Парадавалі, здзівілі, зачаравалі

Грамадства

Агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў “Брагінская музычная вясна” праводзяцца раз у два гады, і кожны з іх дае магчымасць выявіць  і падтрымаць новыя таленты, парадавацца таму, што іх на Брагіншчыне шмат. Непаўторных, адметных, па-свойму яркіх і самабытных.


Адкрыла конкурс Лідзія Дзяцел, намеснік загадчыцы  ясляў-сада Камарына. Песня “Удовы Расіі”, нібы напісаная для яе голасу,  перанесла ў тыя далёкія “ракавыя саракавыя”, перадала атмасферу трывогі і чакання, нявыказанай жаночай любові і вернасці каханым, якіх забрала вайна. Пасля першага канцэртнага нумара зразумела, што мерапрыемства будзе насычаным і цікавым. Працягвалі яго самадзейныя артысты з Бярозак і Новай Іёлчы.


Змяніў іх калектыў Буркоўскага цэнтра культуры і вольнага часу, дарэчы, і здзівіў таксама. У першую чаргу дуэтам у складзе Вікторыі Прымак і Алега Раманюка (парных спеваў на працягу канцэртнай праграмы было некалькі, і ўсе заслугоўвалі ўвагі).  Вікторыя Прымак прадстаўляла таксама Буркоўскую школу, у гэтай навучальнай установе настаўніцай пачатковых класаў працуе два гады. Выйшла на сцэну і дзіцячая вакальная група – адзіны дзіцячы калектыў, які прыняў удзел у “Брагінскай музычнай вясне” з песняй “Не адымайце сонца ў дзяцей”. Заслуга ў гэтым выкладчыка Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў Ігара Сінілы.


Песні патрыятычнага характару выбраў для сябе на гэты раз настаўнік мовы і літаратуры Буркоўскай сярэдняй  школы Мікалай Малочка.  Словы “Балады аб фарбах пранікалі ў душу. Гучыць яна сёння рэдка, і ўсё ж па-ранейшаму хвалюе, пачуцці білі цераз край, калі яе слухала, таму пра сябе падпявала.


Праграма, вынесеная на суд журы Камарынскім культурна-спартыўным цэнтрам, цікавая, насычаная, вытрыманая ў народных традыцыях, брала гледача ў палон. Прыгожыя галасы, касцюмы, артыстызм – камарынцаў не зблытаеш ні з якім іншым калектывам. У думках адзначыла, што пасля іх наступным удзельнікам конкурсу будзе цяжка звярнуць на сябе  ўвагу і застацца ў памяці. Магчыма, так і было б, калі б на сцэну не выйшлі прадстаўнікі Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія прадэманстравалі выдатныя спевы і галасы, салістаў.


Асарэвіцкі Дом народнай творчасці цалкам адпавядаў сваёй назве. Песні ў выкананні самадзейных артыстаў гучалі так, як іх спявалі раней у народзе. Аўтэнтычны фальклор захаваўся толькі тут, таму такая цікавасць да выступлення невялікага калектыву была і ў гледачоў, і ў журы. Пачулі яны і асарэвіцкіх прыпевачніц.


Добра падрыхтаваліся да выступлення на сцэне РДК удзельнікі мастацкай самадзейнасці з Кірава. У кожнай мелодыі – шчырасць і пачуцці. Загадчыца сельскага клуба Марына Хікматава прыцягнула да ўдзелу ў мерапрыемстве раённага маштабу трох юнакоў, якія спявалі пад гітару папулярныя сярод моладзі песні, чыталі вершы. Было гэта незвычайна, цікава.


А вось праграма, складзеная і прадстаўленая калектывам Мікуліцкай школы, на погляд членаў журы, была найбольш вытрыманай, ідэйнай, мэтанакіраванай. Да таго ж і прагучала на прыгожай беларускай мове, парадавала аўтарскай творчасцю. Верш напісала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Чарнянок (малады спецыяліст, прыбыла да нас з Брэсцкай вобласці), а прачытала яго настаўніца геаграфіі Вольга Генушава. Дарэчы, Ірына Чарнянок выканала і дзве песні.


