Іван Бокша. Працягваем знаёміць з землякамі, для якіх футбол – больш, чым гульня

Грамадства Спорт

Імя Івана Бокшы добра вядома ў раёне тым, хто любіць спорт. Ён пастаянны ўдзельнік раённых спаборніцтваў, а летась выйшаў на больш высокі ўзровень, прадстаўляючы раён на чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Гэта быў дэбютны турнір.

Нарадзіўся і вырас Іван у Кавалях. Яго дзяцінства было актыўным і спартыўным, як і ў большасці дзяцей таго часу. Валейбол, настольны тэніс і асабліва футбол займалі яго вольны час. Баталіі разгортваліся на полі побач з домам, дзе збіралася шмат хлопцаў і нават дзяўчат, гатовых ганяць мяч да позняга вечара. У мясцовым парку кіпелі валейбольныя спаборніцтвы, збіраючы юных жыхароў не толькі Кавалей, але і суседніх вёсак. Гэта быў час, калі дзяцінства праходзіла не ў віртуальным свеце гаджэтаў, а ў рэальных гульнях і жывых зносінах.

Сваю любоў да спорту Іван Бокша пранёс праз гады навучання ў Буркоўскай сярэдняй школе. Менавіта там дзякуючы ўрокам фізічнай культуры ён раскрыў свой талент. Асабліва ўдзячны сваім настаўнікам – Аляксандру Кулаю і Аляксандру Семенчуку, якія не толькі прывілі любоў да спорту, але і дапамаглі развіць неабходныя навыкі. Гэта дазволіла Івану дасягнуць поспехаў на раённых і абласных спаборніцтвах.

Пасля дзевяці класаў юнак паступіў у Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Зараз ён жыве ў Жлобіне і працуе на Беларускім металургічным заводзе слесарам-рамонтнікам кранавага абсталявання.

У раённых спаборніцтвах Іван пачаў удзельнічаць прыкладна з 2022 года. Пра іх даведаўся ад старшага інспектара райвыканкама Юрыя Крываручкі, які і запрасіў яго.

Сёлета зямляк гуляў у адкрытым чэмпіянаце па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі, адстойваў гонар Камарынскага лясгаса. У гэтым жа турніры ўдзельнічаў і яго брат Андрэй, які гуляў за РАУС.

– Мы разумелі: на пляцоўцы мы сапернікі, па-за полем – браты, таму асабістыя адносіны не павінны ўплываць на гульню. Пасля матчаў мы іх аналізавалі і працавалі над памылкамі разам, – адзначае спартсмен.

Зараз Андрэй працягвае гуляць у абласным чэмпіянаце па футболе і паказвае сябе як самаадданы спартсмен. Іван ганарыцца братам і па магчымасці падтрымлівае яго на матчах.

Дапамагчы камандзе на полі зямляк пакуль не можа з-за траўмы. Зараз ён вяртае сябе ў форму, трэніруецца 2–3 разы на тыдзень, а ў астатнія дні наведвае трэнажорную залу.

– Жадаю камандзе поспехаў, бо ведаю, што яна можа паказаць і лепшы вынік, – дадае Іван.

Маладым гульцам спартсмен раіць выпрацоўваць дысцыпліну, быць стараннымі, зацікаўленымі і клапаціцца пра сваё здароўе.

Іван часта бывае і на малой радзіме, а галоўным у жыцці лічыць сваю сям’ю.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.