У чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі зборную землякоў надзейна абараняе вопытны варатар Пётр Сачанка. Яму 34 гады, нарадзіўся ў Буда-Кашалёўскім раёне, але Брагін для яго не проста месца на карце.
Сям’я Сачанак пераехала ў райцэнтр у 2000 годзе, калі Пётр быў яшчэ падлеткам. З тых часоў гэты ўтульны пасёлак для яго – родны дом. З пятага класа ён вучыўся ў Брагінскай сярэдняй школе, дзе ўпершыню пачаў будаваць планы. Хлопчыка захапілі механізмы і электратэхніка. Ён любіў дапамагаць бацьку рамантаваць машыну, бачаў у гэтым прыклад для пераймання. Бацька і дзядуля заўсёды былі для яго ўзорам працавітасці.
Любоў да футбола прыйшла ў пятым класе. Традыцыйны турнір, прымеркаваны да Дня міліцыі, стаў для юнага Пятра першым сур’ёзным вопытам.
– Мы прайгралі, былі вельмі засмучаныя. І менавіта тады трэнер-выкладчык ДЮСШ Брагінскага раёна Павел Камагураў заўважыў нас і прапанаваў займацца ў футбольнай секцыі. Ён даступна і зразумела растлумачыў сутнасць гульні, – успамінае спартсмен.
Першая трэніроўка… І футбол становіцца не проста захапленнем, а часткай жыцця. А варатарства – ад куміра, легендарнага Джанлуіджы Буфона, абаронцы турынскага «Ювентуса» і зборнай Італіі. Гледзячы на яго майстэрства, Пётр марыў быць такім жа надзейным гульцом.
Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-энергетыка ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Пётр пераехаў у Гомель.
– Прыязджаю дадому з задавальненнем. І думаю, што калі-небудзь я вярнуся і буду жыць тут пастаянна, – дзеліцца Пётр.
Зараз ён працуе ў Гомельскім дзяржаўныце ўніверсітэт імя П. А. Сухога. І за гэты час прайшоў шлях ад інжынера-энергетыка да начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, а цяпер – на пасадзе прарэктара.
Ён параўноўвае гульню з працай, дзе важна быць сабраным, умець хутка рэагаваць на змены абставін і ўмацоўваць камандны дух. Як і на полі імкнецца данесці да калег важнасць узаемапавагі і падтрымкі.
– Для мяне вялікая адказнасць і гонар быць з камандай у кожным матчы, удзельнічаць у абласным чэмпіянаце. Галоўная матывацыя – давер трэнера і каманды, што я – нумар адзін, – прызнаецца Пётр.
Быць варатаром, на яго думку, – прызванне.
– Тут вельмі важна быць сабраным і спраўляцца з псіхалагічным ціскам. Хараство варатарскай справы – гэта прыгожыя сейвы і гульня на выхадах, – дзеліцца сакрэтамі майстэрства футбаліст.
Самым запамінальным матчам для яго стала мінулагодняя паўфінальная гульня адкрытага чэмпіянату раёна па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі супраць Хойнік. Тады брагінчане выйгралі з лікам 2:1, забяспечыўшы сабе выхад у фінал.
У гэтым сезоне каманда стала яшчэ мацней, палепшыўшы гульню ў абароне.
– Хочацца выйсці з групы ў стыкавыя матчы, – ставіць мэту варатар.
Магутны стымул для Пятра – падтрымка балельшчыкаў:
– Калі чуеш «Брагін, наперад!», адкрываецца другое дыханне.
Акрамя футбола, спартсмен захапляецца рыбалкай, удасканальваннем машыны і любіць працаваць на агародзе. Але самае галоўнае для яго – сям’я.
Маладым варатарам футбаліст раіць:
– Слухайце трэнера, шмат працуйце і вучыцеся адчуваць гульню.
Яго асабістая мэта – дапамагчы камандзе выйсці ў рэспубліканскі этап 2 лігі.
«Варатар – гэта паўкаманды», – упэўнены Пётр Сачанка. І ён робіць усё, каб апраўдаць званне, абараняючы вароты Брагіна.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.