Час цудаў: як Брагіншчына рыхтуецца сустракаць Новы год

Галоўнае Грамадства

У раёне ўсё мацней адчуваецца подых Новага года. З яго набліжэннем вуліцы райцэнтра заззялі рознакаляровымі агнямі, а на плошчы з’явілася пышная ёлка.

Камунальная служба актыўна ўключылася ў стварэнне навагодняга настрою. Работнікі манціруюць гірлянды, усталёўваюць светлавыя інсталяцыі і рыхтуюць галоўную ёлку раёна да ўрачыстай цырымоніі запальвання.

Аднак стварэнне свята – справа не толькі прафесіяналаў. Жыхары раёна, асабліва сем’і з дзецьмі, з энтузіязмам упрыгожваюць свае дамы і кватэры. Вокны будынкаў стракацяць выразанымі сняжынкамі, выявамі Дзеда Мароза і Снягуркі.

Не адстаюць і ўстановы адукацыі: у самым разгары – праца па стварэнні навагодніх упрыгожванняў. Дзеці з задавальненнем майструюць гірлянды, ёлачныя цацкі, сняжынкі і іншыя вырабы, якімі потым дэкарыруюць класы і групы.

– Новы год – любімае свята нашых выхавнцаў, – адзначае загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Брагіна Людміла Лук’янава. – Мы стараемся стварыць для іх атмасферу казкі і цудаў, каб яны запомнілі гэтыя дні.

Традыцыйна ў раёне праводзіцца конкурс на лепшае навагодняе афармленне фасадаў будынкаў і прылеглых тэрыторый прадпрыемстваў і ўстаноў. Гэта стымулюе творчасць і ініцыятыву ў працоўных калектывах, якія імкнуцца пераўзысці адзін аднаго ў арыгінальнасці і прыгажосці афармлення. Журы ацэньвае работы па крытэрыях, уключаючы эстэтыку, выкарыстанне светлавых эфектаў і агульнае ўражанне.

У планах – шмат святочных мерапрыемстваў: канцэрты, тэатраліза-ваныя прадстаўленні, ранішнікі. Жыхары і госці раёна змогуць акунуцца ў атмасферу чараўніцтва і радасці.

Засталося зусім няшмат часу да таго моманту, калі куранты праб’юць поўнач і наступіць новы 2026 год. Спяшайцеся падрыхтавацца!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.