
Загадчыца Мікуліцкага сельскага клуба Надзея Гананайка – чалавек, чыё жыццё нагадвае складанае перапляценне ўзораў: ад першых дзіцячых шыўкоў на кавалачках тканіны да ўнікальных аўтэнтычных упрыгожванняў. У яе руках ажываюць забытыя традыцыі Палесся і ператвараюцца з музейных экспанатаў у актуальны сучасны аксэсуар.
Родам яна з Конанаўшчыны, і ў яе сям’і рукадзелле заўсёды было чымсьці большым, чым проста вольны час. Бабуля Кацярына Макараўна, якая не рассталавася з іголкай да 82 гадоў, і мама Надзея Адамаўна прывілі дзяўчынцы трапяткое стаўленне да народнага майстэрства.
Пасля аварыі на ЧАЭС сям’я была вымушана пераехаць у Брэстскую вобласць. Там маленькая Надзя разам з сяброўкай праводзіла гадзіны ў мясцовым атэлье, ператвараючы рэшткі тканіны ў лялечныя ўборы. Гэта дзіцячая цікаўнасць перарасла ў прафесію: атрымаўшы дыплом краўца IV разраду ў Гомельскім каледжы бытавога абслугоўвання, яна назаўсёды звязала сябе са светам эстэтыкі. Пазней, ужо дарослай, скончыла дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Паваротным момантам у творчасці Надзеі стала прапанова дырэктара Брагінскага гістарычнага музея Алесі Даўгулявец. Менавіта яна разгледзела ў загадчыцы сельскага клуба патэнцыял майстра і прапанавала вывучыць этнаграфічную спадчыну рэгіёна праз бісерапляценне.

– Я пагадзілася не раздумваючы, – прызнаецца жанчына. – Пачала працаваць з архіўнымі фота з этнаграфічных экспедыцый. Гэта была карпатлівая даследчая праца: зразумець тэхніку, падабраць колеры, адчуць рытм ўзору.
Першы бранзалет стаў адпраўным пунктам. Сёння ён – яе асабісты талісман, які захоўваецца ў хатняй калекцыі. Цяпер жа Надзея па-майстэрску валодае дзесяткамі тэхнік, узнаўляе традыцыйныя жаночыя ўпрыгожанні, назвы якіх гучаць як музыка: «кружка», «плеценка», «гарлячка», «цыбулька», «сялянка».
У пляценні жанчына прайшла шлях ад станочнага метаду да складанага ручнога ткацтва. Нягледзячы на тое што станок дазваляе паскорыць працэс, майстар аддае перавагу другому спосабу.

– Толькі так можна адчуць кожны рух, укласці ў ўпрыгожванне душу, перадаць тую самую энергетыку, якую нясе ў сабе беларускі строй, – адзначае Надзея.
Яе работы – гэта спроба перакласці мову старажытных сімвалаў на сучасную. Жанчына прыўносіць у вырабы уласны дызайн, захоўвае пры гэтым строгія каноны брагінскага строю. Арнаменты, характэрныя для Падняпроўя, у яе выкананні выглядаюць гарманічна і свежа. Пасля выстаў пацеркавая калекцыя Надзеі раскупляецца амаль імгненна: беларускі цэняць у яе ўпрыгожваннях аўтэнтычнасць, злучаную з лёгкасцю і вытанчанасцю.

За 16 гадоў працы ў клубе – ад радавога супрацоўніка да загадчыцы – яна паспела стаць лідэрам у культурным жыцці раёна. З 2016 года жанчына паспяхова асвоіла мастацтва батлейкі, адраджала традыцыі беларускага народнага тэатра лялек.
Майстар-класы Надзеі Гананайкі – асобная гісторыя. Сёння яна дзеліцца сакрэтамі майстэрства ў многіх гарадах краіны. Прыемна, што любоў да рамяства знайшла водгук і ў яе ўласнай сям’і.
Надзея – мама дваіх дзяцей. Старэйшая дачка Вольга працуе фельчарам-лабарантам у Гомелі і паралельна вучыцца. Яна доўгі час з цікавасцю назірала за мамінай карпатлівай працай. Нядаўна Вольга сама прысела да станка і, зрабіўшы першыя вырабы, прызналася: «Мама, гэта сапраўды зацягвае!». Сын Раман, вучанік мясцовай школы, пакуль заняты адукацыяй, але заўсёды падтрымлівае пачынанні маці.
У рэдкія хвіліны адпачынку жанчына не сядзіць без справы. Яна любіць рэстаўрыраваць старую мэблю, гатаваць смачныя хатнія стравы і, вядома, шыць – навык, атрыманы ў юнацтве, застаецца яе «базай».
Зараз Надзея Гананайка актыўна рыхтуецца да новага этапу – дэманстрацыі сваіх работ на «Славянскім базары ў Віцебску». Гэта прызнанне высокага ўзроўню яе майстэрства і пацвярджэнне таго, што традыцыйнае беларускае рамяство жыве і развіваецца.
Акрамя гэтага, яна працягвае ствараць тэкстыльныя каралі, але менавіта пацеркі сталі той «ніткай», якая звязала яе асабісты лёс з лёсам цэлага краю.
– Жанчыны ва ўсе часы хацелі быць прыгожымі, – кажа Надзея. – І праз нашы традыцыйныя ўпрыгажэнні яны транслявалі не толькі дастатак, але і сваю духоўнасць, сваю сувязь з зямлёй. Я проста дапамагаю гэтай традыцыі жыць.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