Здзіўляешся заўсёды творчаму падыходу да такіх мерапрыемстваў выхавальніц санаторных ясляў-сада Брагіна. Нагадалі яны прысутным пра існаванне прадметаў сялянскага ўжытку, якія сёння лічацца рарытэтам: чыгунок, качаргу, пральную дошку, самавар. Прычым, зрабілі гэта ў жартаўлівай музычнай форме, выкарысталі іх у якасці музычных інструментаў. Ды і танцавалі прыгожа, грацыёзна. Такія педагогі могуць многаму навучыць нашых дзяцей, а галоўнае – прывіць любоў да народнай творчасці, спадчыны.


Высокае выканаўчае майстэрства, як заўсёды, прадэманстравала трыа з Камарынскай дзіцячай школы мастацтваў у складзе баяністаў Юрыя Піляка, Васіля Сукача і цымбалісткі Таццяны Музыкінай, выпускніцы гэтай жа навучальнай установы. Яна закончыла Мазырскі музычны каледж і працягвае вучобу ва ўніверсітэце культуры.


Выступленне, падрыхтаванае да агляду супрацоўнікамі і самадзейнымі артыстамі Брагінскага раённага Дома культуры, неабходна глядзець па-за конкурсам. І таму, што яно насычанае, змястоўнае,  і таму, што ўдзел у ім прымалі людзі, якія аказваюць дапамогу іншым (маецца на ўвазе ў прафесійным плане), і таму, што сабраліся разам выканаўцы, якімі мы ганарымся і якія прадстаўляюць наш раён  на іншых аглядах, у тым ліку рэспубліканскіх. Былі песні, танцы, жарты, а ў дадатак – шматгалоссе мужчынскага калектыву, які нездарма параўноўваюць з хорам Турэцкага і якому дасталася шмат апладысментаў.


Не згубіліся ў агульным моры музыкі і спеваў канцэртныя нумары, падрыхтаваныя красненцамі. Прыгожы голас Наталлі Цеслянок на Брагіншчыне ведаюць, любяць песні ў яе выкананні. І рускія, і беларускія, і ўкраінскія. Спявала яна і на гэты раз. “Які цудоўны дуэт!”, – пачула ў зале, калі на сцэне з’явіліся Марына і Алеся Прыходчук. Гледачам спявачкі падаравалі добры настрой і станоўчыя эмоцыі.


А завяршылі конкурсную праграму выкладчыкі і вучні Брагінскай школы мастацтваў. У якасці канферансье выступілі дзеці. Інструментальны аркестр выканаў некалькі мелодый, дзве песні – “Поле памяці” і “Казакі”праспяваў Ігар Сініла, адну – “Тры чарапахі” з рэпертуару беларускай групы N.R.M. – Віталій Таполя пад уласны акампанемент. Годнае выступленне, цудоўны заключны акорд.


Усе конкурсныя праграмы суправаджаліся літаратурным тэкстам, у асноўным – вершаванымі радкамі. На думку членаў журы, лепш было б, калі б гучалі яны на адной мове – або рускай, або беларускай. Магчыма, гэта было б не так прыкметна, калі б творы класікаў  дэкламаваліся  не адзін за другім, а хаця б цераз канцэртны нумар.


І яшчэ. Былі прадстаўлены толькі дзве сферы – культура і адукацыя. А дзе астатнія?


З іх меркаваннем пагадзілася і загадчыца аддзела культуры, якая ўзначальвала судзейскую каманду, Ліна Пятніцкая: “Самадзейнасць ёсць у многіх калектывах, і ад удзелу ў галіновых конкурсах яны не адмаўляюцца. Нашы спецыялісты дапамагаюць ім і з запісам фанаграмы, і з падборам рэпертуару, пастаноўкай нумароў. А вось калі чарга даходзіць да раённага агляду, чамусьці застаюцца ўбаку. Не ведаю, у чым прычына.


Заснавальнікам “Брагінскай музычнай вясны” з’яўляецца раённы выканаўчы камітэт, падрыхтаваны неблагія прызы. Той, хто іх атрымае, будзе задаволены”.


Пераможцы восьмага раённага агляду-конкурсу “Брагінская музычная вясна” будуць узнагароджаны ў розных жанрах мастацкай самадзейнасці граматамі Брагінскага раённага выканаўчага камітэта за першае, другое і трэцяе месцы (калектывы), удзельнікі па намінацыях – дыпломамі, спецыяльнымі падарункамі і прызамі. Заключны канцэрт адбудзецца ў Дзень Перамогі. Тады ж стануць вядомы і дыпламанты.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *