Раённы конкурс навукова-даследчых работ прайшоў у Брагіне

Общество

Dosled-7

Дзяцінства – пара не толькі бестурботная, але і адказная. Бо ад таго, як і чым займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі напачатку свайго жыццёвага шляху, можа залежаць іх будучыня. А пераканацца ў тым, што сучасныя дзеці ахвотна і з захапленнем цікавяцца творчай і даследчай дзейнасцю, можна было на раённым конкурсе “Я – даследчык”, які адбыўся на мінулым тыдні ў Брагінскай СШ.

Паколькі арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца гімназія г.п. Брагіна, канкурсантаў вітаў яе дырэктар Сяргей Агеенка, які пажадаў усім поспехаў. Падтрымаць удзельнікаў прыйшлі і гімназісты.

Пачаўся конкурс з прэзентацыі “Курэнне і здароўе” вучаніцы 11 класа Мікуліцкай СШ Анастасіі Крысенкі. У сваёй рабоце яна даследавала, якія шкодныя рэчывы ўтрымліваюць цыгарэты, і як яны ўплываюць на арганізм чалавека. Дарэчы, прыкмечана, што школьнікі, якія кураць, адстаюць у вучобе, становяцца нервовымі і недысцыплінаванымі.

Dosled-1

Вучняў 9 класа Брагінскай СШ Вераніку Пышнаграеву і Аляксандра Бузько хвалявала пытанне забруджанасці школьнай тэрыторыі радыенуклідамі. Таму яны правялі даследаванне на ўтрыманне ў глебе цэзію, стронцыю і калію.

Радуе, што не пакінулі дзеці без увагі і тэму Вялікай Айчыннай вайны. Так, вучня 4 класа Малейкаўскай СШ Максіма Рака зацікавіла гісторыя з’яўлення на беразе Дняпра стэлы з надпісам “Бессмяротны ваш подзвіг – у сэрцах удзячнага народа”. Як потым высветлілася, ва ўсталяванні помніка некалі прымаў удзел і прадзед хлопчыка. Менавіта яго аповед аб фарсіраванні ракі і дапамог юнаму даследчыку падрыхтавацца да конкурсу. Пазнаёміла журы і прысутных з героямі, якія вызвалялі наш край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і вучаніца 11 класа Камарынскай школы Ірына Баброўнік.

Dosled-2

А ці ведаеце вы, чаму гладыёлусы маюць такую назву? Як трэба зрэзаць кветку, каб яна даўжэй стаяла: прама ці накасяк? І калі гэта лепей рабіць: раніцай ці днём? На гэтыя пытанні шукалі адказы юныя даследчыкі з Вуглоўскай СШ Юлія Хадасок і Ірына Панасевіч. Яны ўзялі некалькі сартоў гладыёлусаў і, пачынаючы ад падрыхтоўкі клубняў да пасадкі, дзень за днём назіралі за дынамікай росту кветак, запісваючы ўсе змены. Пры гэтым яны строга сачылі за правіламі паліву і падкормкі. Дарэчы, даследчая работа школьніц зацікавіла многіх кветкаводаў, якія знаходзіліся ў зале.

Dosled-8

Легенды і паданні сваёй вёскі вывучалі вучаніцы 7 класа Чамярыскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аляксандра Дрывайла і Вольга Фалей. У выніку яны даведаліся, напрыклад, чаму адно з урочышчаў называецца Малочным. Аказваецца, каровы, якія некалі пасвіліся на гэтым месцы, давалі шмат малака. А Лысая Гара завецца так, таму што на ёй нічога не расце. Старажылы кажуць, курган той утварыўся не проста так. У даўнія часы ў вёсцы стаяла царква. Аднойчы пракраліся ў яе злодзеі. Святар хацеў перашкодзіць ім, але рабаўнікі схапілі настаяцеля і зажыва закапалі… Дзяўчынкі таксама расказалі пра дамавіка і русалку, Галкін Круг і Халодны Старык, данеслі шмат іншай цікавай інфармацыі, якую яны атрымалі ў час даследаванняў гісторыі і тапанімікі родных мясцін.

