Велічныя і магутныя. Колькі ў Белавежскай пушчы зуброў

Грамадства Гэта цікава

Яшчэ вясной бягучага года спецыялісты Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» адзначалі, што завяршылі падлік зуброў. І праводзіць такі «перапіс», якім ахапілі ў тым ліку тэрыторыі сумежных землекарыстальнікаў, ім было няпроста. Для гэтага, акрамя аптычных сродкаў назірання, выкарыстоўваліся квадракоптар і фотаапарат з доўгафокусным аб’ектывам.

Абагуленыя вынікі ўліку прадстаўлены на пачатак года, а іменна: зарэгістравана 726 асобін, 8 з якіх утрымліваюцца ў дэманстрацыйных вальерах. У параўнанні з папярэднім 2024-м папуляцыя павялічылася на 36 галоў.

Пры гэтым налічана 132 дарослыя самцы (старэйшыя за тры з паловай гады), 378 дарослых самак, 127 галоў маладняку (1,5–3,5 гады) і 89 зубранят 2024 года нараджэння. У зімовы перыяд зубры рэгістраваліся на тэрыторыі Свіслацкага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў Брэсцкай вобласці.

Зусім невыпадкова, дарэчы, гэтага велічнага ляснога жыхара называюць гаспадаром Белавежскай пушчы. Даўжыня яго цела дасягае 3,5 метра, вышыня (у карку) – да двух метраў, а вага – каля тоны і болей. Гэта самы важкі і буйны млекакормячы ў Еўропе.

У зубра вельмі магутная пярэдняя частка тулава, але галава невялікая, шыя кароткая і тоўстая. У момант пагрозы, нягледзячы на свае памеры, ён можа з лёгкасцю пераадолець двухметровы плот і ўцячы галопам па глыбокіх гурбах.

Жывуць зубры статкам. Па 20–30 асобін. Перамяшчаюцца бясшумна і практычна не робяць гукаў, падаюць голас толькі ў выпадку крайняй небяспекі. І пануе тут матрыярхат: лідар – вопытная дарослая самка.

Зубрыны рацыён уключае каля 400 відаў раслін, а адзін дарослы волат з’ядае да 40–60 кг зеляніны ў дзень.

У натуральных умовах зубры жывуць да 22 гадоў, а пры загонным утрыманні – да 26-ці.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.