Да працы — з маладым запалам

Грамадства

Uchitel_4

Цёплы летні вечар. Для большасці – звычайны, нічым не адрозны ад іншых, з традыцыйным колам спраў і турбот. А для пасталелых юнакоў у строгіх касцюмах і прыгажунь-дзяўчат у элегантных сукенках – асаблівы: усё, школьная пара закончылася. Кожнага са 144 выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных школ Брагіншчыны, якія сабраліся ў раённым доме культуры, перапаўняе гама эмоцый. Цёплыя словы, шчырыя наказы, пажаданні… І, вядома ж, надзея на тое, што многія пасля заканчэння адпаведных навучальных устаноў вернуцца ў родныя мясціны маладымі спецыялістамі. Было гэта 12 чэрвеня 2010 года.

Добра памятаю, як у той урачысты вечар мы адрасавалі некалькім з маладых лю-дзей пытанне: якой ты бачыш сваю будычыню? І выпускніца Вуглоўскай сярэдняй школы Таццяна Бараноўская шчыра прызналася, што хацела б зарэкамендаваць сябе ў якасці педагога-псіхолага. Пры выбары ВНУ яна кіравалася сваім жаданнем, здольнасцямі і схільнасцямі – аддала перавагу Мазырскаму дзяржаўнаму педуніверсітэту. Пяць год на факультэце дашкольнай і пачатковай адукацыі праляцелі хутка. Для Таццяны, як і для ўсіх студэнтаў, гэта была самая светлая, радасная і насычаная пара, калі знаходзіўся час і на вучобу, і на вясёлыя забавы, цікавыя сустрэчы, знаёмства з горадам. Маладосць і кіпучая дзейнасць, нястрымная энергія, бясспрэчна, непадзельныя. І вось ужо ў руках дзяўчыны – дыплом аб вышэйшай адукацыі. Дзе пачне працу, ведала загадзя – навучалася па мэтавым накіраванні. І ў гэтым бачыць сваю перавагу: родныя мясціны саграваюць, знікае трывога і хваляванне побач з блізкімі, знаёмымі людзьмі. У раён Таццяна Святаславаўна (ужо, дарэчы, не Бараноўская, а Пінчук) вярнулася разам з мужам, ураджэнцам Мазыра. Свае першыя працоўныя крокі ў сістэме адукацыі ён зрабіў у Хойніках, а бягучы навучальны год сямейная пара сустрэла ў Брагінскай сярэдняй школе. Вадзім Анато-льевіч – у якасці настаўніка працоўнага навучання, а Таццяна Святаславаўна сумясціла работу выхавальніцы групы падоўжанага дня з дзейнасцю псіхолага ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Асвойваюцца ў новым калектыве, імкнуцца глыбей унікнуць у сутнасць спраў, абудзіць у дзіцячых сэрцах цікавасць да сваіх заняткаў і мерапрыемстваў, адчуваючы падтрымку і разуменне старэйшых калег. Няхай з цягам часу прыйдзе і пачуццё задавалення ад вынікаў сваёй працы, асэнсаванне таго, што найвышэйшая ўзнагарода для педагога – поспехі яго вучняў і выхаванцаў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *