Без сярпоў і кос. Калі пачалася гісторыя першага ў свеце камбайна і хто стаў яго вынаходнікам

Грамадства

Камбайны айчыннай вытворчасці даўно сталі звыклымі на нашых нівах. Добра ведаюць іх і ў Расіі, Казахстане, іншых замежных краінах – беларуская сельгастэхніка карыстаецца попытам.

Між тым гісторыя стварэння першай збожжаўборачнай машыны пачалася яшчэ ў 1868 годзе, і яе вынаходнікам стаў наш зямляк з Магілёўскай губерні – Андрэй Уласенка. Вядома, што ў 1865 годзе ён скончыў Горы-Горацкае земляробчае вучылішча і атрымаў, калі гаварыць па-сучаснаму, спецыяльнасць агранома. Яго запрасіў на працу буйны землеўладальнік Іван Навасільцаў – у якасці кіраўніка сельскагаспадарчага маёнтка ў сяле Барысаўскім Бежацкага павета Цвярской губерні.

Тады, дарэчы, сяляне збіралі ўраджай збожжавых з дапамогай кос і сярпоў, а для малацьбы выкарыстоўвалі звычайны цэп. Усюды – толькі цяжкая ручная праца. Таму створаны прататып збожжаўборачнага камбайна стаў сапраўдным прарывам – ва ўсялякім выпадку, у дакументальнай гісторыі сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі.

Сам жа Андрэй Уласенка, які зрабіў і выпрабаваў такую машыну ў ліпені 1868 года, называў яе «коннай збожжаўборкай на корані». Яна паспяхова ажыццяўляла складаны працэс зразання каласоў, іх падачы ў барабан малатарні і абмалоту падчас руху. Атрыманая сумесь збожжа і мякіны паступала ў спецыяльны бункер. Камбайн рухалі тры (у складаных умовах – чатыры) кані і абслугоўвалі два чалавекі.

Пасля выпрабаванняў навінкі, якія праходзілі па месцы працы агранома з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў Дэпартамента земляробства, водгукі былі самыя станоўчыя: выдатная прадукцыйнасць і невялікія страты збожжа. Камісія, якая назірала за ўборкай аўса і ячменю, дала высокую ацэнку канструкцыі машыны і яе працы.

«Власенко изобрёл машину, которая сразу выполняет работу двух машин – жнейки и молотилки», – пісала 4 студзеня 1869 года «Земледельческая газета». У параўнанні з уборкай сярпом і малацьбой цапом гэты камбайн эканоміў працу ў 20 разоў, а ў параўнанні з самай дасканалай тады машынай – амерыканскай жняяркай «Мак-Кормик» – у 8 разоў, скарачаючы і страты збожжа, якія складалі за «амерыканкай» 10–30 пудоў на дзесяціне.

У канцы 1868 года Уласенка звярнуўся ў Дэпартамент земляробства з прашэннем даць яму дзесяцігадовую прывілею (па сутнасці, патэнт на 10 гадоў) на вынайдзеную ім машыну. У апісанні было сказана: «Цель и назначение такой машины, как показывает само название, убирать хлеб прямо с корня зерном. Всякому и мало знакомому с земледелием известно, сколько отнимает рабочих рук уборка хлеба и молотьба и с какими часто сопряжены бывают затруднениями и потерями для хозяйства эти работы, особенно в степных губерниях, где не редкость, что хлеб остается неубранным… После долгих разысканий наилучшего способа, который соответствовал бы цели, я, наконец, достиг, по-видимому, желаемого результата, устроив такую машину, которая снимает хлеб прямо зерном, так что требуется только одно отвеивание зерна от мякины».

А вось што пісаў аўтар новай машыны пра яе перавагі. Па-першае, збор ураджаю становіцца менш залежным ад надвор’я. Па-другое, ухіляецца страта збожжа, непазбежная пры цяперашніх спосабах уборкі, калі яно губляецца як падчас жніва ці касьбы, так і пры перавозцы снапоў, іх стаянні ў полі, захоўванні ў сціртах ці хлявах. Па-трэцяе, гэта вялікая эканомія рабочых рук у летнюю і восеньскую пару.

Як вынік – прывілею Андрэй Уласенка атрымаў. Больш за тое, у красавіку 1887 года ён быў узнагароджаны залатым медалём Вольнага эканамічнага таварыства «за высокакарысную дзейнасць». Але наладзіць масавую вытворчасць камбайна так і не ўдалося. Тлумачэнне міністра земляробства: «Выкананне складанай машыны не пад сілу нашым механічным заводам».

Два тэставыя экзэмпляры камбайна, якія Уласенка зрабіў за свой кошт, прапрацавалі да свайго поўнага зносу.

За мяжой падобная машына з’явілася значна пазней – у 1879 годдзе ў ЗША. Яна атрымала назву камбайна, аднак па параметрах саступала вынаходству Андрэя Уласенкі. Амерыканская навінка прыводзілася ў рух 24 муламі, абслугоўвалася сямю рабочымі і губляла «изрядно» збожжа. Канструктары ЗША адсталі ад выпускніка з Горак на 11 гадоў.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.