ЭНЕРГІЯ ПАЗІТЫВУ

Грамадства

Дзяржаўнае  ўнітарнае  прадпрыемства  “Гомельэнерга”  адзначыла сваё 50-годдзе шырока і падаравала свята не толькі супрацоўнікам арганізацыі,  але  і  ўсім брагінчанам.  Мерапрыемства  адбылося ў суботу  на стадыёне райцэнтра.  Але спачатку энергетыкі  палічылі сваім абавязкам аддаць даніну павагі  Васілю Ігнаценку,  чалавеку, які адзін з першых кінуўся тушыць пажар на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і цаною   свайго   жыцця   выратаваў жыцці  многіх   людзей.  Да помніка мужнаму пажарнаму яны ўсклалі кветкі.  Потым калона з матацыклаў і рэтра-тэхнікі накіравалася на стадыён.


З прывітальным словам да прысутных звярнуўся генеральны дырэктар ДУП “Гомельэнерга” Аляксандр Петух, які адзначыў, што энергетыка ў сучасным свеце з’яўляецца  асновай росквіту грамадства. Менавіта ад энергетычнай галіны напрамую залежыць бесперабойная праца прамысловых прадпрыемстваў, дзяржаўных устаноў, школ, бальніц, цеплыня і ўтульнасць  у дамах, іншымі словамі,  якасць жыцця кожнага чалавека.


Разам з энергетыкамі раён наведалі прадстаўнікі Гомельскага мотаклуба “Начныя ваўкі”.  Гэта не проста байкеры, а людзі, якія нясуць навакольным пазітыўную энергію свабоды і дабра. Яны аб’ядноўваюць вакол сябе моладзь, паказваючы на асабістым прыкладзе, што спорт і мотатэхніка могуць зрабіць жыццё кожнага цікавым і насычаным. І ніякія цыгарэты, алкаголь і наркотыкі ніколі не заменяць  сапраўднага “кайфу” ад добрых спраў як на карысць Радзімы, так і для людзей, якія знаходзяцца побач  і  якім патрэбна дапамога.  А каб і юныя брагінчане мелі магчымасць атрымаць навыкі кіравання, паспрабаваць свае сілы ў аўтамеханіцы, прадстаўнікі ДУП “Гомельэнерга”  перадалі раённаму аддзелу адукацыі матацыкл “Мінск” з пажаданнямі адкрыць у школе мотасекцыю.  Школьная бібліятэка атрымала ад іх жа камплект  кніг  “Чорны бусел – белы цень” Анатоля Бароўскага аб энергетыках Гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне.


Разнастайнасцю стыляў і багаццем убранняў зачароўвалі гледачоў танцавальныя нумары заслужанага аматарскага калектыву  Рэспублікі Беларусь  “Скарбонка”  Мазырскіх цеплавых сетак ДУП “Гомельэнерга”,  які  прапанаваў увазе  брагінчан  цудоўную канцэртную праграму. Выдатныя вакальныя даныя  прадэманстравалі і салісты ансамбля, выконваючы  лірычныя і бадзёрыя песні.


Але, напэўна, найбольшую цікавасць у прысутных выклікала выстава рэтра-тэхнікі. Акрамя аўтамабіляў розных гадоў выпуску, тут знаходзіліся і матацыклы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Прычым усё было ў спраўным стане. Вядома ж, брагінчане выкарысталі магчымасць сфатаграфавацца з прадукцыяй савецкага аўтапрома, якая даўно адышла ў гісторыю. Аднак  асаблівай папулярнасцю ў той дзень карыстаўся аўтамабіль “Steyr-220” аўстрыйскай вытворчасці, выпушчаны ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Дарэчы, уся тэхніка знаходзіцца ва ўласнасці супрацоўнікаў прадпрыемства, якія належна яе даглядаюць. Не  было  адбою і ад жадаючых зрабіць фотаздымкі каля матацыклаў  “Начных ваўкоў”.     Дзецям   нават дазвалялася   пасядзець на іх.


Тут жа разгарнулася выстава  малюнкаў вучняў Брагінскай СШ на тэму электрабяспекі.  На  стэндзе  Брагінскага ўчастка “Энерганагляд” таксама можна  было  ўбачыць, як нельга  сябе паводзіць, каб не трапіць пад  высокае  напружанне. 


Дзве  гадзіны,  якія былі адведзены  для  мерапрыемства,  праляцелі  хутка.  Брагінчане засталіся  задаволенымі  і  выставай  тэхнікі, і  канцэртам.  Разыходзіліся ў вясёлым  настроі,   поўныя  ўражанняў  і   станоўчых эмоцый.


Вольга ПАЛЯШЧУК


Фото здесь



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *