Шчыры голас Палесся: які след пакінуў у беларускай літаратуры паэт Брагіншчыны Сымон Блатун

Важнае Грамадства Літаратурная гасцёўня

Брагіншчына – багаты на таленты край – падарыла Беларусі плеяду выдатных асоб: этнографаў, навукоўцаў, мастакоў і пісьменнікаў. Сярод іх асаблівае месца займае Сымон Блатун – паэт, публіцыст і перакладчык, чыя творчасць абарвалася трагічна.

Нарадзіўся ён 10 мая 1937 года ў вёсцы Кавака. Дзяцінства і юнацтва земляка прайшлі ў няпростых умовах: маці, Уліта Дзяменцеўна, выхоўвала дзяцей адна. Хлопчыку з ранніх гадоў давялося выпрабаваць нягоды жыцця, у тым ліку і голад. Таму, калі ў сваіх вершах зямляк пісаў пра «скарынку з мякінай», для яго гэта была не метафара, а горкая рэальнасць.

Школьныя гады Сымона Блатуна прайшлі ў Брагінскай сярэдняй школе, якую ён скончыў у 1954 годзе. Ужо тады выявіліся яго творчыя схільнасці: з’яўляўся рэдактарам і мастаком сатырычнай школьнай газеты «Гром и молния».

Яшчэ школьнікам дасылаў артыкулы пра жыццё калгаса і камсамольскай арганізацыі ў абласную газету «Савецкае Палессе» і раённую «Трыбуна калгасніка» (зараз – «Маяк Палесся»). Першы верш пад назвай «Партрэт Ільіча» з’явіўся ў рэспубліканскім друку ў 1956 годзе на старонках газеты «Піянер Беларусі».

Пасля Сымон Блатун паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Ён вучыўся разам з Рыгорам Барадуліным, Янкам Сіпаковым, Барысам Сачанкам. Гэта вельмі паўплывала на яго станаўленне як паэта.

Пасля атрымання дыплома журналіст пачаў свой прафесійны шлях: працаваў літсупрацоўнікам у газеце «Звязда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», літкансультантам у «Чырвонай змене». Паралельна ён актыўна ўдзельнічаў у працы творчага аб’яднання «Крыніцы», дзе чэрпаў натхненне з паездак па краіне і сустрэч з цікавымі людзьмі.

Творчасць земляка ўключае зборнікі вершаў «Раўнавага», «Радаслоўнае дрэва» і «Чысціня», гумарыстычных твораў «Калючая шаткаванка».

Акрамя таго, Сымон Блатун займаўся перакладамі на беларускую мову з літоўскай, латышскай і іншых моў. Вядома, што паэт выкарыстоўваў псеўданім Сяргей Міхалкоў (не блытаць з вядомым савецкім паэтам).

Яго паэзія вылучаецца шчырасцю, лірычнасцю і аптымістычным поглядам на жыццё. Вершы творцы поўныя разважанняў пра месца чалавека ў свеце, пра ролю паэзіі. Пры гэтым яна адрозніваецца своеасаблівым вобразным мысленнем.

Сымон Ціханавіч праявіў сябе як і майстар каламбураў, аўтар гумарыстычных «каратушак», эпітафій і афарызмаў.

Памёр паэт у 1970 годзе. Ён застаўся ў памяці сяброў, асабліва народнага паэта Рыгора Барадуліна, як узнёслы і чысты юнак. Нягледзячы на суровыя жыццёвыя ўмовы, ён ставіўся да сваёй творчасці з выключнай адказнасцю, заклікаў калег шанаваць натуральнасць і глыбіню думкі.

Апошнім прытулкам Сымона Блатуна сталі Чыжоўскія могілкі ў Мінску.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.