Памяць – зброя супраць забыцця: якім быў лёс былога вязня фашысцкіх канцлагераў Васіля Чырціка

Галоўнае Грамадства

Кожны трэці забіты. Нібы набат, гэта гучыць над беларускай зямлёй. Тры мільёны загубленых жыццяў, амаль 13 тысяч знішчаных вёсак, каля 600 лагераў смерці – такія вынікі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Работнікі пракуратуры год за годам выяўляюць новыя факты зверстваў, учыненых гітлераўцамі на беларускай зямлі. Праца карпатлівая, але неабходная: аднаўленне з забыцця імя кожнага, хто загінуў, – не проста расследаванне, а абавязак перад продкамі.

Гісторыя расследавання бярэ свой пачатак яшчэ ў лістападзе 1942 года. У той час на тэрыторыі ўсіх савецкіх рэспублік былі створаны надзвычайныя камісіі, якія па гарачых слядах фіксавалі звесткі аб злачынствах гітлераўцаў, устанаўлівалі асоб катаў, падлічвалі нанесены ўрон. Важна адзначыць, што менавіта дакументы гэтых камісій сталі аднымі з ключавых доказаў абвінавачвання на Нюрнбергскім працэсе, дзе нацысцкія злачынцы паўсталі перад судом.

З моманту заканчэння вайны прайшло 80 гадоў, але праца па ўстанаўленні новых фактаў генацыду працягваецца. Так, крымінальная справа была ўзбуджана пракуратурай Брагінскага раёна. Сёння ў якасці сведак выступаюць тыя, хто ў гады акупацыі былі яшчэ дзецьмі, але назаўсёды захавалі ў памяці жахі вайны.

Васіля Чырціка, былога вязня канцлагера, сёлета не стала. Але захаваліся яго паказанні, дадзеныя работнікам пракуратуры. Жыццё гэтага чалавека, нібы асколак разбітага люстэрка, адлюстроўвае трагедыю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай.

Выратаванне ад згубы

Нарадзіўся ён у 1933 годзе ў вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна. У дакументах, праўда, значыцца 1934-ты. Гэта была вымушаная мера: немцы вывозілі ў Германію як дарослых, так і дзяцей, але тых, каму сем и менш гадоў, не чапалі. Каб выратаваць хлопчыка, бацькі пайшлі на падман.

Васіль Паўлавіч памятаў той летні дзень 1941 года, каді прыйшла страшная вестка. Дарослыя працавалі ў полі, на сенажаці, а дзеці гулялі. У пэўны момант бачаць карціну: бягуць і плачуць спужаныя людзі, крычаць: «Вайна!» Мужчын адразу ж мабілізавалі і адправілі ў Лоеў, у рады Чырвонай арміі, а жанчыны з дзецьмі, пенсіянеры пакідалі вёску, ратуючыся ад немінучай згубы.

Пра тое, як першыя нямецкія салдаты з’явіліся ў Бывальках, Васіль Паўлавіч расказваў:

– Спачатку прыехалі на матацыкле, а мы, дзятва, і не ведалі, што гэта такое. Потым прыбыў цэлы эскадрон. Ішлі яны важна: рукавы закасаныя, кіцелі расшпіленыя, на грудзях – аўтамат. Ідуць, іграюць на губным гармоніку, а людзі хаваюцца.

У 1941 годзе загінуў бацька Васіля, Павел Іванавіч, які працаваў кухарам. Маці, Фядора Прохараўна, засталася адна з трыма дзецьмі.

Голад, страх і смерць

Улетку 1943 года ў Бывалькі прыбыла вялікая колькасць нямецкіх салдат. Вёску ператварылі ва ўмацаваны пункт, дамы разбіралі на бункеры. Суседзяў, якія дапамагалі партызанам, расстрэльвалі. Васіль Паўлавіч расказваў, як пакаралі суседку за дапамогу тым, хто хаваўся ў лесе:

–  У тыя часы ў нашых лясах шмат партызан было. Былі і тыя, хто проста хаваўся ад немцаў, кармілі ўсіх. Вось і суседка дапамагала. Даведалася пра гэта аднавяскоўка і перадала ўсё немцам. Яны прыехалі і пытаюцца: «Партызан быў?» Калі чулі ад немцаў слова «партызан», то гэта азначала, што жывым ты ад іх ужо не выйдзеш. Спачатку яны акружалі дом, а потым прыязджала машына, якая забірала. Так акупанты прыехалі і да суседкі, але ў той томант яе дома не было, былі бацькі. Вывелі іх з хаты і расстралялі. Суседку тады хутка знайшлі, яе свае ж і выдалі. Забралі яе ў машыну, адвезлі ў Брагін і расстралялі. Асабліва не любілі немцы яўрэяў і цыган.

