Брагіншчына спартыўная. Якія выпускніцы Крыўчанскай школы прынеслі спартыўную славу раёну ў савецкі час

Грамадства Спорт

Таццяна Гарбацюк і Надзея Прышчэпава.

У 1950-я гады, калі ў БССР было створана добраахвотнае спартыўнае таварыства «Калгаснік» (у далейшым – «Ураджай»), фізкультурна-спартыўны рух актывізаваўся на сяле. У тым ліку на Брагіншчыне.

Як сведчаць лічбы, у канцы 60-х – пачатку 70-х у раёне дзейнічалі 32 сельскія калектывы фізкультуры, і ў іх налічвалася больш за пяць тысяч чалавек. Брагінскія спартсмены паспяхова выступалі на абласных і міжраённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, футболе і інш. А трэніроўкі праходзілі пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў, пераважна – выкладчыкаў фізкультуры мясцовых школ.

У 1963 годзе залатой рэкардсменкай рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкаатлетычным кросе стала 10-класніца Крыўчанскай сярэдняй школы Надзея Прышчэпава. І яна ж у складзе зборнай Беларусі паспяхова выступіла на Усесаюзных спаборніцтвах у Маскве, прысвечаных XIII з’езду прафсаюзаў СССР.

Другая выхаванка гэтай жа школы, а ў далейшым – Гомельскай школы-інтэрната спартыўнага профілю Таццяна Гарбацюк заявіла аб сабе ў 1975 годзе на спаборніцтвах на кубак СССР – на прыз газеты «Известия». Вось што аб гэтым 11 верасня таго ж года чыталі падпісчыкі «Маяка Палесся»:

«Яшчэ некалькі метраў – і канец фінішнай прамой.

– Пераможцай на дыстанцыі 400 метраў сярод дзяўчат стала гамяльчанка Таня Гарбацюк! – аб’явіў па рэпрадуктарах суддзя-інфарматар.

Гэта было ў час спаборніцтваў лёгкаатлетаў на кубак СССР – кубак газеты «Известия», якія праходзілі на гомельскім стадыёне «Лакаматыў». У той жа дзень дзяўчына ўдзельнічала ў эстафетным бегу 4х400 метраў і дапамагла камандзе Гомеля заняць чацвёртае месца.

Абараняючы спартыўны гонар свайго завода, горада, вобласці, Таня заўсёды помніць родны Брагінскі раён, Крыўчанскую школу, якія далі ёй пуцёўку ў вялікі спорт».

У моладзі асаблівай папулярнасцю з 80-х гадоў карыстаўся футбол. Былі аматары і інтэлектуальных баталій.

Пакуль аварыя на ЧАЭС не закрапнула радыяцыяй нашы населеныя пункты, у вёсцы Калыбань жыў вядомы не толькі на Брагіншчыне майстар па шахматнай кампазіцыі Аляксей Петруненка. На яго рахунку – другое месца ў першынстве Гомельшчыны па складанні шахматных задач і эцюдаў, чацвёртае – на буйнейшым конкурсе рыжскага часопіса «Шахматы», у якім прымалі ўдзел мацнейшыя шахматныя кампазітары.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.