Вялікія людзі малой радзімы. У Дзень беларускай навукі расказваем пра вучоных – ураджэнцаў Брагіншчыны

Галоўнае Грамадства

Прага да ведаў, пазнание новага, імкненне да творчасці ўласціва кожнаму, кто ідзе ў нагу с часам і ўносіць свой уклад у развіццё краіны, клапоціцца пра яе будучыню. Таму можна сказаць, што Дзень беларускай навукі, які мы сёлета сустракаем 25 студзеня, – свята ўсіх. Без яе няма ніякага прагрэсу. А значыць, ёсць добрая нагода прасачыць за адкрыццямі мінулых гадоў і сучаснымі вынаходкамі, прыгадаць людзей, якія дзякуючы свайму розуму, высокаму інтэлекту і няспыннай дзейнасці на карысць грамадства атрымалі шырокае прызнанне. І сёння – пра двух такіх выхадцаў с Брагіншчыны.

Этнолаг і гісторык

Вёска Нежыхаў – адна з тых, што апусцелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Зараз яна знаходзіцца ў зоне адсялення. А ў 1936 годзе менавіта там у сялянскай сям’і нарадзіўся будучы этнолаг і гісторык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Піліпенка.

Пра дзяцінства, абпаленае вайной, ён успамінаў з болем:

– Немцы прыйшлі ў першы раз вялікай групай у вёску. Усіх сагналі ў адну хату, трымалі вельмі доўга, а потым хацелі спаліць… Прайшло некалькі месяцаў. Мы зноў убачылі немцаў у вёсцы. На гэты раз яны прыехалі ўжо з пэўнай мэтай – гэтую вёску знішчыць, а людзей забіць… Усе пабеглі ў той канец вёскі, дзе хаты яшчэ не гарэлі. Я быў зусім малы. Мы скіраваліся праз хмызнякі і ўбачылі, як усё гарыць… Вярнуліся… і ніводнай хаты. Людзі, якія не збеглі, былі забіты: жанчыны, дзеці, старыя. Я нават пах смерці адчуваў. Засталося гэта на ўсё жыццё.

Пасля вызвалення Беларусі Міхаіл Фёдаравіч апынуўся ў дзіцячым доме за пяць кіламетраў ад Брагіна. У школе (скончыў Малейкаўскую сямігодку) было па сорак чалавек у класе, адзін буквар – на ўсіх. Але гэта не стала перашкодай вучыцца на выдатна. Цяжкасці не азлобілі, а, наадварот, дапамаглі пераканацца: менавіта адносіны да жыцця і настрой чалавека вызначаюць яго лёс.

Маючы на руках пахвальную грамату, што ў той час было вялікай рэдкасцю, Міхаіл падаў дакументы ў Мазырскае педагагічнае вучылішча. А пасля яго заканчэння стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ, дзе яго і захапіла навуковая дзейнасць. Ды настолькі, што пасля адпрацоўкі ў школах Віцебскай і Гомельскай абласцей вырашыў паглыбіць свае веды па гісторыі і прадоўжыць навучанне ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава.

З 1967 года Міхаіл Фёдаравіч працаваў на гістарычным факультэце БДУ. У 1994–2004 гг. – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. З 2004-га – галоўны навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Вобласць навуковых інтарэсаў – даследаванне пытанняў гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейнага побыту, народных звычаяў і абрадаў, рэлігійных вераванняў.

Менавіта Міхаіл Фёдаравіч аб’яднаў калектыў інстытута вакол падрыхтоўкі шматтомнай серыі «Беларусы», якая атрымала шырокае прызнанне не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Ён з’яўляецца аўтарам і членам рэдкалегіі розных энцыклапедычных выданняў: «Беларускай энцыклапедыі» ў 18 тамах, «Гарады і вёскі Беларусі» ў 6 тамах, «Беларускі фальклор» у 2 тамах, «Гісторыя Беларусі» ў 6 тамах, «Этнаграфія Беларусі». Аўтар звыш 100 навуковых прац. З’яўляўся членам навукова-рэдакцыйных саветаў, рэдакцыйных калегій і навуковым кансультантам шэрагу рэспубліканскіх часопісаў, сярод якіх «Беларускі гістарычны часопіс», «Роднае слова» і інш. А таксама членам экспертнага савета па рэлігіі пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў і 3 дактароў навук.

Не стала Міхаіла Фёдаравіча 6 красавіка 2025 года.

 

Выдатнік асветы БССР

Малая радзіма вучонага ў галіне педагогікі і мовазнаўства, доктара філалагічных навук, прафесара, выдатніка асветы БССР Васіля Протчанкі – вёска Зарэчча.

Нарадзіўся ён там у 1930 годзе. Пасля вайны скончыў Зарачанскую сямігодку, потым – педвучылішча і педінстытут у Мазыры. Працоўную дзейнасць пачынаў на Брагіншчыне, таму непадробную цікаваць выклікаюць яго ўспаміны пра першыя гады настаўніцтва.

