
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г.п. Брагіна чацвёрты год працуе група кароткачасовага знаходжання «Матчына школа» – стартавая пляцоўка ў свет адукацыі і сацыялізацыі. Менавіта тут, пад кіраўніцтвам педагогаў, ствараецца камфортнае асяроддзе для дзяцей да двух гадоў і іх бацькоў.
Асноўная мэта – дапамагчы дзяўчынкам і хлопчыкам набыць першыя навыкі зносін і адчуць сябе ўпэўнена ў калектыве. Для бацькоў жа гэта магчымасць паназіраць за сваім дзіцём у новай абстаноўцы, ацаніць педагагічныя падыходы і наладзіць кантакт з установай.
Заняткі праходзяць кожную сераду пад кіраўніцтвам Анастасіі Герасіменкі, працягваюцца не больш за дзве гадзіны – аптымальны час для юных даследчыкаў. Праграма распрацавана з улікам узроставых асаблівасцей. Акрамя заняткаў, хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць час на свежым паветры, даследуюць навакольны свет у руху. З будучымі выхаванцамі займаецца і музычны кіраўнік.

Важны аспект – комплексны падыход. У працы з дзецьмі задзейнічаны дэфектолаг і псіхолаг. Гэта дазваляе выявіць асаблівасці ў развіцці і пры неабходнасці аказаць своечасовую дапамогу, паспрыяць гарманічнаму росту кожнага дзіцяці.
Спектр напрамкаў работы ў «Матчынай школе» шырокі: ад пазнання навакольнага свету да развіцця мовы, мастацкай, музычнай і фізічнай дзейнасці. Акрамя таго, бацькі атрымліваюць педагагічныя парады, што робіць працэс сумеснага навучання максімальна эфектыўным.
– Праграма не патрабуе ад бацькоў спецыяльных навыкаў. Галоўнае – быць побач, назіраць, вучыцца і дзяліцца радасцю з дзіцём, – падкрэсліла загадчыца Людміла Лук’янава.

















