
Чэмпіянат Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі працягвае трымаць у напружанні балельшчыкаў. Чарговы тур падарыў футбольным аматарам прынцыповы паядынак паміж камандамі Брагіна і Ельска. Гэтая сустрэча мела асаблівы падтэкст пасля скандальнага першага матча: тады ў Брагіне госці святкавалі перамогу з лікам 0:2, але пазней атрымалі тэхнічнае паражэнне 3:0 з-за ўдзелу «падстаўнога» гульца.
Другі матч праходзіў на полі саперніка ў Ельску і з першых хвілін набыў бескампрамісны характар. Як расказаў старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка, нашы футбалісты выйшлі на поле матываванымі і адразу пачалі актыўна наступаць на вароты гаспадароў. Супрацьстаянне ішло на сустрэчных курсах, аднак поспех у першай палове сустрэчы быў на баку ельчан, якія рэалізавалі момант і адкрылі лік.
Пасля перапынку тэмп значна ўзрос. Гаспадары поля пачалі гуляць больш агрэсіўна, што стала сур’ёзным выпрабаваннем для нашай дружыны. Ход матча азмрочылі траўмы, якія атрымалі брагінчане адзін за адным. Вымушаныя змены і недахоп рэзервовых футбалістаў істотна паўплывалі на гульнявы патэнцыял каманды, што дазволіла сапернікам павялічыць сваю перавагу.
Нягледзячы на складаныя абставіны, землякі не апусцілі рукі. Ім удалося стварыць небяспечны момант у штрафной плошчы саперніка, які быў рэалізаваны праз дакладны ўдар з пенальці Яўгена Жыжэнкі. Гэты гол падарыў надзею на пералом у гульні, але назапашаная стомленасць і кадравыя страты ў канцы сустрэчы прывялі да таго, што ельчане забілі трэці мяч. Выніковы лік паядынку – 3:1.
Нават на выездзе наша каманда не засталася без падтрымкі – у Ельск прыехала група балельшчыкаў. Футбалісты адзначаюць, што падтрымка землякоў, асабліва на чужым стадыёне, вельмі важная для маральнага духу каманды.
Цяпер брагінчанам неабходна папрацаваць над памылкамі і аднавіць сілы перад наступным выпрабаваннем. Ужо 5 ліпеня ў 16.00 нашы футбалісты сустрэнуцца з камандай Нароўлі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
