Нашых думак уток і аснова. Найвялікшае багацце, якое патрэбна шанаваць, – родная мова

Грамадства

Прыгожая, пявучая, неверагодна паэтычная і меладычная – усе гэтыя эпітэты яскрава характарызуюць нашу беларускую мову. Яна ўвабрала ў сябе гул дуброў і лясоў, шэпт спелых каласоў з вятрамі ў полі, усе здабыткі і векавы вопыт народа.

Чаму мне падабаецца размаўляць на ёй? Па-першае, я люблю сваю краіну і паважаю сваіх продкаў. Па-другое, родная мова вельмі сакавітая і каларытная. Яна – спадчына і карані народа. Адсячыце іх – і дрэва загіне.

Мы, выхадцы з вёсак, выхоўваліся на глебе мясцовага фальклору: калыханках і казках, прыказках і прымаўках. А размаўлялі звычайна на «трасянцы». Блізкія нам і дыялектныя словы.

На ўсё жыццё ў памяці засталіся такія мілыя сэрцу бабуліны выказванні: «пайшлі есці яешню», «а мо ты будзеш квасоўку?», «нягадкі, набіла ўжо свой коўбік», «вазьмі дзяркач ды падмяці масты». У той час кожная сям’я мела сваю гаспадарку, агарод. Дзеці дапамагалі «порацца», умелі карыстацца «капачкай» і «заступам». Калі патрэбна было адысці недалёка ад хаты, дзверы зачынялі «на клямку». А як мы чакалі «палучку», каб на «пасажырцы» паехаць з матуляй у райцэнтр! Гэта ўсё яна, родная мова, мова маіх продкаў – прыгожая і незвычайная.

З якой пяшчотай і цеплынёй гаварылі пра яе пісьменнікі і паэты! Не могуць не кранаць сэрца вершаваныя радкі Пімена Панчанкі:

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю –
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Ужо далёка за плячыма школьная пара, вучоба на філалагічным факультэце, але я і цяпер з задавальненнем перачытваю творы Івана Мележа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, лірыку нашых класікаў. Магчыма, любоў да роднага слова, да чытанння на беларускай мове дазволіла добра засвоіць граматыку.

Сёння наша жыццё змянілася і дыктуе новыя правілы. Адным з іх з’яўляецца веданне замежных моў. Гэта, безумоўна, карысна і перспектыўна. Але я лічу, што кожны чалавек, які паважае сябе і свой народ, у першую чаргу павінен добра ведаць родную мову. І пачынаць вывучаць яе патрэбна з маленства, у асяроддзі блізкіх. Ды ці ў кожнай сучаснай беларускай сям’і знойдуцца кнігі, часопісы для дзяцей з казкамі, вершамі на роднай мове? Ці гучыць хоць калі-некалі такое цёплае і ветлівае «калі ласка», «дзякуй»?.. Выхаванне павінна грунтавацца на сваім, на родным – гісторыі, культуры, традыцыях, духоўных набытках.

Памятаю, як мае дзеці збіраліся ў садок «па-беларуску». Слоўнікавы запас дашкалят папаўняўся такімі словамі, як шкарпэткі, кішэнька, каўнерык, боцікі, насоўка, гузік… У гульнёвай форме разам гатавалі ежу. Назвы садавіны, гародніны, электрапрылад дзеці запаміналі хутка. Займаючыся рамонтам кватэры, разам з бацькамі разбіраліся, якія патрэбны цвікі, фарбы, дошкі, шпалеры. Асабліва падабаліся дзецям прагулкі па вуліцах Брагіна, у час якіх знаёміліся з помнікамі, назвамі тых ці іншых аб’ектаў, дрэў у парку, птушак. Пры гэтым размова на беларускай мове не навязвалася.

Патрэбна прызнаць: ва ўстановах адукацыі, дзе школьныя прадметы выкладаюцца па-руску, родная мова многім вучням даецца цяжэй. Каб выправіць гэта, мы ў нашай сям’і дамовіліся: у суботу і нядзелю, у святочныя дні будзем размаўляць толькі па-беларуску. Дзеці з ахвотай прынялі такую прапанову, і цяпер кожны выхадны ў нас пачынаецца з прывітання: «Добрай раніцы!» Яны не толькі размаўляюць па-беларуску, але і чытаюць творы, глядзяць фільмы на роднай мове. Заканчваецца дзень звычайнымі пажаданнямі добрай ночы і прыемных сноў. Такія цёплыя, мілагучныя словы… Асабліва калі гучаць яны з вуснаў родных, блізкіх і знаёмых людзей.

Таццяна ЦІШКЕВІЧ,
прыёмная маці аддзела адукацыі

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.