Жывая сувязь, а не музейны экспанат: запыталі ў брагінчан, якое месца беларуская мова займае ў іх жыцці

Галоўнае Грамадства

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. І гэта не проста дата ў календары, а напамін пра важнасць захавання ўласнай ідэнтычнасці, унікальнай культуры і непаўторнага голасу кожнага народа. У сучасным свеце, дзе межы сціраюцца, менавіта мова застаецца непарушным якарам, што звязвае нас з мінулым і будучыняй.

Беларуская, па класіфікацыі ЮНЕСКА, уваходзіць у лік самых мілагучных моў, саступаючы па гэтым паказчыку толькі італьянскай. Яе меладычнасць і напеўнасць адлюстроўваюць багацце і прыгажосць душы народа.

Мы запыталі ў брагінчан, якое месца родная мова займае ў іх жыцці. І, трэба адзначыць, адказы атрымалі поўныя шчырасці, цеплыні і павагі да галоўнага нацыянальнага скарбу.

Вольга Рабушок, настаўніца:

– Наша мова мае глыбокія гістарычныя карані. У свой час яна была дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага.   На старабеларускай мове выдаў сваю першую кнігу Францыск Скарына.

Мне вельмі падабаецца гучанне нашай мовы, яе дыялекты. Цікавасць выклікае, як адрозніваецца вымаўленне тых ці іншых слоў, выразаў, гукаў у розных рэгіёнах. На роднай мове і сама часам размаўляю, люблю слухаць беларускамоўную музыку, чытаць творы сваіх любімых пісьменнікаў – Івана Мележа, Івана Шамякіна.

Ларыса Астапенка, медработнік:

– Для мяне беларуская мова – ключ да самапазнання, спосаб глыбей зразумець сябе, свае карані, сваю ідэнтычнасць. Я бачу, як мае аднагодкі цэняць і любяць беларускую. Гэта вельмі каштоўна, бо менавіта моладзі несці свой культурны код далей.

Летась я ўдзельнічала ў тэлепраекце «Веды ў кубе». Ён быццам вярнуў мяне ў школьныя гады, калі я ўпершыню адкрыла для сябе багацце беларускай літаратуры, прыгажосць самой мовы. З дзяцінства люблю чытаць Максіма Багдановіча, Васіля Быкава – іх творы верныя спадарожнікі. У іх столькі мудрасці, жыцця, нашай беларускай душы.

Мікіта Велігура, член маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў:

– Беларуская мова мілагучная, далікатная і прыгожая. І я лічу сваім абавязкам выхаваць любоў да яе ў дзецей. Гэта – як эстафета, якую мне перадалі мае настаўнікі.

Лічу, што важна не толькі гаварыць на роднай мове, але і праводзіць мерапрыемствы. Каб яна жыла, каб моладзь бачыла яе прыгажосць і актуальнасць, неабходна ствараць адпаведныя ўмовы. Я бачу сваю ролю ў арганізацыі такіх праектаў, якія б папулярызавалі беларускую мову сярод моладзі на самым высокім узроўні, стваралі платформы для жывога дыялогу і спрыялі яе актыўнаму выкарыстанню ў паўсядзённым жыцці. Бо мова – жывая сувязь, а не музейны экспанат.

Вікторыя Коўзік, настаўніца:

– Я нарадзілася не ў Беларусі, але з дзяцінства люблю і паважаю беларускую мову. Для мяне яна стала роднай. Я вучылася ў беларускамоўнай школе, і мае настаўнікі былі чараўнікамі. Яны змаглі захапіць мяне мовай і літаратурай, што стала маім запалам. Таму я і здавала цэнтралізаваны экзамен менавіта па гэтым прадмеце. Калі нехта звяртаецца да мяне па-беларуску, я, сама таго не заўважаючы, пераходжу на яе. Гэта такое цёплае адчуванне, быццам гаворыш на мове сваёй душы.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.