
Вольга Рабушок – настаўніца гісторыі гімназіі г.п. Брагіна. Нарадзілася яна ў Хойніках, але яе карані цесна звязаны з Брагінскім раёнам: бабуля і дзядуля родам з Дуброўнага і Вязка. Менавіта сюды на Радаўніцу дзяўчынка прыязджала, каб пабыць там, дзе жывуць яе блізкія. Гэта дазваляла ёй адчуць сваю прыналежнасць да зямлі продкаў, удыхнуць паветра вёсак і больш даведацца пра гісторыю сваёй сям’і.
Няцяжка зразумець, чаму Вольга Уладзіміраўна выбрала шлях педагога. Яе маці Марына Феліксаўна – настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №3 г. Хойнікі, а тата меў інжынерна-педагагічную адукацыю. Дзяўчына з гонарам назірала за маці, чэрпала ў ёй прыклад адданасці справе і вырашыла пайсці па яе слядах. Выбрала выкладанне гісторыі, бо з дзяцінства захаплялася краязнаўствам.
– Магчыма, на мяне паўплывала прабабуля, якая дзялілася са мною старадаўнімі гісторыямі і народнымі прымаўкамі. Да гэтага захаплення дадаўся і неацэнны ўклад настаўніка гісторыі Сяргея Бельскага, які разглядзеў ва мне іскру цікаўнасці, – расказвае жанчына.

Студэнцкія гады ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна падарылі Вользе Уладзіміраўне знаёмствы з цікавымі людзьмі, з якімі падтрымлівае сувязь і сёння. Яна не баіцца быць сабой: дрэды і татуіроўкі суседнічаюць з глыбокай духоўнасцю. З бабуляй Праскоўяй Максімаўнай часта хадзілі ў царкву, у дзяцінстве сённяшняя настаўніца вывучыла малітвы і царкоўна-славянскую мову. Веды, атрыманыя ад бабулі, не толькі дапамаглі падчас вучобы, але і сталі неад’емнай часткай жыцця.
– Навучыла яна і мастацтву вышывання. Пакінула вялікую колькасць ручнікоў, некаторыя з іх захоўваюцца ў мяне. Люблю калекцыяніраваць, вывучаць і аналізаваць узоры розных мясцін. А вязанню ўжо навучыла мама. Працавітасці – яшчэ адна бабуля –Валянціна Фёдараўна, – кажа Вольга Уладзіміраўна.

Пасля ўніверсітэта яна прыехала ў Мікуліцкую сярэднюю школу. Яе выбар быў усвядомленым.
За гэтыя гады Вольга Уладзіміраўна рэалізавала шмат ініцыятыў. Адна з іх – «Карта роднай вёскі» – захапіла вучняў, якія з задавальненнем малявалі, выразалі і складалі план важных месцаў. Асаблівае месца заняў праект, прысвечаны Герою СССР Пятру Жукаву, ураджэнцу Мікуліч.
Сабраны матэрыял па краязнаўстве, абагульнены і сістэматызаваны вопыт выліўся ў метадычны дапаможнік. У выніку яго аўтар стала лаўрэатам XIX Рэспубліканскай выставы вучэбна-метадычнай літаратуры.
Педагагічная дзейнасць Вольгі Уладзіміраўны не абмяжоўваецца ўрокамі. Яна актыўна ўдзельнічала ў пастаноўках батлейкі, разам з Надзеяй Гананайкай выступала не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Тэатральныя пастаноўкі – яшчэ адзін спосаб данесці да дзяцей гісторыю і культуру праз мастацтва.
Мікуліцкай сярэдняй школе жанчына прысвяціла 12 гадоў, летась яна перайшла ў гімназію г.п. Брагіна.
Вольга пераканана: дзеці – тонкія псіхолагі, якія ўсё адчуваюць і разумеюць.
– Важна знайсці індывідуальны падыход да кожнага, але галоўнае – шчырае стаўленне, – упэўнена настаўніца.
На сваіх уроках яна імкнецца абудзіць у вучнях эмоцыі.
– Каб лепш запомніць матэрыял, яго трэба пражыць, адчуць, – кажа педагог.

Адно з хобі Вольгі Уладзіміраўны – літаратура. Яна чытае ўсё, што трапляе ў рукі, пастаянна пашырае свой кругагляд. Асабліва любіць беларускую класіку, перачытвае творы Івана Мележа і Івана Шамякіна.
Яшчэ адно захапленне – падарожжы. Любіць даследаваць глыбінкі нашай краіны, вывучаць мясцовыя дыялекты, архітэктуру і асаблівасці жыцця ў розных рэгіёнах. Гэтыя паездкі – пагружэнне ў культуру і гісторыю роднай зямлі.
У жыцці Вольгі Уладзіміраўны знаходзіцца месца і для спорту. Яна займаецца паўэрліфтынгам пад кіраў-ніцтвам трэнера-выкладчыка ДЮСШ Брагінскага раёна Юрыя Наяйчука.
– Мяне прыцягвае сілавы від спорту, таму што ён прыносіць не толькі прыгажосць і задавальненне, але і здароўе. Галоўнае, каб спецыяліст быў побач, – падкрэслівае жанчына.
Вольга Рабушок цэніць кожны момант, шануе сямейныя каштоўнасці і сяброўства. Пастаянна працуе над сабой, імкнецца да развіцця. Тэматыку яе сёлетніх работ вызначае сам год. Зараз, напрыклад, займаецца праектам, прысвечаным жанчынам Беларусі – Героям Савецкага Саюза.

