У кухні Вялікага Княства Літоўскага верашчака вядома з сярэдзіны XVIII стагоддзя як адзін з варыянтаў мачанкі – мяснога соусу, у які мачалі бліны. Аўтар рэцэпта – каралеўскі кухмістр Верашчака. Але яшчэ больш папулярнай страва стала ў ХIХ стагоддзі дзякуючы супадзенню назвы з прозвішчам каханай паэта Адама Міцкевіча Марылі Верашчакі.
Верашчака – адна з самых вядомых страў беларускай кухні, прычым у розных мясцовасцях у традыцыйным рэцэпце існуюць свае арыгінальныя асаблівасці.
Для верашчакі:
- каўбаскі белыя – 4 шт.;
- бекон – 150 г;
- цыбуля – 100 г;
- мука – 50 г;
- вада – 0,7 л;
- піва – 0,5 л;
- спецыі (кмен , лаўровы ліст, перац чорны гарошак) і соль – на смак.
Для грэцкіх бліноў:
- мука грэцкая – 150-200 г;
- мука пшанічная – 50 г;
- яйкі – 2 шт.;
- малако;
- соль і цукар на смак;
- алей для выпякання.
Гатаванне:
Цыбулю нарэзаць дробнымі кубікамі і пасіраваць да залацістага колеру. Дабавіць на патэльню нарэзаны саломкай бекон, прадаўжаючы абсмажваць.
Тым часам каўбаскі адварыць у вадзе з півам і спецыямі, нарэзаць іх. У працэджаны булён дабавіць цыбулю і бекон, кружкі каўбасак.
На сухой патэльні пасіраваць муку да крэмавага колеру, астудзіць і развесці астатнім булёнам або вадой да аднароднай кансістэнцыі. Гэту сумесь тонкім струменьчыкам, пастаянна памешваючы, уліць у верашчаку з каўбаскамі і патушыць на маленькім агні да загусцення.
Для прыгатавання тонкіх блінчыкаў змяшчаць грэцкую і пшанічную муку з соллю і цукрам, дабавіць яйкі і, паступова ўліваючы малако, вымесіць вадкае цеста без камячкоў. Выпякаць на алеі.
Верашчаку падаць у гаршчочку, а побач на талерцы выкласці грэцкія блінчыкі.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.