У ДЮСШ Брагінскага раёна прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболе на Кубак імя П.І. Шпетнага – хто перамог

Грамадства Спорт

Чатыры каманды – РАУС, «Дублін», «Легіён» і Камарынскі лясгас – сышліся ў барацьбе за пачэсны трафей, падарыўшы балельшчыкам яркія эмоцыі.

У першым туры спаборніцтваў адразу ж сенсацыя: каманда РАУС у напружаным паядынку вырвала перамогу ў «Дубліна» з лікам 5:4. Яна прадэманстравала добрую тэхніку, а сапернікам не хапіла ўсяго аднаго забітага мяча, каб зраўняць лік.

Супрацьстаянне «Легіёна» і Камарынскага лясгаса таксама трымала балельшчыкаў у напружанні. Першы праявіў характар, захоўваў ініцыятыву на працягу ўсёй гульні і заслужана перамог з лікам 4:2.

Выпрабаваннем на трываласць для РАУС стала гульня супраць «Легіёна». Апошні, нягледзячы на другі матч запар, не даў шанцу сапернікам, разграміўшы іх з лікам 9:2.

А вось «Дублін» не змог рэабілітавацца пасля паражэння ў першым туры і саступіў у абедзвюх наступных гульнях. Спачатку ён прайграў лясгасу з лікам 3:8, а затым «Легіёну» – 3:9, заняўшы ў выніку апошняе месца.

Кульмінацыяй турніру стаў фінал, у якім сустрэліся «Легіён» і Камарынскі лясгас. Напружанне на полі было настолькі высокае, што, здавалася, нават паветра загусцела. Абедзве каманды прагнулі перамогі, і барацьба за кубак вялася да апошняй секунды. У вырашальны момант фартуна ўсміхнулася футбалістам «Легіёна», якія  сталі ўладальнікамі пачэснага трафея. Бронзавыя медалі турніру дасталіся спартсменам РАУС.

Варта адзначыць, што летась кубак заваяваў Камарынскі лясгас, а «Легіён» заняў другое месца. Такім чынам, «Легіён» не толькі ўзяў рэванш за мінулагодні правал, але і даказаў сваё лідарства грунтоўнай працай над памылкамі і ўдасканаленнем майстэрства.

– Яны заслужылі гэтую перамогу сваёй упартай працай, – падкрэсліў старшы інспектар райвыканкама Юрый КРЫВАРУЧКА. – Прыемна адзначаць, што ўзровень гульні ў раёне расце. Радуе і павышаная цікавасць да гэтага віду спорту, што сведчыць аб яго папулярнасці сярод насельніцтва.

Адной з адметнасцей турніру стаў удзел у ім моладзі. Многія спартсмены, якія выступаюць за прафесійныя клубы, знаходзяць час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму, каб падтрымаць мясцовыя каманды, даць ім дадатковы рэзерв і натхненне. Гэта сведчыць аб вялікім жаданні ўнесці ўклад у развіццё спорту на Брагіншчыне.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.