З прагай да вучобы і працы. Пра жыццё Уладзіміра Карпава на Камарыншчыне

Грамадства

Значны ўклад у пасляваенную беларускую прозу ўнёс таленавіты мастак слова Уладзімір Карпаў, жыццё якога звязана з нашым раёнам.

Пераехаў ён сюды разам з маці ў 1921 годзе з волжскага гарадка Хвалынска Саратаўскай вобласці. Там ён нарадзіўся, бачыў рэвалюцыю і грамадзянскую вайну. А змяніць месца жыхарства сям’ю прымусіў голад.

«Маці мая – самаахвярная, цярплівая жанчына – працавала выхавальніцай у дзіцячым доме, і, можа, толькі гэтая акалічнасць выратавала нас. Голад наваліўся на спустошаны вайною гарадок адразу, як толькі завітаў у Паволжа. Як ні дзіўна, першымі пачалі паміраць сыцейшыя. Бацька пакінуў нас даўно. Апрача мяне, на матчыным гарбе сядзелі яшчэ двое – старэйшы брат і сястра. Таму, натуральна, мы не маглі быць сытымі. Дый дзіцячаму дому сёе-тое ўсё ж перападала», – пісаў у сваёй аўтабіяграфіі Уладзімір Карпаў.

Калі стала зусім цяжка, дзіцячы дом эвакуіравалі ў Гомель. Так будучы пісьменнік трапіў у Беларусь. Сям’я пераехала на Камарыншчыну.

«Нельга сказаць, што жыццё ў прыдняпроўскай вёсцы Ёлча было вельмі лёгкае. Дзевяцігадовым хлапчуком я пасвіў вясковых свіней, вадзіў на начлег чужых коней. Але дабрату і спагаду ёлчанскіх кабет, сваю першую настаўніцу Марыю Ёсіпаўну Шастаковіч заўсёды буду ўспамінаць з удзячнасцю», – адзначаў пісьменнік.

Сваёй альма-матэр ён называў менавіта Ёлчанскую школу, дзе пачаў разумець геаграфічную карту, адчуў асалоду ад таго, што малюе, і «дзе стаяла нефарбаваная драўляная шафа з кнігамі, якія з захапленнем чытаў пры цьмяным святле камінка».

«Што я вынес з сярэдняй школы? – разважаў пісьменнік. – Перш за ўсё прагу да работы, веру ў дабро і бязмежную адданасць часу, жыццю».

І сапраўды, Уладзімір не цураўся ніякай працы. Адразу ж пасля школы, якую закончыў на выдатна, ён падаўся ў Рэчыцу, каб, як і брат, уладкавацца на лесапільны завод, – для гэтага прыпісаў сабе год. І ў свае сямнаццаць, адпрацаваўшы поўную змену, калі не хапала рабочых рук, грузіў вагоны лесам, прымаў удзел у суботніках ці завіхаўся на лесаскладзе каля штабялёў дошак.

Яго захапленнем заставаліся кнігі: «Помню, як, адчыніўшы нефарбаваную скасабочаную шафу, Марыя Ёсіпаўна выдавала іх нам, віхрастай дзятве, беражліва беручы з палічкі…»

І ў школе, і на лесапільным заводзе яго прыцягвала бібліятэка.

У 1932 годзе памёр брат, і Уладзімір гэта цяжка перажыў. Ён пакінуў Рэчыцу і вярнуўся да маці ў Камарын. І зноў аддаў перавагу не вучобе ў інстытуце, а працы: якраз пачалі бурна расці школы і не хапала кадраў. На Камарыншчыне Карпаў пачаў настаўнічаць.

«Гэта былі слаўныя гады – гады гарэння, самаадданай працы, падрыхтоўчых і перападрыхтоўчых курсаў. Вучні, школа, грамадская работа… Штудзіраваў методыку, складаў планы, даваў практычныя ўрокі, займаўся з адстаючымі», – успамінаў майстар слова.

Вышэйшую адукацыю ён атрымаў завочна: у 1941 годзе экстэрнам закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Мінска працаваў у рэдакцыях газет «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», а з 1947-га па 1960 год загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя».

Літаратурную дзейнасць Уладзімір Карпаў пачаў як крытык. Яго першым значным празаічным творам з’яўляецца аповесць на аснове перажытага ў гады вайны «Без нейтральнай паласы» (1950).

Пазней выйшлі з друку раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971) (аб’яднаны ў цыкл «На перавале стагоддзя»). Творы прысвечаны барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасляваеннаму жыццю рабочых і інтэлігенцыі. Апошняя кніга пісьменніка – зборнік апавяданняў і дакументальных навел пра мінскае падполле «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976).

За баявыя і працоўныя заслугі Уладзімір Карпаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр пісьменнік 6 жніўня 1977 года. Яго імем названа вуліца ў Мінску і бібліятэка ў Камарыне.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.