
Кожны з нас хоча жыць. Доўга, шчасліва, і галоўнае – без хвароб. Таму і не дзіўна, што, трапіўшы ў палон хваробы, чалавек шмат што пераасэнсоўвае. Дробнымі ў імгненне вока становяцца і бытавыя непрыемнасці, і недахоп грошай, і праблемы ў асабістым жыцці, і кар’ерны рост… Толькі б здароўе. І надзея адна – на ўрачоў.
Менавіта такой высакароднай прафесіі аддаў перавагу ўраджэнец Гомеля Мікалай Грамыка, якім кіравала шчырае жаданне дапамагаць людзям. У родным горадзе ён скончыў медуніверсітэт, потым – інтэрнатуру па спецыяльнасці «Анестэзіялогія і рэанімацыя». А ў Брагін маладога спецыяліста ў жніўні 2024-га прывяло размеркаванне.
Вучыўся, дарэчы, па мэтавым накіраванні і разумеў: чакае пяць гадоў адпрацоўкі. Але якая гэта будзе ўстанова аховы здароўя, не ведаў да апошняга. Затое цяпер упэўнена гаворыць:
– З працоўным стартам пашанцавала. У аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Брагінскай бальніцы – камфортныя ўмовы і для работы, і для знаходжання пацыентаў, сучаснае абсталяванне. У калектыве адчуваецца ўзаемаразуменне. І адразу ж забяспечылі жыллём.
Справа, якую выбраў, вядома, не з простых. Яна з вялікай эмацыянальнай нагрузкай. Сюды, у аддзяленне, дзе працуе малады ўрач, трапляюць людзі з цяжкімі захворваннямі, пацыенты, якія знаходзяцца, можна сказаць, на мяжы жыцця і смерці. Кожная паталогія, крытычны стан патрабуюць не толькі адпаведных ведаў і ўменняў, але і стабільнай псіхікі, хуткай рэакцыі. Тут няма размеранасці і пастаянства, таму трэба заўсёды трымаць руку на пульсе, быць гатовым да непрадбачанага. І што б ні здарылася, захоўваць самавалоданне, канцэнтравацца на задачы. Галоўнае – вывесці чалавека з цяжкага стану, які пагражае жыццю. Бачыць гэты вынік, выратаванне – самае каштоўнае для Мікалая Грамыкі.
У Брагін, дарэчы, ён прыехаў не адзін – разам з жонкай. І ў гэтай сямейнай пары, як і ў кожнай, ёсць свая гісторыя.
Яніна таксама з Гомеля. Пазнаёміліся маладыя людзі, будучы яшчэ вучнямі, – разам заканчвалі старэйшыя класы адной школы. І ўжо на гэтым этапе зразумелі, што звязвае іх нешта большае, чым сяброўства. Сышліся і ў поглядах на свой далейшы шлях, на жыццё.
Цікава, што абое выбралі для атрымання вышэйшай адукацыі ўстановы аднолькавага профілю. Але іх студэнцкія гады прайшлі ў розных гарадах. І, відаць, адлегласць толькі ўмацавала пачуцці, праверыла кожнага на давер.
Яніна – выпускніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў Мінску. Яна вучылася на фармацэўтычным факультэце і зараз працуе ў аптэцы Брагіна. Адукацыя за кошт бюджэтных сродкаў прадугледжвае адпрацоўку два гады. Але малады спецыяліст не плануе пакідаць наш райцэнт пасля заканчэння гэтага тэрміну. Работа тут ёй па душы.
Многія, дарэчы, лічаць, што фармацэўт – проста прадавец лекаў, і гэта памылковае меркаванне.
– Там, дзе ідзе размова пра здароўе людзей, першачарговае – дапамога. Такі спецыяліст адначасова і кансультант, і экперт па прэпаратах. Ён павінен усё ведаць пра іх склад, прызначэнне, супрацьпаказанні і пабочныя дзеянні, а таксама добра арыентавацца ў аналагах. Нездарма справе вучаць пяць гадоў. Выбраць аптымальны лекавы сродак і, адпускаючы яго, дэталёва растлумачыць прыём, а ў пэўных сітуацыях парэкамендаваць лепш звярнуцца да доктара – усё гэта ў кампетэнцыі фармацэўта. Па сутнасці ён сувязное звяно паміж урачом і пацыентам. Поруч з даступнасцю лекаў нязменным застаецца клопат пра здароўе, – тлумачыць Яніна.
Да таго ж паралельна неабходна яшчэ весці ўлік медыкаментаў, сачыць за тэрмінамі годнасці, ажыццяўляць дакументаабарот… Кола абавязкаў даволі шырокае, што патрабуе ўважлівасці, глыбокіх прафесійных ведаў і высокай ступені адказнасці.
Нягледзячы на тое што Мікалай і Яніна нарадзіліся, выраслі і атрымалі адукацыю ў вялікім горадзе, пераезд у значна меншы населены пункт іх ніколькі не засмуціў. У Брагіне адчуваюць сябе камфортна. Іх прываблівае яго спакойная энергетыка, адсутнасць шуму і натоўпаў, блізкае знаходжанне ўсіх патрэбных аб’ектаў. У распараджэнні – арэндная кватэра. І ад абласнога цэнтра аддзяляе не надта вялікая адлегласць.
Як праводзяць свой вольны час? У прыярытэце – спорт і падарожжы. Маршруты будуюць па ўсёй Беларусі і з упэўненасцю заяўляюць: мясцін, якія ўражваюць сваёй гістарычнай спадчынай, славутасцямі і маляўнічымі краявідамі, у нашай краіне хапае.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
