
Багатая культурная і гістарычная спадчына – гонар нашай краіны. Паводле матэрыялаў даследчыкаў старажытнай архітэктуры, на тэрыторыі Беларусі ў розныя часы існавала не менш за 150 замкаў, аднак большасць з іх не захавалася.
Тыя ж, што выстаялі ці адрадзіліся з руін, сталі візітнай карткай рэспублікі і разам з іншымі славутасцямі штогод прыцягваюць увагу дзясяткаў тысяч турыстаў. Яны дапамагаюць глыбей спазнаць нашу гісторыю і ідэнтычнасць, расказваюць пра мінулае краіны, яе традыцыі і складаны лёс, пра мудрасць і мужнасць нашых продкаў.
Дарэчы, з першых дзён незалежнасці Беларусі Прэзідэнт узяў пад свой патранаж адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны. А ў 2012–2018 гадах у краіне была рэалізавана дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», у якую ўвайшлі 38 аб’ектаў. Іх умоўна раздзялілі на некалькі катэгорый.
У першую ўключылі сем замкаў, якія найбольш захаваліся, і іх планавалася аднавіць у першапачатковым выглядзе. Гэта, у прыватнасці, Мірскі і Несвіжскі, унесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама Камянецкая вежа, замкі ў Гродне, Лідзе, Ружанах і Любчы.
Другая група – аб’екты, якія захаваліся фрагментарна. Іх не рэканструявалі цалкам, а толькі правялі рэстаўрацыю асобных элементаў. А трэцяя катэгорыя, самая шматлікая, – месцы, на якіх раней размяшчаліся замчышчы ці гарадзішчы. Праграма прадугледжвала добраўпарадкаванне такіх тэрыторый і ўстаноўку памятных знакаў.
Сёння замкі Беларусі – важная частка нацыянальнай культурнай спадчыны. І яны не страчваюць сваёй папулярнасці. А аднаўленчыя работы працягваюцца.
У планах, як падзяліўся ў пачатку лістапада дырэктар Мірскага замка Аляксандр Лойка ў інтэрв’ю sb.by, – арганізаваць для турыстаў адзіную экскурсію «Замкавае кальцо».
Пашыраны маршрут, які ўключыць наведванне чатырох-пяці такіх аб’ектаў, можа зацікавіць і мясцовых, і замежных аматараў падарожжаў.
Што ж датычыць менавіта Мірскага замка, то гэтая славутасць, па словах дырэктара, даволі паспяховы праект. Яго самаакупнасць складае 76%. За год там бывае амаль 500 тысяч турыстаў. І работы па ўдасканаленні комплексу не спыняюцца.
Зараз, напрыклад, на тэрыторыі ўзнаўляюць італьянскі парк з аб’ёмам інвестыцый каля 2,5 млн рублёў. А вясной 2027 года Мірскі замак сустрэне вялікі юбілей, і першыя мерапрыемствы з гэтай нагоды пройдуць ужо ў цяперашнім лістападзе. Запрацуе праект «500 дзён да 500-годдзя замка».
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.
