Лета нагадала пра сябе: хлебаробы працягваюць атрымліваць падарункі

Грамадства Сельское хозяйство

У гэты халаднаваты і ветраны кастрычніцкі дзень міжволі ўзгадалася жнівеньская пара. Чэрвень. Поле за вёскай. Пад высокім блакітным небам, як на хвалях калышацца высокі ячмень. Ён сёлета паспеў на два тыдні раней, таму ў ААТ “Малажынскі” ладзілі “Зажынкі”. Менавіта гэтае сельгаспрадпрыемства першым у рэспубліцы прыступіла да ўборкі зерневых. Рэпартажы аб пачатку жніва-2014 у нашым раёне змясцілі многія цэнтральныя газеты, як і здымкі хлебаробаў, якім прадстаялі напружаныя і адказныя будні. Гучалі шчырыя пажаданні высокіх намалотаў і добрага надвор’я, новых працоўных перамог. Здаецца, было гэта ўчора, а сёння зямля пераворваецца, рыхтуецца да вясны, каб зноў прыняць адборнае зерне і даць дружныя ўсходы на радасць тым, хто загарнуў яго ў глебу.

Андрэй Гуз і Аляксандр Шапавал
Андрэй Гуз і Аляксандр Шапавал

Зробіць гэта разам з іншымі механізатарамі Андрэй Гуз. Як прызнаўся малады хлебароб, ён рыхтуе плошчы, сее зерневыя і зернебабовыя, а потым убірае іх. Сёлетняе жніво было для яго чацвёртым па ліку, і як паказваюць вынікі, паспяховым. Пераможца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў, удзельнік фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2012”, Андрэй Гуз са сваім нязменным памочнікам Аляксандрам Шапавалам трапілі ў лік лепшых у вобласці і заахвочаны за высокія намалоты абласным камітэтам ГА “БРСМ” падарункамі. Каб уручыць іх і павіншаваць землякоў, выказаць словы падзякі за сумленную працу, у гаспадарку прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва і галоўны спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Вольга Паўлянок.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *