
У рамках чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі адбылося прынцыповае супрацьстаянне паміж камандамі Брагіна і Хойнік. Выязная гульня для землякоў стала не проста барацьбой за ачкі, а магчымасцю вярнуць доўг за прыкрае паражэнне ў мінулым матчы.
Настрой у нашай дружыны быў баявы з першых хвілін. Футбалісты разумелі: статус дэрбі не трывае кампрамісаў, і з’язджаць з суседняга горада трэба толькі з перамогай.
Адразу пасля стартавага свістка брагінчане захапілі ініцыятыву. Татальны кантроль мяча і серыя пазіцыйных нападаў паставілі абарону гаспадароў у складанае становішча. Пасля выверанай перадачы паўабаронцы ў штрафную плошчу Яўген Жыжэнка адправіў мяч у сетку варот.
Адчуўшы кураж, нашы футбалісты не зменшылі тэмп. Праз некаторы час Яўген Жыжэнка аформіў дубль. На перапынак каманды сышлі пры перавазе гасцей – 2:0.
– Мы вырашылі нічога не мяняць у складзе, даверыліся тым, хто пачынаў матч. У той жа час заўважалі, што ў камандзе сапернікаў расце напружанне, – падзяліўся галкіпер Пётр Сачанка.
У другім тайме брагінчане прадоўжылі актыўны прэсінг, часта атакавалі. На 58-й хвіліне да мяча ўпэўнена падышоў Яўген Жыжэнка: бездакорны ўдар – 3:0. І ў актыве нашага нападніка заслужаны хет-трык.
Здавалася, зыход сустрэчы прадвызначаны, але гаспадары поля праявілі характар. На 70-й хвіліне атака суседзяў увянчалася першым голам у нашыя вароты. У самым канцы матча галоўны арбітр прызначыў пенальці ўжо на карысць Хойнікаў, і лік скараціўся да мінімуму – 3:2. Але землякі не дазволілі саперніку вырваць нічыю і запісалі на свой лік першую перамогу.
Асаблівую падзяку пасля матча атрымалі маладыя футбалісты. Пётр Сачанка адзначыў гульню Рэната Пюра, які ўпэўнена адпрацаваў у стартавым складзе, і Ігара Пацегу, які выйшаў на замену ў другім тайме. Апошні задаў высокі тэмп у атацы.
Дзякуючы гэтай перамозе брагінчане ўмацавалі свае пазіцыі ў турнірнай табліцы, падняўшыся на трэцяе месца ў групе.
13 чэрвеня ў 15.00 на мясцовым стадыёне землякі сустрэнуцца з лідарам групы – камандай з Ельска. Запрашаем балельшчыкаў падтрымаць родную каманду!

