
У кожнага часу – свае героі. А ратны подзвіг заўсёды стаіць на высокім маральным п’едэстале, вянчаючы сабой лепшыя якасці чалавека, грамадзяніна, патрыёта. Так можна сказаць пра кожнага воіна-інтэрнацыяналіста.
Роўна 37 гадоў назад, у сярэдзіне лютага, была пастаўлена кропка ў крывавай Афганскай вайне. Жыхары Савецкага Саюза глядзелі кадры цэнтральнага тэлебачання з момантамі вываду апошняй групы войскаў з ДРА. Хваляванне, радасць і слёзы адначасова…
За амаль дзесяцігадовы перыяд ваеннага канфлікту ў Афганістане праз баявыя дзеянні на яго тэрыторыі прайшлі 620 тысяч савецкіх грамадзян. Больш за 15 тысяч, пераважна маладых салдат, загінулі.
Каб зразумець, чаму абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў (АКСВ) аказаўся ўцягнуты ў тую вайну, неабходна ў першую чаргу ўлічыць геапалітычную сітуацыю канца 70-х – пачатку 80-х гадоў. А дакладней – пагрозу, што ўзнікла каля паўднёвых рубяжоў СССР.
Да ўводу сваіх ваенных сіл савецкая дзяржава падтрымлівала сяброўскія адносіны з Афганістанам. І тое, што на яго тэрыторыі пачаўся ўнутраны беспарадак, сур’ёзна насцярожыла.
У прыватнасці, пасля таго як у 1978 годзе да ўлады ў краіне прыйшла Народна-дэмакратычная партыя Афганістана (НДПА), узніклі праблемы з распаўсюджваннем сацыялістычных рэформ. Важную ролю тут адыгрывала фінансавая падтрымка ісламскай апазіцыі амерыканскімі спецслужбамі. Канфлікты з ёй паступова перарасталі ў грамадзянскую вайну.
Для барацьбы з маджахедамі («змагарамі за веру», душманамі) афганскі ўрад неаднаразова запрошваў дапамогу ў кіраўніцтва СССР. І 25 снежня 1979 года – па дамоўленасці і з мэтай аказання падтрымкі НДПА – у Афганістан былі ўведзены савецкія войскі.
Калі разглядаць прычыны такога рашэння комплексна і непрадузята, то інтарэсы СССР заключалася, па-першае, у ахове ўласных межаў. А па-другое, у супрацьдзеянні спробам другой звышдзяржавы і іншых краін замацавацца ў гэтым рэгіёне. Нельга было дапусціць узмацнення там ЗША і НАТА, якія ўзбройвалі ісламскую апазіцыю і жадалі пераносу ваенных дзеянняў у Сярэднюю Азію.
Акрамя таго, Афганістан займаў другое месца ў свеце па вытворчасці опіуму, які распаўсюджваўся праз сярэднеазіяцкія рэспублікі ў Расію і Еўропу.
Адна з эканамічных прычын – абарона і далейшы рост аб’ектаў народнай гаспадаркі.
Больш за 200 з іх пабудавалі савецкія спецыялісты: плаціну, ГЭС, газаправод, аўтарамонтны і асфальтабетонны заводы, міжнародныя аэрадромы, аўтадарогу Саланг і інш. У Кабуле быў цэлы савецкі мікрараён.
Абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў складала 40-я армія. Ён размясціўя па гарнізонах і на першым этапе свайго знаходжання ў Афганістане займаўся арганізацыяй аховы пунктаў дыслакацыі і розных аб’ектаў. З 1980 па 1985 год праводзіў актыўныя баявыя дзеянні і буйныя аперацыі разам з сіламі афганскай арміі. У 1985–1987 гг. перайшоў да падтрымкі яе авіяцыяй, артылерыяй і сапёрнымі падраздзяленнямі.
Акрамя разгрому маджахедаў, савецкі ўрад паставіў задачу па наладжванні грамадзянскага жыцця. Разам з ваеннаслужачымі ў Афганістан прыехалі спецыялісты, мэтай якіх стала развіццё асноўных галін эканомікі. Маштабы інтэрнацыянальнай дапамогі з боку СССР уражваюць. Савецкія будаўнікі фактычна падарылі сярэднеазіяцкай рэспубліцы новую прамысловасць і сельскую гаспадарку.
Сур’ёзны рывок наперад быў зроблены і ў сферы адукацыі. Фактычна з нуля створана сістэма аховы здароўя. Такім чынам кіраўніцтва СССР хацела дапамагчы ДРА «вылезці» з напаўфеадальнага стану, павысіўшы ўзровень жыцця. Былі пабудаваны дзясяткі прадпрыемстваў, тысячы кіламетраў дарог, універсітэты, бальніцы, жыллё. Улічыць неабходна і матэрыяльна-тэхнічную базу, падрыхтоўку кадраў.
Сілы спецпрызначэння займаліся спыненнем дастаўкі зброі і боепрыпасаў для маджахедаў з-за мяжы. У апошнія гады знаходжання ў гэтай краіне савецкія ваеннаслужачыя ўдзельнічалі ў правядзенні палітыкі нацыянальнага прымірэння і працягвалі падтрымку афганскіх войскаў.
З дасягнутымі дамоўленасцямі і падпісаннем 14 красавіка 1988 года Жэнеўскага пагаднення па палітычным урэгуляванні становішча вакол Афганістана ўмяшанне ў яго ўнутраныя справы павінна было спыніцца. Праз месяц пачаўся вывад АКСВ, які завяршыўся 15 лютага 1989 года.
