Мачанка, як і падобная да яе верашчака, – падкалочаная мукой страва з салам, мясам і каўбасой, у якую макалі бліны і аладкі. Мачанка, якую называлі таксама мыканінай і маканінай, заўсёды збірала за сталом усю сям’ю.
Нам спатрэбіцца:
- 500 г каўбасы «пальцам пханай»,
- 500 г мясных рабрынак,
- 100 г несалёнага сала,
- 100 г грудзінкі або бекону,
- жменя сушаных грыбоў,
- 2 цыбуліны,
- 2 ст. лыжкі мукі,
- соль, перац на смак
Прыгатаванне:
Грыбы нанач замачыць, потым адварыць у падсоленай вадзе, булён адцадзіць. Каўбасу і рабрынкі падсмажыць.
На другой патэльні падсмажыць дробна парэзанае сала, дадаць цыбулю. Калі яна стане залацістай, дадаць адвараныя і парэзаныя грыбы. У канцы дадаць парэзаны кубікамі бекон.
У сатэйнік пакласці лыжку свінога тлушчу або сметанковага масла і падсмажыць на ім муку да залацістага колеру. Уліць грыбны булён, дадаць цыбулю з грыбамі і каўбасу з рабрынкамі, пасаліць, паперчыць. Закрыць накрыўкай і на паўгадзіны паставіць у духоўку пры 180° С.
За той час, пакуль страва «даходзіць», выпячы бліны.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.