У 1980-х выцяглі з балота каля вёскі Жылічы. І з першага разу, па ўспамінах відавочцаў, зрабіць гэта не ўдалося. За доўгія гады цяжкую бронетэхніку моцна засмактала ў багну. Атрымалася дастаць толькі ў наступны заход – з дапамогай цягачоў, да якіх вадалазы прымацавалі тросы.
А летам 1983 года раённая газета «Маяк Палесся» паведамляла: «3 ліпеня ў Брагіне ва ўрачыстай абстаноўцы і ў прысутнасці групы ветэранаў 61-й арміі, якія прымалі ўдзел у вызваленні Брагіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыты мемарыяльны помнік «Танк». На вечную стаянку на пастаменце стаў Т-34 – баявая машына з роты Н.В. Хлістунова 2-га батальёна 68-й асобнай танкавай брыгады, што ўдзельнічала ў вызваленні Брагіншчыны восенню 1943 года».
Дарэчы, такіх «франтавікоў» на пастаментах у Беларусі толькі два – у нашым райцэнтры і ў Рэчыцы.
Варта прыгадаць, што самы трагічны перыяд у гісторыі Брагіншчыны пачаўся ў верасні 1941-га і доўжыўся 826 дзён. За гэты час гітлераўцы знішчылі больш за 8 тысяч мірных жыхароў. Звыш двух тысяч чалавек у прымусовым парадку былі вывезены на катаржныя работы ў Германію ці ў акупіраваныя ёю краіны Еўропы. Карнікі поўнасцю ці часткова спалілі 71 населены пункт. Тры з іх – Байдакі, Усохі і пасёлак Уладзімірскі – так і не аднавіліся.
На шчасце, мы нарадзіліся ў мірны час і не зведалі гэтых жахаў. Не бачылі, як у баях з ворагам, падчас карных нацысцкіх аперацый гінулі людзі, не цярпелі зверскіх катаванняў фашыстаў, не атрымлівалі пахаванак… Але мы разумеем: заваёваныя нашымі продкамі мір і спакой на роднай зямлі – самае каштоўнае. Таму наш нізкі паклон, шчырая ўдзячнасць, светлая памяць – усім, хто не павярнуў назад, не скарыўся перад ворагам, адстаяў свабоду.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.
