У Мікуліцкай сярэдняй школе працуе настаўнік, які не толькі перадае веды, але і натхняе на новыя здзяйсненні. Шлях Мікіты Велігуры да поспеху – гэта гісторыя пра любоў да педагогікі, упартасць і шматграннасць таленту.
Мікіта – малады энергічны чалавек з цягай да ведаў. Ён выпускнік Лоеўскага педкаледжа з дыпломам з адзнакай, удзельнік праграмы «Настаўнік для Беларусі», студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і проста юнак, які жыве поўным жыццём. Але галоўнае – ён адданы сваёй справе і вучням.
– Педагогам марыў быць заўсёды, – прызнаецца Мікіта, чый выбар прафесіі быў наканаваны сямейнай гісторыяй.
Яго бабуля і прабабуля прысвяцілі сябе педагогіцы, перадаючы веды і любоў да дзяцей ад пакалення да пакалення.
– Зараз і мая малодшая сястра пайшла па нашых слядах, вучыцца ў педагагічным каледжы. Напэўна, гэта ў крыві, – зазначае малады настаўнік.
Родам Мікіта з Брагіна, вырас у шматдзетнай сям’і. Гэта сфарміравала яго пазітыўны погляд на свет і ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі.
Стаўшы ўдзельнікам праграмы «Настаўнік для Беларусі», атрымаў унікальную магчымасць рэалізоўваць свае ідэі і праекты ў вясковай школе. Ён укараняе новыя метады навучання, арганізоўвае займальныя пазакласныя мерапрыемствы, робячы кожны ўрок для сваіх вучняў сапраўднай падзеяй.
– Мне важна, каб дзеці не проста завучвалі матэрыял, а разумелі яго, каб ім было цікава вучыцца, – кажа ён.
Імкнучыся да пастаяннага самаўдасканалення, Мікіта паралельна з працай паступіў ва ўніверсітэт, каб атрымаць кваліфікацыю «сацыяльны педагог»:
– Хачу лепш разумець патрэбы і праблемы дзяцей, каб быць ім не толькі настаўнікам, але і сябрам, дарадчыкам.
Акрамя гэтага, для сваёй школы ён распрацаваў герб, шыльды і інтэрактыўныя дошкі, ператварыўшы вучэбную прастору ў яркае і прывабнае месца.
– Трэба, каб вучні адчувалі сябе ў школе як дома, каб кожны куток быў напоўнены радасцю і ведамі, – кажа зямляк.
На яго занятках ніколі не сумна. Ён выкарыстоўвае інтэрактыўныя метады, прымяняе творчы падыход да навучання, далучаючы кожнае дзіця да працэсу. Не дзіўна, што яго вучні паказваюць выдатныя вынікі. Сёлета ў Мікіты – першы выпуск з пачатковай школы. Яго выхаванцы, дзякуючы намаганням педагога, гатовыя да новых адкрыццяў і вучобы ў пятым класе.
Бадай, няма адказнейшай місіі педагога, чым у пачатковай школе. Менавіта тут закладваецца першая цаглінка ў фундаменце ведаў: вывучаць літары і склады, навучыць чытаць і пісаць, адаптаваць да асяроддзя.
Актыўная жыццёвая пазіцыя земляка праяўляецца ва ўсім. Ён намеснік старшыні маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і маладзёжнага савета пры райкаме і абкаме прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яго актыўная грама-дзянская пазіцыя адзначана шматлікімі падзякамі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Мікіта знайшоў сябе ў паўэрліфтынгу. З 2022 года ён рэгулярна займаецца ў ДЮСШ Брагінскага раёна пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка Юрыя Наяйчука. І яго ўпартасць прынесла свой плён: летась стаў пераможцам абласных спаборніцтваў.
– Спорт дапамагае мне трымаць сябе ў форме, спраўляцца са стрэсамі і проста атрымліваць задавальненне ад жыцця, – адзначае педагог.
Мікіта настойліва працуе над сабой. Маючы дэфект маўлення, ён упарта займаецца з лагапедам і дасягнуў значных поспехаў:
– Разумею, што як настаўнік я павінен гаварыць выразна і ясна. Я не мог дазволіць сваім праблемам перашкодзіць мне.
Зараз ён упэўнена выступае на канферэнцыях рознага ўзроўню, дзелячыся сваім вопытам з калегамі.
Па-за працай Мікіта – душа кампаніі. Ён любіць падарожнічаць, адкрываць для сябе новыя месцы і культурныя помнікі. Асабліва яго цікавяць дакументальныя фільмы, якія пашыраюць кругагляд і дапамагаюць лепш разумець свет.
Ён даказвае, што настаўнік – гэта не проста прафесія, а прызванне, якое патрабуе не толькі ведаў і ўменняў, але і шчырай любові да дзяцей, гатоўнасці пастаянна ўдасканальвацца.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.