У студыю «Пушкіна, 8» запрасілі брагінчан

Грамадства

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На наступным тыдні на канале “Беларусь 3” у эфір выйдзе тэлеперадача, гасцямі якой сталі прадстаўнікі Брагінскага раёна. Чарговая тэма ток-шоу “Пушкіна, 8” датычылася 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, таму тое, што ў запісе праграмы прынялі ўдзел нашы землякі, сімвалічна.

У пачатку сустрэчы вядучы Аляксандр Гавенка адзначыў, што аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі з’яўляецца буйнейшай тэхнагеннай катастрофай сучаснасці. 30 гадоў назад радыяцыйнае воблака накрыла большую еўрапейскую частку былога Савецкага Саюза, часткова – іншыя дзяржавы. Як сёння жывуць пацярпелыя рэгіёны? Дакладней – як навучыліся жыць па-новаму? Аб гэтым і не толькі ішла размова з гасцямі студыі, сярод якіх – намеснік начальніка ўпраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Людміла Лісюк, дырэктар рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі”, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Зайцаў, начальнік адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС Васіль Шаблоўскі, дырэктар рэспубліканскага спе-цыялізаванага ўнітарнага прадпрыемства “Палессе” Яўген Белаш.

Як разгортваліся падзеі ў красавіку 1986-га, успомніла і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Мялешка. На той момант яна, настаўніца Брагінскай СШ, займалася эвакуацыяй школьнікаў з райцэнтра. Успамінамі аб сваім дзяцінстве падзялілася таксама каардынатар праграм ГА “Беларускі зялёны крыж” Жанна Чубса, якой тады было ўсяго 11 гадоў.

Далей вядучы звярнуўся да старшыні Брагінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганны Бабрынёвай, у мінулым – намесніка старшыні райвыканкама. Ганна Мікалаеўна распавяла, якімі былі гэтыя 30 год для яе, чалавека, неабыякавага да роднага краю. Адказваючы на пытанні, яна таксама адзначыла, што Брагіншчына ўзяла курс на адраджэнне і ўпэўнена па ім рухаецца з надзеямі на лепшае.

Слова было дадзена і кіраўніку фермерскай гаспа-даркі, дырэктару фонда па падтрымцы прадпрымальніцтва і развіцці сельскіх тэрыторый Кірылу Залаціліну, які ахвотна расказаў, чаму вырашыў стаць фермерам. Некалі Кірыл Аляксандравіч паставіў перад сабой задачу атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю на сваім прысядзібным участку, і паспяхова з ёй справіўся. Сёння зеляніну фермера можна знайсці на прылаўках гандлёвых кропак не толькі Гомельшчыны, але і ў Мінску, Маскве і інш.

Дзякуючы фонду па падтрымцы сельскіх тэрыторый у жыхароў Брагінскага раёна з’явілася магчымасць ажыццявіць і іншыя прадпрымальніцкія ідэі. Напрыклад, ужо некалькі год паспяхова дзейнічае праект па вырошчванні маліны, якім займаецца Аляксандр Чубса.

Аб рабоце з моладдзю, аб мерапрыемствах да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, у якіх задзейнічаны юнакі і дзяўчаты Брагіншчыны, гаварыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс. У прыватнасці, яна ўзгадала новы парк па вуліцы Савецкай райцэнтра, які закладзены актывістамі саюза моладзі да трагічнай даты. Акрамя гэтага, як дапоўніла лідара БРСМ Ганна Мікалаеўна, брагінчане ахвотна прынялі ўдзел у раённым суботніку, сабраныя сродкі накіраваны ў фонд 30-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы. Зараз абнаўляецца помнік Васілю Ігнаценку, які быў у ліку пажарных, што ў тую страшную ноч самааддана кінуліся тушыць агонь на станцыі.

Па ініцыятыве Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй пачаліся здымкі тэматычнага відэафільма, прымеркаванага да гадавіны аварыі. Як паведаміла старшы навуковы супрацоўнік Надзея Мялешка, яго героямі сталі людзі, лёсы якіх цесна перапляліся з чарнобыльскімі падзеямі. Надзея Іванаўна крыху расказала і аб экспазіцыі музея: чым яна ўнікальная і можа зацікавіць турыстаў. Але не будзем сёння раскрываць усе карты…

Эфір ток-шоу “Пушкіна, 8”

з удзелам брагінчан глядзіце

на канале “Беларусь 3”

18 і 25 красавіка,

пачатак – у 18.30.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *