У аддзяленні паштовай сувязі Брагіна прайшоў дзень падпісчыка: дзякуем, што выбралі нас!

Грамадства

Сёння «МП» прызначыў сустрэчу сваім чытачам у аддзяленні паштовай сувязі Брагіна. З сабой захапілі свежы нумар раёнкі, падарункі для падпісчыкаў і добры настрой. 

Зразумела, што для нас, журналістаў, гэта не проста чарговы штрых у працы, а добрая нагода сустрэцца з людзьмі, даведацца пра іх меркаванне аб газеце, прыслухацца да прапаноў, заўваг, магчыма, і крытыкі. Без гэтага не будзеш імкнуцца да дасканаласці, не даведаешся, што найбольш цікавіць, хвалюе сучаснага чытача.

Зрэшты, заўсёды прыемна пачуць: ужо падпісаліся! Для тых, хто лічыць сябе неадрыўным ад лёсу Брагіншчыны, робіць гэта загадзя.

Менавіта «МП», як мы ў чарговы раз упэўніліся, дапамагае многім быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў раёне, даведвацца, чым жыве наш край. А для кагосьці гэта яшчэ і надзейны памочнік у вырашэнні праблем, своеасаблівая трыбуна, з якой можна данесці важную інфармацыю да насельніцтва. Таму сярод нашых падпісчыкаў – кіраўнікі і спецыялісты, сельскія працаўнікі і інтэлігенцыя, пенсіянеры і моладзь… Пры вашай непасрэднай падтрымцы, паважаныя, мы павышаем дасведчанасць людзей, выступаем супраць безадказнасці і раўнадушша, утрыманскай пазіцыі, вандалізму, пагардлівага стаўлення да тых, хто побач. Будзем разам і надалей!

Фінал падпіскі на трэці квартал зусім блізка – спяшайцеся! А тыя, хто аформіў яе менавіта сёння, атрымалі падарункі ад «МП».

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.