Агульная памяць і гонар агульны. Якімі дасягненнямі можа ганарыцца Незалежная Беларусь

Важнае Грамадства

Дзень Рэспублікі – сімвал адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму, пераемнасці пака-ленняў, павагі да традыцый. Менавіта ён дазваляе зберагчы і прымножыць усё тое добрае і каштоўнае, што назапашана старэйшымі пакаленнямі дзеля будучыні.

У выніку маштабнай аперацыі «Баграціён» Мінск вызвалілі з пекла акупацыі. У ноч на трэцяе ліпеня 1944 года ў сталіцу на танку Т-34 – сімвале вызвалення – першым прарваўся экіпаж младшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава. Пехацінцы, артылерысты змагаліся на вуліцах горада, пазней на дапамогу падаспелі і партызаны.

Ад капітальнай забудовы засталося толькі 20 працэнтаў, а сярод руін, як сімвалы, узвышаліся цудам уцалелыя Дом афіцэраў, Оперны тэатр і Дом урада. Гэтыя замініраваныя будынкі фашысты, адступаючы, проста не паспелі ўзарваць. Калі да вайны у горадзе пражывала больш за 300 тысяч чалавек, дык пасля вызвалення тут налічвалася толькі 45 тысяч.

Маштабы разбурэнняў выклікалі прапановы, у тым ліку і кіраўніцтва БССР, пабудаваць горад нанава, за дзесяць кіламетраў ад даваеннага (і цяперашняга) Мінска – не патрэбна было б разбіраць завалы перад узвядзеннем новых аб’ектаў. Спрэчкі былі гарачыя, у выніку сталіцу пакінулі на гістарычным месцы.

Падчас акупацыі было знішчана шмат архіўных дакументаў, але нейкім цудам захаваўся генплан горада за 1936 год. Яго крыху дапрацавалі і пачалася маштабная будоўля. Цэнтральную вуліцу Савецкую, зараз праспект Незалежнасці, узнавілі ў стылі сталінскага ампіру. Будаўнікі ехалі з усяго СССР, і ўжо да 1958 года сталіца Беларусі поўнасцю паўстала з руін.

Дзень Незалежнасці – гэта свята ўсіх, каму дарагія і зразумелыя нашы каштоўнасці: гонар за краіну, жаданне працаваць дзеля яе працвітання, любоў да сваёй зямлі, да сваёй сям’і.
Сёння мы жывём у стабільнай, квітнеючай Беларусі, якая мае вагу на міжнароднай арэне. За трыццаць гадоў узровень даходаў яе грамадзян значна вырас: рэальныя заробкі павялічыліся амаль у сем разоў, а даходы насельніцтва – у пяць з паловай. Забяспечанасць насельніцтва аўтамабілямі вырасла больш як у пяць разоў, колькасць квадратных метраў жылля на кожнага жыхара павялічылася на 60%.

Больш стала ўстаноў у галіне аховы здароўя – на 35%. Беларусь сумесна з Брунеем і Канадай дзеліць першае месца ў свеце па даступнасці медыцынскіх паслуг, адзначаецца павелічэнне забяспечанасці ўрачамі.

Колькасць вышэйшых навучальных устаноў вырасла з 37 да 50. У рэспубліцы амаль чатыры тысячы устаноў дашкольнай адукацыі, 127 – прафесійна-тэхнічнай і 111 – сярэдняй спецыяльнай. На 10 тысяч насельніцтва прыпадае больш за 300 студэнтаў і магістрантаў.

Стаіць дзяржава і на абароне правоў маці і дзіцяці. Важным было падпісанне Прэзідэнтам Указа «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей». У дадатак да дапамог пры нараджэнні дзіцяці, рознага роду прэферэнцый уведзена праграма сямейнага капіталу.

Усім 118 раёнам Беларусі стаў даступны прыродны газ. Значны рост здабычы калійных угнаенняў, адкрыццё парку высокіх тэхналогій, Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, запуск першай беларускай атамнай электрастанцыі, дасягненні ў асваенні касмічнай прасторы, стварэнне індустрыяльнага парку «Вялікі камень» і іншыя значныя ініцыятывы – ёсць чым ганарыцца!

Шмат і новабудоўляў, нагадаю пра найбольш значныя. Будынак мінскага чыгуначнага вакзала можа прыняць больш за сем тысяч пасажыраў, а першых сустрэў 30 снежня 2000 года. Урачыстая цырымонія адкрыцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася 16 чэрвеня 2006 года.

Аграгарадкі сталі масава з’яўляцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады. Толькі ў Гомельскай вобласці іх пабудавана 230. А яшчэ – лядовыя палацы ў Мінску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Жлобіне, Пружанах, Салігорску, «Мінск-арэна» і «Чыжоўка-арэна».

Будаўніцтва студэнцкай вёскі ў Мінску пачалося ў 2009 годзе. У комплекс уваходзяць восем інтэрнатаў, разлічаных на больш за 9000 студэнтаў.

Актыўна развіваецца мінскае метро. Першая («Маскоўская») лінія павялічылася на шэсць станцый, другая («Аўтазавадская») – плюс восем станцый; будуецца трэцяя – «Зеленалужская».

Палац Незалежнасці размясціўся на праспекце Пераможцаў і адчыніў свае дзверы перад высокімі гасцямі 24 кастрычніка 2013 года.

У тым жа годзе сумесна з дзяржкарпарацыяй «Расатам» пачалі ўзводзіць Беларускую атамную станцыю.

2 ліпеня 2014 года запрасіла наведвальнікаў першая экспазіцыя ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

МКАД-2 была адкрыта 22 снежня 2016 года, яе агульная працягласць каля 160 кіламетраў. Не менш значнай была і рэканструкцыя МКАД-1 у 2001–2002 гадах, калі яе пашырылі да шасці палос. А колькі дарог, рознага кшталту развязак пабудавана ў краіне, бачыць кожны з нас.

За 30 гадоў узведзена нямала бальніц, школ, дзіцячых садоў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, іншых сацыяльных аб’ектаў.

Акрамя гэтага, большасць буйных прадпрыемстваў закранула маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасцей. У 2017-м на заводзе «БелДжы» запусцілі лінію легкавых аўтамабіляў.

Не кожная краіна ў гэты неспакойны час, пад цяжарам санкцый можа пахваліцца дзяржаўнымі прэміямі работнікам культуры, прэзідэнцкімі стыпендыямі для адораных і таленавітых студэнтаў, дасягненнямі спартсменаў, падтрымкай сям’яў. У Беларусі ўсяму гэтаму надаецца самая пільная ўвага. І многаму-многаму іншаму.

Галіна ШАЎЧЭНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.