
Пакуль адны маладыя спецыялісты імкнуцца заваяваць сталіцу, другія вяртаюцца ў родны Брагін, бо бачаць сваю будучыню менавіта тут. Гэта не проста пошук стабільнасці, а свядомы выбар: Кацярына Шынкарэнка, настаўніца рускай мовы і літаратуры Брагінскай сярэдняй школы, – адна з такіх.
Дзяўчына скончыла гімназію ў родным пасёлку, атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
– Каб вярнуцца ў родныя мясціны, я аддала перавагу навучанню на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. І не пашкадавала, – дзеліцца Кацярына.
У дзяцінстве яна наведвала школу мастацтваў, захаплялася танцамі, ігрой на баяне, маляваннем, бісерапляценнем. Але ўрокі настаўніка рускай мовы і літаратуры Вадзіма Валянцінавіча Пятроўскага прыцягвалі больш.
– Ён цікава расказваў пра творы і лёсы пісьменнікаў. А самыя сумныя правілы хацелася вывучыць на памяць, – узгадвае Кацярына. – Гледзячы на яго, я лавіла сябе на думцы: хачу стаць такім жа настаўнікам.
Пасля вучобы ва ўніверсітэце калектыў сустрэў яе ветліва.
– Мне дапамагалі з усімі пытаннямі, якія ўзнікалі ў першы год працы. Гэта вялікая падтрымка, – з удзячнасцю адзначае маладая настаўніца.
Асаблівае месца ў яе сэрцы займаюць вучні.
– Вельмі люблю дзяцей, у нас з імі з першага дня склаліся добрыя ўзаемаадносіны, – кажа педагог. – Урок – гэта не проста перадача ведаў, а працэс пазнання. Прапаную вучням заданні, якія патрабуюць параўнання, ацэнкі, уласнай творчасці.
Кацярына верыць, што цікавасць да прадмета выклікаецца пытаннямі, на якія няма адназначнага адказу: ці згодны з аўтарам, як бы паступіў ты?
– Калі дзіця адчувае, што яго меркаванне важнае, яно само імкнецца да ведаў, – лічыць Кацярына.
Па-за сценамі школы яна таксама знаходзіць сабе занятак. Спорт, чытанне мастацкай і псіхалагічнай літаратуры – яе хобі. Асаблівае месца займаюць вершы. У ліку любімых аўтараў – Сяргей Ясенін, Уладзімір Маякоўскі, Марына Цвятаева, Ганна Ахматава. Іх паэзія, на думку суразмоўцы, глыбокая і эмацыянальная. У вольны час настаўніца дорыць клопат і ўвагу сваім родным, блізкім і сябрам.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
