Брагінчане прынялі ўдзел у адкрытым турніры па хакеі ў Лельчыцах

Грамадства Спорт

Спаборніцтвы былі прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Удзел у ім прынялі госці пляцоўкі, спартсмены з Мазыра, Століна, а таксама зборная каманда з Брагіна і Хойнік.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама і старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Наталля Шышканава. Яна падкрэсліла важнасць падтрымання здаровага ладу жыцця, адзначыўшы, што зімовыя віды спорту – зарад пазітыву, энергіі і яркіх уражанняў.

– 15 лютага – памятная дата. Няхай на нашай зямлі заўсёды пануюць мір і спакой. Моцнага ўсім здароўя і дабрабыту. Няхай пераможа мацнейшы, – пажадала Наталля Шышканава.

Права адкрыць хакейныя баталіі было прадастаўлена воіну-інтэрнацыяналісту Лельчыцкага раёна Васілю Бугуцкаму.

– Жадаю кожнай камандзе паказаць сваю лепшую гульню, прадэманстраваць майстэрства і волю да перамогі, – адзначыў Васіль Бугуцкі.

Па выніках матчаў перамагла каманда «Гарынь» Столінскага раёна, другое месца заняў Мазыр, «бронзу» заваявалі гаспадары турніру – каманда Лельчыц.

Нягледзячы на адсутнасць прызавога месца, зборная каманда Брагіна і Хойнік атрымала каштоўны вопыт.

– Мы ехалі на турнір з баявым настроем, але, на жаль, не ўдалося ў поўнай меры паказаць свой узровень гульні. Паколькі мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах як зборная двух раёнаў рэдка, нам не хапае згуртаванасці. Тым не менш мы атрымалі вопыт, змагаючыся з моцнымі камандамі. Дзякуй нашым спартсменам і сапернікам за гульню, – адзначыў брагінчанін Данііл Даўжанок.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.