Уладзіслаў Гаўрыленка: пра спорт, вучобу і захапленні

Галоўнае Грамадства Спорт

На Брагіншчыне падрастаюць сапраўдныя таленты, здольныя праславіць сваю малую радзіму на ўсю краіну. Адзін з іх – 11-класнік Брагінскай сярэдняй школы Уладзіслаў Гаўрыленка, які спалучае ў сабе ўпартасць спартсмена, мэтанакіраванасць вучня і рознабаковыя інтарэсы.

У яго сям’і спорт займае асаблівае месца. Бацька, Іван Васільевіч, сам спартсмен, а старэйшы брат Кірыл, з якога Уладзіслаў бярэ прыклад, вучыцца ў ваеннай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу.

З пятага па дзявяты клас юнак вучыўся ў профільным спартыўным класе. Менавіта там, пад кіраўніцтвам дасведчанага педагога Сяргея Музычэнкі (якога часам замяняў першы трэнер Аляксандр Стрыжонак), хлопец канчаткова вызначыўся са сваёй будучыняй.

Спартыўны шлях Уладзіслава пачаўся яшчэ ў дзіцячым садзе. З дашкольнага ўзросту і да дзявятага класа ён займаўся футболам у ДЮСШ Брагінскага раёна пад кіраўніцтвам трэнера Паўла Камагурава. А паралельна – цяжкай атлетыкай, якой прысвяціў каля двух гадоў. Яго поспехі ў гэтым відзе спорту былі настолькі значныя, што земляка нават запрашалі ў Мазырскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Аднак з-за юнага ўзросту бацькі вырашылі пакуль не аддаваць сына ў спецыялізаваную навучальную ўстанову.

У дзясятым класе адбыўся паварот: Уладзіслаў вырашыў паспрабаваць сябе ў лёгкай атлетыцы, дзе яго трэнерамі сталі Віктар Дашук і Аляксандр Стрыжонак. Менавіта яны здолелі раскрыць патэнцыял маладога спартсмена і падрыхтаваць яго да сур’ёзных турніраў. У складзе зборнай Гомельскай вобласці ён прымаў удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах «Абаронца Айчыны». Вынікам упартых трэніровак і каманднага духу стала першае агульнакаманднае месца.

Каб трапіць у склад зборнай вобласці, юнаку давялося прайсці адбор. І ён з гонарам вытрымаў гэтае выпрабаванне, стаўшы адзіным прадстаўніком Брагінскага раёна ў камандзе. Зусім хутка Уладзіслава чакае яшчэ адно важнае абласное спаборніцтва па лёгкай атлетыцы, у якім ён будзе прадстаўляць ДЮСШ.

Але спорт – не адзіная сфера, якая цікавіць юнака. Акрамя лёгкай атлетыкі, ён захапляецца матацыкламі. У 10 класе атрымаў пасведчанне на права кіравання тэхнікай. У вольны час ён любіць выязджаць на рыбалку. Акрамя таго, зараз праходзіць навучанне, якое дасць магчымасць кіраваць трактарам.

У летні перыяд Уладзіслаў не сядзіць склаўшы рукі. Працуе ў студэнцкіх атрадах або на прадпрыемствах раёна, каб зарабіць уласныя грошы і даказаць сваю самастойнасць і мэтанакіраванасць. Разумее, што праца – аснова дабрабыту і поспеху.

Настаўнікі, заўважаючы пос-пехі Уладзіслава ў спорце і яго імкненне да ведаў, усяляк падтрымліваюць яго. Яны ідуць яму насустрач, дапамагаюць сумяшчаць вучобу і трэніроўкі, ствараюць спрыяльныя ўмовы для яго развіцця. Любімым прадметам юнака з’яўляецца, вядома ж, фізкультура.

– Хачу выказаць вялікую падзяку сваім трэнерам – Віктару Дашуку і Аляксандру Стрыжонку за іх падтрымку, веды, веру і неацэнны ўклад у мае спартыўныя дасягненні, – кажа Уладзіслаў.

Сёлета юнака чакае новы этап у жыцці: ён – выпускнік. З будучай прафесій малады чалавек ужо вызначыўся, і звязана яна будзе менавіта са спортам. Ён ужо прайшоў першы этап выпрабаванняў да сваёй мэты. Засталося здаць ЦЭ і чакаць вынікаў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.