Аднойчы, калі Васіль пас коней, нямецкая калона трапіла ў засаду партызан. Каб адпомсціць, карны атрад акружыў і спаліў вёску Сінск, а яе жыхароў адправілі ў Германію.

Увосень таго ж года сям’я Васіля сышла ў лес. Там людзі абсталявалі зямлянкі і печы. Але немцы хутка знайшлі іх прытулак і павялі ўсіх у Грохаў, дзе дапытвалі. Затым з-за ўспышкі тыфу людзей перамясцілі бліжэй да лініі фронту, а пасля – у вёску Іванькаў, дзе трымалі ў жудасных умовах.

– Нас загналі ў хлеў, потым прывезлі яшчэ некалькіх жанчын. У адной з іх на руках была дзяўчынка з адсечанымі пальцамі, – успамінаў Васіль Чырцік. – Аднойчы да нас зайшоў мужчына і расказаў, што заўтра ў немцаў будзе перазменка, таму ёсць шанц збегчы. Паказаў нам у хляве гнілое палена, праз якое можна выбрацца. Ён удакладніў, што на варотах замок, але вартавога ў гэты час не будзе. Усе мы так і зрабілі. Ды ўцячы не паспелі – па дарозе нас забрала нямецкая машына і павезла ў Мікулічы.

Былі палонныя там некалькі тыдняў. Дарослыя ў гэты час працавлі, а дзеці сядзелі ў хляве. Потым іх накіравалі ў Хойнікі, а праз некалькі дзён ужо гналі ў Калінкавічы. Пасялілі ў барак. Будзілі людзей у 6 раніцы, кармілі адзін раз у дзень бульбянымі ачысткамі з мукою і чэрствым хлебам.

Узімку палонных сабралі ў балоце, абгароджаным калючым дротам.

– Гналі нас да яго канваіры з сабакамі кіламетраў 15. Прабылі ў гэтым пекле мы, можа, тыдзень. Памятаю, прайшоў да куста, а там сядзіць жанчына з зялёнымі вачыма, якая двух дзяцей абняла. Я глянуў – а яны мёртвыя, і сама яна нежывая. Страх… – узнаўляў у памяці карціны тых часоў Васіль Паўлавіч.

Ад холаду, голаду і хвароб людзі паміралі прама на месцы.

«Гут кіндар» і пекла «Краснага берага»

Вясной 1944 года Васіля разам з іншымі дзецьмі сагналі ў канцлагер «Красны бераг» Жлобінскага раёна, які размяшчаўся ў будынку сельскагаспадарчага тэхнікума. Там было каля паўтары тысячы дзяцей.

Перад аглядам іх распраналі, аблівалі спецыяльным растворам і стрыглі нагала. Падчас медагляду нямецкі лекар сказаў пра Васіля «гут кіндар» (добрае дзіця) і павесіў яму на шыю бірку з нумарам 6.

– У «Красным беразе» я быў адзін са сваёй сям’і, – расказваў Васіль Чырцік. – Маці забралі ў Рагачоў акопы капаць, а сястру і брата адвезлі ў нейкую вёску, дзе яны пэўны час жылі.

Дзяцей кармілі адзін раз у дзень, пасля чаго бралі кроў для патрэб нямецкай арміі. Шмат хто не вытрымліваў, паміраў.

Летам 1944 года камендант лагера пацікавіўся ў Васіля, колькі яму гадоў. Даведаўшыся, што хлопчыку восем, сказаў: «А почему не семь? Хочешь в великая Германия?» Так дзяцей рыхтавалі да адпраўкі на чужбіну, але савецкія войскі прадухілілі гэта: разбамбілі чыгуначны вузел, каб не дапусціць вывазу. Падчас адной з бамбёжак хлопец атрымаў раненне ў галаву.

Вызваленне

Пасля вызвалення Васіль разам з іншымі дзецьмі вярнуўся ў родныя мясціны. Неўзабаве сустрэўся з маці, з сястрой і братам.

Вайна пакінула глыбокі след. Васіль Чырцік перажыў голад, страх, прыніжэнне і смерць блізкіх. Яго гісторыя – напамін пра тое, якой цаной дасталася перамога ў Вялікай Айчыннай вайне.

– Сёння такія ўспаміны дапамагаюць аднавіць праўду пра трагічныя падзеі тых гадоў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, – адзначае намеснік пракурора Брагінскага раёна Віктар Ігнаценка.

Памяць жывая.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.