Урокі і сэнсы Кастрычніцкай рэвалюцыі: чаму ў Беларусі працягваюць адзначаць 7 лістапада

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

У нас, беларусаў, шмат добрых традыцый, якія мы ўзялі з савецкага мінулага. Напрыклад, суботнікі, студатрадаўскі рух. І наш Прэзідэнт упэўнены: нельга адмаўляцца ад спадчыны эпохі, перакрэсліваць сваю гісторыю, здраджваць памяці продкаў. Галоўнае – рабіць правільныя вывады, вучыцца на вопыце папярэднікаў. Так і з падзеямі 1917 года.

Вядома, удумлівы, разважлівы чытач можа адразу ж заўважыць: Беларусь – супраць усялякіх бунтаў, мяцяжоў, майданаў. І ў той жа час застаецца адзінай на постсавецкай прасторы краінай, дзе на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дата 7 лістапада ў нашым календары па-ранейшаму пазначана чырвоным колерам. Узнікае слушнае пытанне: чаму?

Так, у развіцці любой дзяржавы рэвалюцыя – непажаданая з’ява, бо яна рэзка разбурвае існуючую сістэму ўлады, непазбежна падрывае эканоміку, зніжае ўзровень жыцця насельніцта. І толькі потым, з цягам часу, пачынаецца развіццё на новых асновах. Працэс пакутлівы і доўгі, з вялікімі стратамі. Ды варта разумець і іншае: калі ў дзяржаве адбываецца рэвалюцыя – значыць, яго кіруючыя эліты не ў стане забяспечыць баланс інтарэсаў розных сацыяльных слаёў і груп.

Грамадства ж у той далёкі час хвалявалі дзве галоўныя праблемы: зямля і мір. Але ні першую, ні другую Часовы ўрад нават не спрабаваў вырашыць. У кастрычніцкай кропцы 1917 года перасекліся ўсе асноўныя супярэчнасці – сацыяльна-класавыя, эканамічныя, палітычныя, міжнацыянальныя, ідэалагічныя, культурныя. І менавіта бальшавікі, улавіўшы гістарычны момант, хутка сарыентаваліся, ацанілі сітуацыю і прапанавалі людзям тое, у чым яны мелі большую патрэбу. Іх лозунгі «Мір – народам», «Зямля – сялянам», «Заводы – рабочым», «Улада – Саветам» былі падтрыманы большасцю, бо адпавядалі волі народа.

Варта прыгадаць: напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі ішла Першая сусветная вайна, гінулі людзі. А тыя, што заставаліся ў тыле, не маглі пракарміць сябе. Народная гаспадарка была разбурана. «Галоўны ўрок, які мы павінны атрымаць з гісторыі 1917 года, – гэта мір, мір і яшчэ раз мір. Павінен быць мір для таго, каб людзі маглі нармальна жыць», – перакананы кіраўнік нашай дзяржавы. І яшчэ адзін урок – правы чалавека: «Людзі ішлі незразумела на якую вайну і гінулі. Права чалавека на жыццё было разбурана, а таксама права на працу – людзі не мелі работы, кавалка хлеба. Як яны маглі жыць і карміць свае сем’і?»

Многія, дарэчы, памылкова зво-дзяць рэвалюцыю толькі да па-дзей 25–26 кастрычніка (7–8 лістапада па грыгарыянскім календары), а насамрэч гэта вялізны пласт пераўтварэнняў. Сёння, напрыклад, нам ужо здаецца такім звычайным права на 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную адукацыю і медыцынскую дапамогу, на пенсійнае забеспячэнне ў старасці,  магчымасць пайсці ў водпуск, у тым ліку жанчынам – па цяжарнасці і родах… І наўрад ці хто задумваецца, што гэта і ёсць заваёвы Кастрычніка.

Рэвалюцыя не проста замацавала правы людзей на працу і свабоду, а змяніла іх уклад і псіхалогію, прадвызначыла жыццё многіх народаў. І нават прымусіла палітыкаў Захаду разглядваць эканоміку не толькі як сродак прыбытку, але і як аснову для рэалізацыі надзённых сацыяльных патрэб шырокіх слаёў насельніцтва. Вынікам паўстання пралетарыяту стала стварэнне вялікай дзяржавы – Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Для Беларусі вельмі важна, што менавіта пасля рэвалюцыі з’явілася магчымасць рэалізаваць нашу дзяржаўнасць на нацыянальнай аснове. Да гэтага беларускія землі на працягу многіх стагоддзяў уваходзілі ў склад то адной, то другой дзяржавы, і народ ніколі не меў права на самавызначэнне. А ў 1917-м упершыню яго атрымаў.

Усе грамадзяне рэспублікі, незалежна ад іх расавай і нацыянальнай прыналежнасці, атрымалі роўныя правы. А з уваходам яе ў склад СССР склаліся яшчэ спрыяльныя ўмовы для ўз’яднання беларускага народа. Лёсавызначальнай падзеяй стала далучэнне Заходняй Беларусі да БССР восенню 1939 года.

Больш за тое, будаўніцтва вялікай і магутнай дзяржавы дазволіла многім нацыянальнасцям пераадолець працяглую адсталасць і нават узняцца да вышынь сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

Так, ужо ў першую пяцігодку ў нашай рэспубліцы з’явіліся швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі», Бабруйскі, Барысаўскі і Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінаты. У 1930-м дала першы ток электрастанцыя пад Оршай. Пачала фарміравацца сетка аўтамабільнага і рачнога транспарту.

