
У Беларусі з’явілася новая добрая традыцыя. Першага чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, стартаваў праект «Трэці – Бацькаў». Сям’я, у якой нарадзілася трэцяе дзіця, атрымлівае пры рэгістрацыі немаўляці ў аддзеле загса ці пры выпісцы з радзільнага дома ўнікальны падарунак ад імя Прэзідэнта – «Бацькаву кашулю». Гэта маленькі драўляны куфэрак, у якім знаходзіцца хрысцільная льняная кашуля з беларускім арнаментам і звязаная з ёй легенда, – своеасаблівы сімвал сувязі пакаленняў, клопату і надзеі.
Па задуме, такі куфэрак павінен стаць сямейнай рэліквіяй, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, захоўваючы цеплыню бацькоўскіх рук і памяць аб шчаслівым папаўненні. А сама назва праекта сугучная з вядомым тэзісам Прэзідэнта аб тым, што трэці нованароджаны знаходзіцца пад яго патранатам. Шматдзетныя сем’і ў нас – у цэнтры асаблівай ўвагі і дзяржаўнай падтрымкі.
Рэалізуецца ініцыятыва партыяй «Белая Русь» сумесна з міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, юстыцыі нашай краіны, а таксама канцэрнам «Беллегпрам». Галоўная мэта – не толькі па-асабліваму павіншаваць бацькоў з нараджэннем трэцяга дзіцяці, але і падтрымаць імкненне беларусаў да стварэння вялікай сям’і, павысіць яе прэстыж, нагадаць пра нашы нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці.

На Брагіншчыне першым уладальнікам «Бацькавай кашулі» стаў Арсеній Краўчанка, які з’явіўся на свет 26 мая. Падарунак ад Прэзідэнта яго бацькам – Дзіяне і Генадзію – уручыла ў момант урачыстай рэгістрацыі нованароджанага член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага обласного Савета дэпутатаў, член вышэйшага палітычнага савета партыі «Белая Русь» Кацярына Зянкевіч. Адбылося гэта 10 чэрвеня.
– Я шчыра віншую вас з нараджэннем сына і жадаю вашай сям’і дабрабыту. Няхай усе дзеці растуць здаровымі, шчаслівымі, дастойнымі грамадзянамі нашай краіны і ўсё задуманае здзяйсняецца! – звярнулася да сямейнай пары Кацярына Анатольеўна.
Да віншаванняў далучыліся таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Іна Міхаленка і намеснік старшыні райвыканкама Раман Цеслянок, які ўзначальвае раённае аддзяленне партыі «Белая Русь». А ў дадатак да найлепшых пажаданняў – кветкі, падарункі, абрад з нацыянальным каларытам.
– Вельмі прыемна і нечакана: столькі цёплых слоў і ўвагі! Абавязкова захаваем такі каштоўны падарунак, знакавы для нашай сям’і сімвал, каб потым паказаць яго ўжо даросламу сыну і перадаць далей – унукам, – падзякавала шчаслівая маці.
– Дзяржаўная падтрымка шматдзетных сем’яў у нашай краіне сапраўды адчувальная. За гэта – вялікі дзякуй! – дадаў Генадзій.

Разам з Арсеніем у святочны дзень былі і дзве яго сястрычкі: 10-гадовая Ганна і 7-гадовая Арына.
Бацькі, дарэчы, плануюць хрысціць свайго сына ў наступным месяцы. І, вядома ж, у кашулі ад Прэзідэнта.








Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Анжалікі РАМАНЮК

