Лёд, шайба і сяброўства: як лядовая арэна ДЮСШ Брагінскага раёна аб’яднала аматараў хакея з некалькіх раёнаў

Грамадства Спорт

Сёлетняя зіма запомніцца брагінчанам не толькі маразамі, але і хакейным ажыятажам. Лядовая арэна ДЮСШ стала цэнтрам спартыўнага жыцця, аб’яднаўшы людзей розных узростаў і прафесій.

Кожныя выхадныя на катку разгортваюцца хакейныя баталіі. Раніцай спартсмены рыхтуюць лёд, а потым наваколле напаўняецца звонам клюшак і скрыгатам канькоў. Ініцыятыва набыла шырокі размах дзякуючы энтузіязму брагінчан і гасцям з Хойнік і Лоева, якія падтрымалі спартыўную традыцыю.

На лёд выходзяць усе – ад школьнікаў, якія робяць першыя крокі ў хакеі, да прадстаўнікоў працоўных калектываў і нават тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Самы малады гулец – 16-гадовы брагінчанін Дзяніс Цалуйка, а самы сталы – 61-гадовы хайнікчанін Сяргей Барысенка.

– Мы гуляем не дзеля галачкі, – дзеліцца зямляк Андрэй Грышаненка. – Хойнікі прыязджаюць з сур’ёзнымі намерамі, іх узровень прымушае нас падцягвацца. У складзе нашай каманды шмат моладзі, якая хоча расці, а не проста катацца.

І сапраўды, таленты ёсць. Данііл Даўжанок і Дзяніс Цалуйка – імёны, вядомыя ў хакейных колах. У 2024 годзе яны сталі трыумфатарамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба».

Андрэй Грышаненка адзначае, што хакейныя традыцыі ў раёне зарадзіліся дзякуючы дырэктару ДЮСШ Уладзіміру Корхаву, які сам выходзіў на лёд разам са сваімі выхаванцамі. Сёння эстафету падхапілі маладыя трэнеры і энтузіясты, якія імкнуцца развіваць гэты від спорту ў раёне.

Данііл Даўжанок адзначае, што ў камандзе да маладых хакеістаў ставяцца з разуменнем і гатоўнасцю дзяліцца вопытам:

– Старэйшыя дапамагаюць, падказваюць. Кожны раз, калі выходжу на лёд, стараюся вучыцца новаму, удасканальваць навыкі.

Сяргей Сарычаў, таксама наш зямляк, дадаў, што камандзе неабходна больш спартсменаў:

– Новыя гульцы – гэта новыя магчымасці. Нам трэба пашыраць каманду, каб гуляць поўнымі пяцёркамі і рабіць замены. І дзе яшчэ адшліфоўваць майстэрства, як не на таварыскіх сустрэчах.

Электрагазазваршчык з ДРБУ-155 Сяргей Марчанка хакеем займаецца з дзяцін-ства, і набытыя навыкі не толькі не забытыя, але і ўдасканальваюцца ў матчах.

– Гульня з хайнікчанамі трымае ў тонусе, – усміхаецца ён.

Хакеісты з суседняга раёна – нашы частыя госці. Як расказаў адзін з іх – Дзмітрый Фешчанка, знаёмства з брагінскімі спартсменамі адбылося дзякуючы Андрэю Грышаненку.

Па словах Дзмітрыя, гульні з землякамі даюць ім практыку і магчымасць адпрацаваць пэўныя моманты і сітуацыі ў гульні.

– Гісторыя нашага хакея пачалася на возеры ў вёсцы Казялужжа, потым трэніроўкі перамясціліся ў Судкава, Храпкаў. Пазней перыядычна трэніраваліся на гарадскім вадаёме. Поле для сустрэч рыхтавалі самі, сваімі сіламі майстравалі пераносныя вароты – усё дзеля любімага захаплення, – расказаў хайнікчанін.

Аматарская каманда суседняга раёна за апошнія некалькі гадоў выйшла на новы ўзровень: цяпер яны ездзяць на таварыскія матчы ў Брагін, Лельчыцы, Светлагорск. Іх гульня – гэта хакей з добрай хуткасцю, сілавымі прыёмамі, снайперскімі кідкамі і азартам. У скарбонцы каманды ўжо ёсць першыя ўзнагароды – падзякі і дыпломы. Але справа, вядома, не ў іх, а ў хобі для душы.

У складзе зборнай – людзі розных прафесій і ўзростаў: дарожны рабочы, настаўнік фізкультуры, кіраўнік КСУП, дырэктар ДТСААФ, бухгалтар, сацыяльны работнік і майстар нафтаперапрацоўчага завода.

Дзмітрый Фешчанка ўспамі-нае, як у 2003 годзе ён пераехаў з Брэсцкай вобласці ў Казялужжа і, убачыўшы на мясцовым возеры групу лю-дзей, якія бегаюць па лёдзе з клюшкамі, не адразу зразумеў, што адбываецца. Яму патлумачылі простыя правілы, далі ў рукі выгнутую лазу, падобную на клюшку, і так пачалася яго хакейная гісторыя.

Яшчэ ў школе настаўнік фізкультуры Аляксандр Вяргейчык казаў Дзмітрыю і яго сябрам, што спорт спатрэбіцца ім у жыцці. Хайнікчанін разумее, што закладзены падмурак суправаджае яго па жыцці, дапамагае як дома, так і на працы.

Аматарская хакейная каманда Хойніцкага раёна збіраецца па першым клічы Васілія Барысенкі. Ён жа стаў ініцыятарам падарунка брагінчанам – новай сеткі для варот – у знак падзякі за магчымасць гуляць на іх пляцоўцы.

Сяргей Барысенка адзначыў, што яму вельмі падабаецца прыязджаць у Брагін, дзе моладзь гуляе з азартам і праяўляе ініцыятыву:

– Гэтыя сустрэчы даюць магчымасць спартсменам памерацца сіламі, балельшчыкам – атрымаць асалоду ад відовішчнай гульні, але самым важным вынікам з’яўляецца ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж жыхарамі нашых раёнаў.

Першы сур’ёзны старт для землякоў і суседзяў пройдзе ў бліжэйшыя выхадныя ў Лельчыцах. Там яны прымуць удзел у адкрытым турніры па хакеі з шайбай сярод мужчынскіх аматарскіх каманд, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Данііл Даўжанок лічыць, што гэта дае стымул расці і імкнуцца да большага, а таксама каштоўны вопыт.

– Калі ўвесь час гуляць з аднымі і тымі ж спартсменамі, то прагрэсу не будзе. Узровень сапернікаў высокі, напрацаваны гадамі. На матч паеду з баявым настроем, бо будуць і іншыя каманды. Для мяне гэта добрая магчымасць навучыцца новаму і паказаць свае сілы, – заключае Данііл.

Для нашых спартсменаў гульня з Лельчыцамі будзе не першай.

– Мы ўжо сустракаліся з сапернікамі. Матч атрымаўся дынамічны. Нам далі магчымасць пагуляць на іншай пляцоўцы, сустрэцца з новымі сапернікамі. Геаграфія нашых матчаў расце, – адзначыў Сяргей Марчанка.

У Брагіне і Хойніках хакей – не пра славу, а пра жыццё. Ён вучыць планаваць час, шанаваць здароўе і знаходзіць радасць у звычайным. Пакуль лёд трымаецца, прыхільнікі актыўнага ладу жыцця будуць аб’ядноўваць людзей вакол сябе. Наперадзе – новыя матчы, новыя перамогі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.