Хроніка генацыду. Пра што ўзгадвала ўраджэнка Жыліч Еўдакія Назаранка, маладосць якой абпаліла вайна

Грамадства

«Вайна пачалася» – гэтыя словы назаўсёды ўрэзаліся ў памяць Еўдакіі Назаранкі, ураджэнкі Жыліч. Сёння жанчыны няма з намі, але яе аповед – гэта не проста ўспамін пра мінулае. Гэта сведчанне зверстваў нацыстаў на беларускай зямлі, адно з тысяч доказаў, якія збірае і аналізуе Генеральная пракуратура Беларусі ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Еўдакія нарадзілася ў 1925 годзе ў сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей. Жылі небагата, і ў 14 гадоў дзяўчына адправілася ў Кіеў, каб уладкавацца нянькай і зарабіць грошай.

Вайна ўварвалася ў яе жыццё раптоўна.

– Раніцай толькі бух, бух…, – успамінала Еўдакія Аляксееўна першыя дні вайны ва Украіне. – Я кажу: цётка Валя, а што гэта ўсё бухала? А яна мне: вайна пачалася. Немцы пайшлі на нас вайной.

Неразуменне і страх скавалі дзяўчыну. Разам са старэйшай сястрой Нінай яна вярнулася ў Жылічы, дзе неўзабаве ўсталяваўся акупацыйны рэжым. Беларускія населеныя пункты сталі зонай, дзе жыццё чалавека не каштавала нічога.

Першыя нямецкія салдаты, якія з’явіліся ў вёсцы, забаўляліся, абстрэльваючы мірных жыхароў. У Жылічах з’явіўся стараста, які пачаў складаць спісы тых, каго потым пагналі ў Германію. Еўдакіі наканавана было двойчы прайсці праз гэтае пекла.

Улетку 1942 года яе разам з іншымі жыхарамі вёскі прывезлі ў Хойнікі для адпраўкі на чужбіну, але з-за недахопу месцаў у таварных вагонах вярнулі дадому. У лютым 1943-га жах паўтарыўся.

– Пад’ехалі мужчыны і нас павезлі ў Хойнікі, – успамінала Еўдакія Аляксееўна. – Трынаццаць дзяўчат, пяць–шэсць хлопцаў былі гвалтоўна вывезены з Жыліч. У суседнім раёне нас чакаў перапоўнены людзьмі вакзал.

Цягнік прыбыў у Брэст, дзе была арганізавана «камісія». Сагнаных людзей апытвалі, высвятлялі іх імёны, узрост, месца жыхарства. Пасля гэтага – зноў у вагоны, на захад. Так пачалася дарога ў рабства. Еўдакія трапіла ў Германію, дзе прайшла праз працэдуру дэзінфекцыі і медыцынскага агляду. Пасля гэтага на шыю кожнай ахвяры павесілі бірку з імем і месцам прызначэння.

Дзяўчына трапіла на працу ў сялянскую сям’ю ў Штэмбергу разам з Пятром, хлопцам з Курска. Яе гаспадыня жыла са сваім бацькам. Займаліся яны сельскай гаспадаркай: гадавалі кароў, коней, свіней. Потым гаспадыня выйшла замуж, нарадзіла дзяцей.

На чужыне Еўдакія выконвала цяжкую працу.

– Раніцай я ў кацёл дровы падкладвала, бульбу свінням варыла, карміла іх, кароў даіла, потым цялятак паіла. Калі Пётр прывозіў бідоны, іх трэба было хутка вымыць. Рабілі мы шмат чаго, і так кожны дзень, – узгадвала зямлячка.

Нягледзячы на пастаянны нагляд, Еўдакіі ўдавалася падтрымліваць сувязь з іншымі беларусамі. У суседняй вёсцы жыла яе стрыечная сястра Маша, з якой яна сустракалася. Зносіны з землякамі дапамаглі не зламацца, не страціць веру ў тое, што аднойчы наступіць вызваленне.

За малую правіннасць сурова каралі – адпраўлялі ў лагер. Так здарылася з сяброўкай Еўдакіі – Оляй, якая трапіла ў лагер за тое, што памыла галаву пасля працы.

У нечалавечых умовах любая праява спачування і клопату высока цанілася. Аднойчы ў Еўдакіі нарвала рука, і гаспадыня адвяла яе да ўрача.

– Урач паглядзеў, перавязаў, сказаў, каб я не працавала. Але я ўсё роўна назаўтра пайшла займацца справамі. А гаспадыня прыбегла і стала сварыцца, што мне ўрач забараніў працаваць, – успамінала жанчына.

2 мая 1944 года Еўдакію вызвалілі. Дарога дадому была доўгай і цяжкай.

Калі вярнулася ў Жылічы, зямлячка ўбачыла толькі папялішча. Вёску знішчылі нямецкія акупанты.

– Прыйшла дамоў, а там – чыстае поле, толькі абгарэлыя слупы стаяць. Я стаю і плачу, – з горыччу расказвала Еўдакія Аляксееўна.

– Гэтая гісторыя – толькі адна з тысяч трагічных лёсаў жыхароў Беларусі, якія пацярпелі ад нацысцкай акупацыі. Спаленыя вёскі, сагнаныя на прымусовыя работы, расстраляныя мірныя жыхары – усё гэта звёны аднаго ланцуга, якія сведчаць аб генацыдзе беларускага народа, – адзначае намеснік пракурора раёна Віктар Ігнаценка.

Генеральная пракуратура Беларусі вядзе карпатлівую працу па ўстанаўленні фактаў генацыду, выяўленні вінаватых і ўвекавечванні памяці ахвяр. Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе – гэта даніна загінулым. Сведчанні людзей, якія перажылі вайну, – жывая гісторыя, якая не дазволіць забыцца пра зверствы нацыстаў і іх памагатых, пра боль і пакуты беларускага народа.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.