
У Кавалях жыве чалавек, чыё жыццё – нібы яркае, самабытнае палатно. Пётр Раманюк – не проста мастак-самавук, разьбяр па дрэве, садоўнік-аматар, а творца, чыя фантазія не ведае межаў.
Яго працы напаўняюць свет вакол прыгажосцю і душэўным цяплом.
Нарадзіўся ён у 1961 годзе ў сям’і, дзе было дзевяць дзяцей. Пётр – самы малодшы. З маленства яго цягнула да малявання. Ніхто хлопчыка гэтаму не вучыў, у сям’і не было мастакоў, але Пётр нібы атрымаў у спадчыну талент ад самой прыроды. Настаўнікі ў школе хутка заўважылі яго здольнасці і часта даручалі афармляць плакаты да святаў.
Асабліва добра ў яго атрымліваліся пейзажы, бо Палессе – край, дзе прыгажосць бачная ў кожнай травінцы, у кожным выгіне ракі.
– Тут, у вёсцы, асабліва адчуваеш прыроду, яна натхняе, – кажа Пётр Рыгоравіч.
Але не толькі пэндзаль і аловак прыцягвалі юнака. Хлопцу падабалася працаваць з дрэвам, ствараць з яго вырабы. Гэтая любоў перадалася яму ад бацькі Рыгора, які быў вядомым у вёсцы сталяром. На жаль, ён не ўбачыў працы сына – памёр незадоўга да нараджэння хлопчыка. Магчыма, бацькоўская любоў да працы і цяга да стварэння, памножаныя на талент, і зрабілі Пятра тым, кім ён ёсць.
Менавіта таму, што рана застаўся без бацькі, Пятру давялося пакінуць мары аб кар’еры мастака. Юнак павінен быў стаць апорай для сям’і. Пасля васьмі класаў Буркоўскай школы ён паступіў у Рудакоўскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. З 16 гадоў пачаў працаваць слесарам у калгасе «Чырвоная Ніва» ў Бурках і аддаў гэтай справе 46 гадоў.
Час для творчасці Пётр знаходзіў нават падчас армейскай службы ў Латвіі ў ракетных войсках. Калі вярнуўся дадому, прадоўжыў працаваць у калгасе, сам пабудаваў дом для сям’і, змайстраваў мэблю, усталяваў вокны і дзверы. Ён клапаціўся пра маці і выхоўваў двух сваіх пляменнікаў, замяніў ім бацьку.
Заўсёды маляванне заставалася для Пятра Рыгоравіча аддушынай, спосабам адпачыць ад паўсядзённых клопатаў. Пісаў ён у асноўным падчас адпачынку, зімой, калі прырода замірала ў чаканні вясны.
З выхадам на заслужаны адпачынак вясковец змог прысвяціць сябе мастацтву цалкам. За апошнія пяць гадоў ён стварыў і падарыў землякам і родным больш за тысячу карцін.
Грошы за свае працы прынцыпова не бярэ.
– Я раблю гэта ад душы. Хачу, каб пра мяне засталася памяць, – кажа Пётр Рыгоравіч.
Палатном для яго работ становіцца любы матэрыял: дрэва, цагляныя сцены дамоў, вароты.
Малюе ён выключна алейнымі фарбамі, якія надаюць яго карцінам асаблівую выразнасць, глыбіню і насычанасць. Свае драўляныя вырабы абараняе ад непагадзі з дапамогай пластыкавых бутэлек, ствараючы своеасаблівы дэкор.
Аднавяскоўцы, назіраючы за такой прыгажосцю, з задавальненнем заказваюць у яго карціны. Ідэі для сваіх работ ён знаходзіць сам, часам – у Інтэрнэце, а затым ўвасабляе іх у жыццё, дадае нешта сваё, непаўторнае.
– Творчасць дапамагае мне змагацца з бяссоннем, – прызнаецца ён. – Магу начамі пісаць карціны або выразаць з дрэва птушак і жывёл.
Сцены дома мужчыны таксама ўпрыгожаны рознымі яскравымі вырабамі. На стале ляжаць карціны, над якімі ён працуе, і драўляныя нарыхтоўкі. Сапраўдная майстэрня мастака, дзе нараджаюцца казкі.
А ў двары Пятра Раманюка можна ўбачыць і Бабу-ягу, і велічных арлоў, буслоў, рысяў, матылькоў, і нават ветракі з казачнымі персанажамі. Асаблівую ўвагу прыцягвае домік для катоў у выглядзе хаткі на курыных ножках – яркае сведчанне фантазіі аўтара, яго любові да жывёл.
Акрамя мастацтва, Пётр Рыгоравіч захапляецца садоўніцтвам. Ён пасадзіў і даглядае каля 150 пладовых дрэў: вішні, яблыні, грушы, слівы і інш. Калі хто-небудзь з аднавяскоўцаў або родных просіць саджанец, ніколі не адмаўляе – шчодра дзеліцца вынікамі сваёй працы.
У планах – новыя карціны, новыя вырабы. Пётр Раманюк поўны энергіі і творчых задум.
Ён чалавек, які сваёй творчасцю робіць свет вакол больш яркім і добрым, дорыць людзям прыгажосць і не патрабуе нічога ўзамен. А яшчэ ён даказаў: калі абставіны прымусілі адкласці мару, талент усё роўна праб’ецца.