Паводле ацэнкі некаторых сучасных палітолагаў, гэта была першая буйная антытэрарыстычная вайна навейшай гісторыі. І яна наглядна прадэманстравала высокія маральна-баявыя якасці нашых салдат, якія годна выконвалі свой абавязак, імкнучыся не толькі прынесці мір на афганскую зямлю, але і абараніць свае межы ад сіл міжнароднага тэрарызму і наркабізнесу. Хоць дзейнічаць даводзілася ў найскладанейшых умовах: на вышыні больш за 2–4 кіламетры, пры тэмпературы да плюс 50 градусаў, вострым дэфіцыце вады.
Службу ў горнай краіне праходзілі каля 30 тысяч ураджэнцаў нашай рэспублікі. Звыш 2,5 тысячы беларусаў з АКСВ узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Чацвёра ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. У тым ліку двое – пасмяротна.
Не вярнуліся з Афганскай вайны больш за 700 беларусаў. У тым ліку тры ўраджэнцы Брагіншчыны: Віктар Сцепаненка, Віктар Балобан, Віталь Кіпцік.
Малая радзіма першага – вёска Залессе, якая цяпер знаходзіцца ў зоне адсялення. Менавіта там будучы воін-інтэрнацыяналіст нарадзіўся, закончыў сярэднюю школу. Потым была вучоба ў ДТСААФ. Да арміі юнак працаваў вадзіцелем у саўгасе «Пасудава». Ва Узброеныя Сілы СССР быў прызваны 4 кастрычніка 1978-га.
З пісьма Віктара родным: «…Нас подняли по тревоге, и мы сейчас Бог знает где. Очень далеко от Белоруссии. И собираемся ещё дальше. Пожалуйста, не волнуйтесь и верьте, очень верьте, что я вернусь…»
На жаль, вярнуцца было не суджана. 25 снежня 1979 года ў раёне Кабула здарылася авіяцыйная катастрофа самалёта Іл-76М савецкіх ВПС. Адна з версій прычыны – памылка ў пілатаванні, сутыкненне з гарой пры падлёце да аэрадрома. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце, у тым ліку наш зямляк – радавы Віктар Сцепаненка, вадзіцель 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна). Пахаваны ў Залессі.
Віктар Балобан нарадзіўся ў вёсцы Хатуча, якую пасля аварыі на ЧАЭС таксама выселілі.
У 1980-м закончыў Багушоўскую васьмігадовую школу, у 1983-м – Рудакоўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №183. Працаваў трактарыстам у саўгасе «Астрагляды».
Вось як характарызаваў яго брат Валерый: «Рос Віктар вясёлым, здаровым хлопцам. Займаўся спортам, асабліва захапляўся тэхнікай. Бывала, з рознага металалому збіраў добры матацыкл. Асабліва ў дзяцінстве любіў лес. Хадзілі з ім па ягады, грыбы, лавіць рыбу, бо возера было побач – за пяцьсот метраў ад дома.
Быў далучаны з ранняга дзяцінства да працы. Адразу пасля заканчэння 8 класаў паступіў у вучылішча. Вось тады і ажыццявілася яго мара стаць шафёрам, бо тэхніку любіў з дзяцінства. У перыяд канікул, якія ў яго былі каля двух месяцаў, прасіў у дырэктара саўгаса «Астрагляды» трактар, каб хоць крыху дапамагчы саўгасу з уборкай траў, бульбы і агародніны…»
У красавіку 1984-га Віктара прызвалі ў армію і потым накіравалі ў Афганістан. Ён быў механікам-вадзіцелем баявой машыны пяхоты, радавым. Загінуў 11 лістапада 1984 года пры падрыве БМП на фугасе, ажыццяўляючы разведвальныя мерапрыемствы. Пахаваны ў Хатучы.
Віталь Кіпцік – ураджэнец Брагіна. У 1980 годзе ён закончыў мясцовую сярэднюю школу, паступіў у Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, пасля заканчэння якога з групай афіцэраў быў накіраваны ў Афганістан. Загінуў 8 снежня 1984 года.
Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пахаваны ў райцэнтры.
З тэлеграмы бацькам:
Уважаемые Аркадий Антонович и Софья Кирилловна! С глубокой скорбью… сообщаем Вам, что, исполняя свой служебный интернациональный долг на территории Демократической Республики Афганистан, Ваш сын, командир мотострелкового взвода лейтенант Киптик Виталий Аркадьевич, погиб смертью храбрых в бою с мятежниками.
Мотострелковому взводу, которым командовал Ваш сын, была поставлена задача сопровождать автоколонну машин и охранять её от возможного нападения душманов. Около одного из населённых пунктов мятежники сделали засаду, завязался тяжёлый и жестокий бой. Быстро и грамотно оценив обстановку, лейтенант Киптик В.А. вместе со взводом занял удобные позиции и начал отбивать нападение. Ведя меткий и уничтожающий огонь из личного оружия, проявляя при этом мужество и отвагу, подавив несколько огневых точек противника, лейтенант Киптик В.А. дал взводу команду окружить оставшихся мятежников и уничтожить их. Но неожиданно разорвавшаяся рядом граната смертельно ранила его, и, не придя в сознание, Виталий умер на руках у товарищей…
Мы не можам не ганарыцца подзвігам пакалення, якое служыць прыкладам храбрасці і патрыятызму, не маем права забыць тых, хто загінуў удалечыні ад Радзімы, абараняючы яе інтарэсы, і хто адышоў у вечнасць пасля вяртання дамоў.
Зараз на тэрыторыі нашага раёна пражываюць 25 воінаў-інтэрнацыяналістаў, многія з якіх працягваюць плённа працаваць і дапамагаюць выхоўваць моладзь, якой ёсць на каго раўняцца. А захаванне памяці аб подзвігу і гераізме нашых ваеннаслужачых, умацаванне міру і згоды ў грамадстве набывае асаблівае значэнне ва ўмовах трывожных выклікаў сучаснасці.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