Можна ганарыцца, што БССР стала лакаматывам саюзнай эканомікі. Напрыклад, у 1980-я гады ў не самых простых умовах вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў, сабекошт знізіўся на 18, прадукцыйнасць працы вырасла на 34. Прыбаўка ў рэалізацыі малака склала 1 млн 368 тыс. з ростам 36 працэнтаў, жывёлы і птушкі – 506 тыс. тон. Рэнтабельнасць аграпрамысловага комплексу ўзнялася з 3 да 36 працэнтаў. Зарплата на сяле вырасла ў 1,5 раза, дасягнуўшы 93 працэнты ад сярэдняй па рэспубліцы. Усе раней стратныя гаспадаркі сталі працаваць з прыбыткам.

Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў 1983–1987 гадах Беларусь была прызнана безумоўнай пераможцай.

Ужо ў першыя гады савецкай улады разгарнулася шырокамаштабная кампанія па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нашай краіне не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Затое пасля развіццё навукі і адукацыі атрымала небывалы раней размах.

У 1921-м, яшчэ ва ўмовах ваеннага становішча, быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адметна, што яго фінансаванне складала галоўны радок рэспубліканскага бюджэту. А потым – стварэнне Інбелкульта, Акадэміі навук, мностваў ВНУ. Мінск стаў адной з навуковых сталіц СССР.

Сваю творчасць у паслякастрычніцкі перыяд прадоўжылі Купала і Колас. А яшчэ расцвіў талент Лынькова і Куляшова, Макаёнка і Панчанкі, Быкава і Шамякіна… Гэты спіс вялікіх творцаў можна працягваць. Дзяржава выдзяляла вялікія сродкі на падтрымку культуры. У прыватнасці, практычна нанова быў створаны нацыянальны тэатр, як драматычны, так і музычны.

Менавіта Кастрычнік 1917-га навучыў людзей рашуча ісці да пастаўленай мэты, імкнуцца да лепшага, самастойна клапаціцца пра лёс Айчыны. Ён выхаваў  мужныя, працалюбівыя, мудрыя і моцныя духам пакаленні, якія з вялікім энтузіязмам увасаблялі ў жыццё мару аб усеагульнай роўнасці, дабрабыце. А потым, у суровых саракавых, сталі ў такім жа адзіным парыве на абарону Радзімы. Пераадолець фашызм удалося ў значнай ступені дзякуючы камуністычнай партыі і камсамолу, якія садзейнічалі развіццю ўсенароднага супраціўлення. І вораг адчуваў сілу людзей, якія ў самы цяжкі час згуртоўвалі воінскія калектывы, вялі за сабой.  У імя ідэалаў, зацверджаных Кастрычнікам, здзяйсняліся і ратныя, і працоўныя подзвігі. Значыць, без яго не было б і Вялікай Перамогі.

А сёння з упэўненасцю можна сказаць: сучасная рэспубліка – прамы пераемнік БССР. Уласцівыя нашаму грамадству мір, стабільнасць і згода – заканамерны вынік таго, што мы не адхілілі заваёў Кастрычніка, не здрадзілі ідэалам раўнапраўя, справядлівасці і бескарыслівага служэння Айчыне.

Ёсць, вядома, прыхільнікі і іншай версіі атрымання першай беларускай дзяржаўнасці – той, калі частка інтэлігенцыі ў перыяд нямецкай акупацыі паспрабавала заснаваць Беларускую Народную Рэспубліку. Аднак капітуляцыя Германіі, прайграўшай у Першай сусветнай вайне, не дазволіла ажыццявіцца гэтым калабарацыянісцкім планам.

У суровыя саракавыя, падчас ужо Вялікай Айчыннай, многія з тых, хто аддаваў перавагу стварэнню БНР, палічылі за лепшае служыць акупантам. А пасля разбурэння СССР і атрымання замест сацыялістычнага суверэнітэту ў Саюзе буржуазнага па-за ім, была новая спроба стварыць нацыяналістычную дзяржаву з мэтай уваходжання ў блок НАТА. Ды на рэферэндуме 1995 года беларускі народ выбраў іншы лёс: выказаўся за вяртанне савецкіх сімвалаў і захаванне эканамічных і палітычных сувязей з Расіяй.

Ад Кастрычніцкай рэвалюцыі нас аддзяляе 108 гадоў, за якія, безумоўна, дадзена нямала розных ацэнак тым падзеям. Час змяніў погляды на іх, унёс супярэчнасці ў асэнсаванне. Але бясспрэчным застаецца адно: яны былі непазбежныя. Як заканамерная вяха ў гістарычным развіцці, абумоўленая доўгімі і пакутлівымі пошукамі шляхоў дасягнення грамадскага прагрэсу. Як імкненне мільёнаў людзей да пераўтварэнняў на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і калектывізму.

І нельга, безумоўна, не прызнаць: драматычныя факты таксама былі – гісторыю не намалюеш толькі чорнымі ці светлымі фарбамі. Але менавіта ў праўдзе аб мінулым з яго дасягненнямі і горкімі ўрокамі – сіла нацыі. Гэта тое, што дае нам бясцэнны вопыт, што нас вучыць і робіць мацнейшымі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.