Для беларусаў Радаўніца – асаблівы дзень, які аб’ядноўвае пакаленні. Прыбраць да яе магілкі родных і блізкіх, упрыгожыць іх кветкамі, павязаць на крыж новы ручнік, запаліць свечку, памаліцца – традыцыя, якой прытрымліваемся дагэтуль. Але на Брагіншчыне свае карэктывы ў памінанне продкаў унёс Чарнобыль: многія месцы пахавання засталіся ў адселенай зоне. А жыхары, якія вымушаны былі пакінуць родныя мясціны, раз’ехаліся па розных куточках Беларусі. І не ва ўсіх ёсць магчымасць штогод прыязджаць на малую радзіму, наведваць магілы продкаў, хаця для гэтага створаны ўсе ўмовы.
Расказвае 67-гадовая Надзея Хіжанок (Галуза) з Гомельскага раёна, ураджэнка в. Рафалаў:
– Я сёлета наведала магілы сваіх дзеда і бабулі. Разгубілася, калі ўбачыла на двух крыжах бялюсенькія ручнікі: хто ж такі ўважлівы і шчодры? Выявілася, што праўнучка дзедавага брата Пятра – Святлана Мельнічэнка (Шупан), якая жыве ў Брагіне. Маё сэрца перапоўнілася павагай і ўдзячнасцю да яе, клапатлівай і неабыякавай.
Сваімі ўражаннямі пасля паездкі на Брагіншчыну падзяліліся і іншыя землякі.
Раіса Сняжко (Клачкова), ураджэнка в. Круг-Рудка, пражывае ў Гомелі, 85 гадоў:
– Вялікі дзякуй мясцовай уладзе і усім, хто працуе ў зоне адчужэння і адсялення, за беспраблемны пад’езд да могілак, на тэрыторыі якіх ліквідаваны хмызнякі, абрэзаны дрэвы. Мы пабывалі там 27 красавіка і сустрэлі спецыяліста, які нагадаў аб важнасці выканання правілаў бяспекі. Прыемна было адчуваць такую ўвагу і клопат пра людзей.
Наталля Салавей (Лапырава), ураджэнка в. Глухавічы, пражывае ў Гомелі, 60 гадоў:
– Так склаліся абставіны, што ў нас з мужам, калі мы прыехалі на родную Брагіншчыну, заставалася мала часу на наведванне могілак у адселенай зоне – беспрапускны парадак дзейнічае там у пэўныя дні і час. На дапамогу ў складанай сітуацыі прыйшоў Аляксандр Іванавіч Калясан, за што мы яму шчыра ўдзячны. Такімі ж добразычлівымі аказаліся і работнікі кантрольна-прапускнога пункта.
Галіна Сучкова (Пазняк), ураджэнка Брагіна, пражывае ў Светлагорску, 69 гадоў:
– Я са сваімі сынамі кожны год наведваю магілы бацькоў. Сёлета, праязджаючы па вуліцах Брагіна, любавалася іх прыгажосцю. Пасёлак не пазнаць! На могілках, што на вуліцы Кірава, усё ў ідэальным парадку. Значыць, тыя, хто не выехаў адсюль, моцна любяць свой край, берагуць яго для нашчадкаў.
Віталій Ярмоленка, ураджэнец Брагіна, пражывае ў Мінску, 50 гадоў:
– З кожным годам Брагін прыгажэе. Уражваюць чыстыя, дагледжаныя вуліцы з шыкоўнымі домікамі, разрастаецца мікрараён шматпавярховак. І землякі мае – людзі працавітыя, гасцінныя, таленавітыя.
Валерый Майсеенка, ураджэнец Брагіна, пражывае ў Гомелі, 55 гадоў:
– 28 красавіка я накіраваўся ў в. Рафалаў, каб пакланіцца да зямлі сваім продкам. На могілках убачыў надзейную агароджу, акуратна абрэзаныя дрэвы, прарэджаныя кусты. Значыць, гэтая зямля не пакінутая – тут працуюць патрыёты, сапраўдныя гаспадары, што пацвярджае і належны стан брацкіх магіл і помнікаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Два з іх знаходзяцца ў Глухавічах, і яны – у ідэальным парадку. Найвялікшы дзякуй вам, дарагія землякі, за захаванне памяці.
Едучы ў Рафалаў, я заўсёды прыходжу і ўскладваю кветкі да помніка, дзе на мемарыяльнай пліце змешчаны імёны аднавяскоўцаў, якія загінулі ў баях з фашыстамі. Сярод іх – мой дзед Андрэй Данілавіч Майсеенка, пасмяротна ўзнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Ён вызначыўся ў бітве за вёску Буда Калінкавіцкага раёна: першым уварваўся ў яе, забіўшы трох фашыстаў. Акрамя таго, вынес з поля бою трох нашых салдат. Медаль, які ён не атрымаў, быў пазней уручаны ва ўрачыстых абставінах майму бацьку.
Вялікі дзякуй вам, дарагія землякі, за захаванне памяці, за тое, што беражэце родны край.
Любоў МАЙСЕЕНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.