Аб эканоміі энер-гарэсурсаў была работа “Скупы плаціць двойчы”, падрыхтаваная вучаніцай 9 класа Брагінскай СШ Крысцінай Сідарок. У сваім даследаванні яна даказала, што, выкарыстоўчаючы энергазберагальныя лямпы, можна сапраўды сэканоміць нават нягледзечы на іх высокі кошт. Але ж насельніцтва пакуль у большасці сваім карыстаецца лямпачкамі напальвання.

Dosled-3

Злабадзённую тэму закранулі і вучні 9 класа Малажынскай СШ Марыя Чарнянок і Уладзіслаў Маручок. Іх работа “Водныя рэсурсы майго краю” датычылася эканоміі і якасці вады. На думку правесці менавіта такое даследаванне дзяцей навяла аварыя на адной з воданапорных вежаў вёскі. Напэўна, многім даводзілася назіраць малюнак, калі з вежы бяжыць вада, утвараючы побач невялікае возера. І няхай сабе бяжыць, падумаеце вы, лічыльнік жа на ёй не стаіць. Але школьнікі, якія ведаюць, што запасы вады на зямлі не бязмежныя і што на свеце ёсць людзі, якім яе не хапае, вырашылі падлічыць, колькі ж вады бескантрольна выцекла ў нікуды. Дапамаглі ў гэтым настаўнікі геаграфіі і фізікі.

Юныя даследчыкі падлічылі, што за суткі з вежы выліваецца каля 19 м куб. вады, а за тры месяцы – 1710 м куб. Сям’і з сямі чалавек яе хапіла б амаль на 15 гадоў. Калі вядома, што аварыі на воданапорных вежах адбываюцца даволі часта і рамантаваць іх не заўсёды спяшаюцца, то можна толькі ўявіць, колькі вады выцякае дарэмна. Хаця ўсе мы ведаем, што толькі пры правільным і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў сёння нам не давядзецца пакутаваць ад смагі ў будучым. Як, напрыклад, жыхарам некаторых рэгіёнаў Афрыкі, дзе рады нават бруднай вадзе.

Дарэчы, вучні Малажынскай СШ не забыліся даследаваць і якасць вады з вежаў, ад якіх яна па водаправоднай сетцы ідзе ў кватэры вяскоўцаў. Увазе журы яны прапанавалі шклянку з густым налётам і папрасілі выказаць здагадку, праз колькі дзён на сценках з’явіўся такі руды малюнак. Правільны адказ: за суткі, але ж такі кароткі тэрмін ніхто не агучыў. Акрамя таго, юныя даследчыкі прадэманстравалі дзве бутэлькі з мутнай вадкасцю. Нават не праводзячы ніякіх даследаванняў можна было вызначыць, што яе піць нельга – настолькі густы быў асадак. Дарэчы, крыху раней школьнікі для параўнання адправілі экспертам з абласнога цэнтра ваду з вежы і з Дняпра. Высветлілася, што ў рацэ яна чысцейшая. Як кажуць, вынікі рабіце самі.

Dosled-4

На суд кампетэнтнай камісіі вучні вынеслі 13 работ. Даследавалі ўсё: ад трагізму любоўнага пачуцця ў рамане Івана Буніна “Цёмныя алеі” да лексікі архітэктуры і дойлідства ў гаворках Гомельшчыны, ад тыповых памылак пры вывучэнні нямецкай мовы да карысных якасцей шакаладу і інш. І сярод гэтай разнастайнасці патрэбна было вылучыць толькі тры прэзентацыі.

Dosled-5

У выніку бурнай дыскусіі журы ўсё ж прыйшло да адзінага меркавання. Пераможцамі конкурсу сталі юныя даследчыкі Марыя Чарнянок і Уладзіслаў Маручок (Малажын). Другое месца падзялілі паміж сабой Юлія Хадасок і Ірына Панасевіч (Вуглы) і Аляксандра Дрывайла і Вольга Фалей (Чамярысы). Трэцяе месца заняла Крысціна Сідарок (Брагін). Усе яны былі адзначаны дыпломамі. Астатнія ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.

Dosled-6

Дарэчы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец падрыхтаваў падарунак самаму малодшаму ўдзельніку конкурсу. Вучань 4 класа Малейкаўскай СШ Максім Рак атрымаў ад саюза моладзі грамату і флэшку.



Добавить комментарий