«Мяне, выпускніка Мазырскага педвучылішча, у жніўні 1949 года Брагінскі райана назначыў загадчыкам і настаўнікам Катловіцкай пачатковай школы. У школах у той час вучыліся дзеці вайны, пераважна сіроты. Прыніжала жудасная беднасць, галеча, маральная і бытавая неўладкаванасць. Толькі за адну зіму ад хваробы памерлі трое трэцякласнікаў, годам раней некалькі дзяцей падарваліся на міне. Людское гора адазвалася ў сэрцы, абвастрыла пачуцці, навучыла адчуваць боль ад чужых пакутаў, павысіла адказнасць за лёс, здароўе, спакой і жыццё дзяцей – самага дарагога, што даручылі настаўнікам удовы вайны.

Неўзабаве наладзілася праца. Удалося прывесці ў парадак школу: патынкаваць пакоі, зрабіць прыбудову, каб дзецям было дзе распрануцца, абсталяваць класы партамі, укамплектаваць бібліятэку. Дапамаглі характар, сельскі Савет, калгас і вяскоўцы.

… У жніўні 1950 года Палескі аблана назначыў мяне намеснікам дырэктара Брагінскага дзіцячага дома. Гэтая ўстанова таксама знаходзілася ў бядотным становішчы: каля двухсот дзяцей размяшчалася ў трох сялянскіх хатах і клубным памяшканні разбуранага крухмальнага завода. Адчуваліся перабоі ў забеспячэнні харчаваннем, не хапала адзення, бялізны. Панавала запушчанасць у арганізацыйна-педагагічнай рабоце. Праблему ўскладняла недакамплектаванасць установы кваліфікаванымі кадрамі. Дзіцячы дом знаходзіўся ў вёсцы.

… Нягледзячы на тое, што сядзіба бацькоў знаходзілася на адлегласці да чатырох кіламетраў, начаваў я ў дзіцячым доме. Свой пакойчык ніколі не замыкаў. Працаваў з шасці раніцы да позняй ночы. Толькі той, хто разумее, што такое трыццаць дзяцей у сялянскай хаце, дровы і печ у адным пакоі, можа ўявіць умовы працы…»

Нават калі дзіцячы дом расфарміравалі, Васіль Ульянавіч падтрымліваў сувязь з яго выхаванцамі, удзельнічаў у вырашэнні іх праблем. Працаваў настаўнікам, завучам Савіцкай, а потым дырэктарам Брагінскай сярэдняй школы №1, самай вялікай у раёне, першай, што перайшла на 11-гадовае прафесійна накіраванае навучанне. У 1959 годзе паступіў у аспірантуру Белдзяржуніверсітэта. Хацеў папоўніць веды і зноў вярнуцца ў школу. Але лёс распарадзіўся інакш: заняўся навукова-асветніцкай дзейнасцю.

У 60-х – пачатку 70-х Васіль Ульянавіч працаваў намеснікам дэкана факультэта для замежных грамадзян БДУ, дэканам філалагічнага факультэта Мазырскага педінстытута, загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры Мінскага абласнога інстытута ўдасканальвання настаўнікаў. Больш за тры дзясяткі гадоў аддаў рабоце ў Нацыянальным інстытуце адукацыі (раней называўся Навукова-даследчым інстытутам педагогікі), з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Беларуская мова і літаратура».

Пaтpaбaвaльны дa cябe, ён был дacтaткoвa пaтpaбaвaльным i дa iншыx, aлe гэтaя якacць ягo xapaктapy cпaлyчaлacя з пaвaгaй дa acoбы, вepaй y нeвычэpпныя чaлaвeчыя мaгчымacцi, зыxoдзiлa выключнa з пpaфeciйныx i мapaльныx кpытэpыяў, якiм ён нiкoлi нe здpaджвaў.

Васіль Протчанка – аўтар звыш ста навуковых прац па праблемах удасканальвання зместу школьнага курса роднай мовы, распрацоўкі і ўкаранення ў педагагічную практыку найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання. У ліку яго кніг – «Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ» (1984), «Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ» (1989), «Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы» (1987), «Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове» (2001) і інш.

Сярод атрыманых узнагарод – медалі Францыска Скарыны, «За працоўныя заслугі», «Ветэран працы».

Памёр наш знакаміты зямляк 23 лютага 2002 года, але і сёння застаюцца актуальнымі яго словы пра сувязь пакаленняў і высакародную справу настаўніка:

«Пазбавіўшыся этнічнай памяці, чалавек становіцца чужым сярод сваіх. Без традыцый няма сапраўднай культуры, без культуры – духоўнасці, без духоўнасці – выхавання; без выхавання – асобы, а без асобы – культурнага грамадства. Такі закон эвалюцыі стылю мыслення і паводзін людзей. Пра гэта ўсё неабходна памятаць тым, хто служыць педагагічнай прафесіі і займаецца выхаваннем».

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.