Школьнага жыцця пачатак. Надзея Кандрашэўская – адна з тых, хто павядзе дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак па краіне ведаў

Галоўнае Грамадства

За дваццаць пяць гадоў на ніве адукацыі яна ні разу не ўсумнілася: настаўніцтва – яе справа. Прыклад бясспрэчнай інтэлігентнасці, дабрыні і спагады, мудрасці і разважлівасці бачыла ў сваіх педагогах, калі вучылася ў Хракавіцкай школе. Захаплялі і нахтнялі на пазнанне новага Ларыса Іванаўна Ткачэнка, Любоў Барысаўна Майсеенка, Тамара Сяргееўна Хіжанок… Спіс гэты можна працягваць. Таму і не дзіўна, што ваганняў у выбары прафесіі не ўзнікла – паступіла ў Лоеўскае педвучылішча.

Да працы ў Брагінскай школе Надзея Валер’еўна прыступіла ў 2000-м годзе. Пачынала яе з выхавальніцы групы падоўжанага дня, а пазней стала настаўніцай пачатковых класаў. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педуніверсітэце.

Менавіта побач з Надзеяй Валер’еўнай у многіх вучняў усё было ўпершыню: урачыстая лінейка, урок, адказ каля дошкі, кантрольная і дыктант. А колькі вытрымкі, душэўнай цеплыні і цярплівасці патрэбна, каб дапамагчы яшчэ такім недасведчаным шасцігодкам прывыкнуць да змен у рэжыме дня, асвоіць новую для іх дзейнасць. Не толькі зацікавіць, але і падтрымаць у цяжкія моманты, натхніць, зрабіць усё магчымае, каб першы год вучобы стаў удалым стартам школьнага жыцця.

У Надзеі Валер’еўны ўсё гэта атрымліваецца дзякуючы яе любові да дзяцей і да справы, якую выбрала. У адносінах да вучняў, як яна лічыць і падказвае набыты працоўны вопыт, павінны ісці поруч дабрыня і патрабавальнасць, спагада і дысцыпліна. Таму ў класе заўсёды да месца і строгі дзелавы тон, і шчырая пахвала, і даверлівая размова.

Работа з дзецьмі стала для настаўніцы тым асяроддзем, дзе яна адчувае сябе настолькі ўтульна і камфортна, што хочацца зноў і зноў разам з імі ствараць, спасцігаць нешта новае, радавацца агульным поспехам. Як, напрыклад, гэта было падчас перамогі ў мінулым годзе ў абласным конкурсе юных інтэлектуалаў «ДзетКІ» з удзелам трэцякласнікаў. А сёлета – у абласной патрыятычнай акцыі «Караблік надзеі», алімпіядным руху. Кожны такі станоўчы вынік, дасягненне школьнікаў – яскравае пацвярджэнне плённай працы ў трыядзе «педагог – вучань – бацькі». І гэта толькі дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах, узмацняе жаданне рухацца далей, да новых вышынь.

У працэсе навучання і выхавання Надзеі Валер’еўне дапамагаюць настаўніцкая мудрасць, ураўнаважанасць і тактоўнасць, арыенцір на сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Выкарыстоўваючы метады і прыёмы, якія адпавядаюць патрэбам і інтарэсам сённяшніх школьнікаў, яна з лёгкасцю можа пераўтварыць урок у займальную гульню. І тым самым падтрымаць у іх цікавасць да вучобы.

Вядома, кожны раз, развітваючыся са сваімі выхаванцамі, якія пераходзяць на новую прыступку школьнага жыцця, сумуе. Але сагравае тое, што пра сваю першую настаўніцу яны не забываюць. І выпускнікі, і іх бацькі застаюцца ўдзячнымі за ўвагу і клопат, закладзены падмурак ведаў. А сама Надзея Валер’еўна заўсёды цікавіцца, як у яе вучняў усё складваецца далей – у старэйшых класах, дарослым жыцці.

Не паспела азірнуцца, як некаторыя ўжо сталі калегамі, і цяпер з імі першая настаўніца шчодра дзеліцца працоўным вопытам, дапамагае ў прафесійнай самарэалізацыі. Педагагічны шлях, дарэчы, выбрала і дачка Валерыя: скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і праз лічаныя дні прыступіць да работы ў той жа школе, дзе працуе яе маці, – будзе выкладаць англійскую мову.

Першага верасня па традыцыі ўпрыгожыць пасёлак яркімі букетамі. Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, збярэ вучняў, педагогаў, бацькоў, ганаровых гасцей. А ў цэнтры асаблівай увагі, вядома, будуць самыя маленькія. Крыху спалоханыя і збянтэжаныя, яны нясмела пераступаюць школьны парог, сядуць за парты і адправяцца ў захапляльнае падарожжа па краіне ведаў. Разам з першай настаўніцай…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.