Тэма тыдня: візіт Прэзідэнта Туркменістана ў Беларусь

Грамадства Тема недели

belta

11-12 мая Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі.

Адбыліся перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з туркменскім калегам. Лідары дзвюх дзяржаў правялі сустрэчу ў фармаце сам-насам, а затым сустрэліся ў пашыраным складзе, з удзелам членаў дэлегацый дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў дэталёва абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, што ўяўляюць узаемны інтарэс. Па выніках перагавораў прэзідэнты падпісалі сумесную заяву, накіраваную на далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. У прысутнасці лідараў дзвюх краін падпісаны шэраг іншых двухбаковых дакументаў.

Беларусь гатова абмеркаваць з Туркменістанам супрацоўніцтва на фоне няпростай сітуацыі ў свеце — Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 мая на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у вузкім складзе.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што рады чарговы раз вітаць на беларускай зямлі высокага туркменскага госця. Ён таксама з задавальненнем адзначыў, што заўсёды рады бываць на туркменскай зямлі. «Мяне заўсёды ўражвае навізна ў Ашхабадзе, і мы паціху пачынаем пераймаць усё лепшае ў вас. У той жа час мы гатовы і дзелімся з вамі сваім перадавым вопытам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць прыезду ў Мінск Гурбангулы Бердымухамедава. Ён адзначыў, што на перагаворах трэба будзе разгледзець двухбаковае супрацоўніцтва, а таксама «сітуацыю ў свеце і тое, як яна ўплывае на беларуска-туркменскія адносіны, і што нам трэба зрабіць яшчэ, каб пераадолець тыя негатыўныя з’явы, якія ўплываюць на нас, і не дапусціць большага ўплыву на нашы краіны».

Кіраўнік беларускай дзяржавы акцэнтаваў увагу на той няпростай сітуацыі, што складваецца ў свеце: «І мы — тыя дзяржавы, якія залежаць ад сусветнай кан’юнктуры, хто больш, хто менш, і няма, напэўна, у свеце дзяржаў, якія не залежалі б».

«Гэта значыць, аб’ём пытанняў для абмеркавання ёсць, і ён немалы, — заўважыў беларускі лідар. — І чым больш мы сустракаемся, тым больш з’яўляецца пытанняў, якія мы паспяхова абмяркоўваем, прымаем рашэнні і рэагуем».

Лукашэнка падкрэслівае стратэгічны характар развіцця беларуска-туркменскага супрацоўніцтва

На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 11 мая ў час перагавораў з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным складзе.

«Штогадовыя сустрэчы на вышэйшым узроўні падкрэсліваюць стратэгічны характар беларуска-туркменскіх адносін, узаемную зацікаўленасць у развіцці партнёрства», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Перагаворы ў фармаце сам-насам пацвердзілі падобнасць нашых поглядаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках». Беларускі лідар упэўнены, што так будзе і ў далейшым. Прэзідэнт адзначыў, што і яго туркменскі калега выказаў меркаванне аб падобнасці пазіцый дзвюх дзяржаў па міжнародным парадку дня.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Туркменістан карыстаецца заслужаным аўтарытэтам на сусветнай арэне як прадказальны партнёр, які праводзіць узважаную палітыку. Па ініцыятыве гэтай краіны ажыццяўляюцца інфраструктурныя праекты, якія маюць істотнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Азіі. «Ваша садзейнічанне ў падключэнні да іх Беларусі, аб чым мы толькі што гаварылі, можа стварыць дадатковую аснову для развіцця нашых адносін, яшчэ больш умацаваць вагу Туркменістана ў рэгіёне. На нас у гэтым пытанні вы заўсёды можаце разлічваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: будаўніцтва Гарлыкскага ГАК стымулюе развіццё іншых вектараў супрацоўніцтва

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў партнёрстве Мінска і Ашхабада ўжо ёсць некалькі асноўных напрамкаў, якія надаюць трываласць двухбаковым сувязям. «У першую чаргу гэта будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, якое стымулюе развіццё іншых вектараў супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод значных напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка назваў пастаўкі беларускай тэхнікі. Многія гады беларускія машынабудаўнікі экспартавалі ў Туркменістан трактары, грузавікі, спецыяльна адаптаваныя да туркменскіх кліматычных умоў. «Мы зацікаўлены аднавіць продажы ў ранейшых аб’ёмах», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм па развіцці АПК і транспартнай сеткі ў Туркменістане

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь можа прапанаваць кормаўборачную тэхніку, навясныя і прычапныя агрэгаты, тэхналогіі вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Туркменістан, у тым ліку Гурбангулы Бердымухамедаў, удзяляе значную ўвагу развіццю транспартнай сеткі. «Сумеснае праектаванне інфраструктуры чыгунак у Туркменістане і адпаведнае навучанне персаналу дадуць вам магчымасць у далейшым самастойна вырашаць складаныя тэхнічныя задачы, мы гатовы падключыцца да гэтага пытання. Мы маем магчымасці для ўдзелу ў будаўніцтве туркменскіх магістралей, у тым ліку на ўмовах субпадраду», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Туркменістан сумесна рэалізуюць праект па стварэнні беспілотных авіяцыйных комплексаў

«Нашы краіны дасягнулі адчувальных поспехаў у навукова-тэхнічным узаемадзеянні. Сумесна рэалізуецца высокатэхналагічны праект стварэння ў Туркменістане беспілотных авіяцыйных комплексаў. Прапануем развіваць гэты напрамак», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў час беларускай Нацыянальнай выстаўкі ў Ашхабадзе ў снежні 2015 года была прадэманстравана новая лінейка мадэлей лятальных апаратаў такога тыпу.

На думку Прэзідэнта, перспектыўным рэзервам навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва застаюцца пакуль незадзейнічаныя ў поўнай меры сумесныя праекты ў сферы камп’ютарных тэхналогій.

Беларускія ІТ-кампаніі гатовы прадаўжаць укараненне сучасных тэхналогій у розныя галіны. Размова ідзе аб сістэмах электроннага дакументаабароту, кантролю аплаты праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце, інвентарызацыі жылога фонду Ашхабада.

Беларусь гатова падзяліцца з Туркменістанам вопытам падрыхтоўкі кадраў па рабочых спецыяльнасцях

«З улікам дынамічнага развіцця туркменскай эканомікі мы гатовы падзяліцца вопытам у падрыхтоўцы кадраў па рабочых спецыяльнасцях. Напрыклад, аказаць садзейнічанне ў павышэнні кваліфікацыі выкладчыцкага складу, праектаваць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы будаўнікоў на базе профільных навучальных устаноў Туркменістана», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, парадак дня двухбаковага супрацоўніцтва арганічна дапаўняе дыялог у сферы культуры. Жыхары Беларусі зноў рады сустрэчы з туркменскімі майстрамі мастацтваў. Традыцыі абмену Днямі культуры з’яўляюцца істотным фактарам умацавання дружалюбных адносін паміж двума народамі, перакананы кіраўнік дзяржавы.

Бердымухамедаў: Гарлыкскі ГАК прынясе Беларусі і Туркменістану вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды

Аб гэтым заявіў 11 мая на сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў.

Гурбангулы Бердымухамедаў нагадаў, што Беларусь і Туркменістан аб’яўноўвае вялікі праект па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў. «Гэта праект каласальны, грандыёзны. Думаю, у будучым ён прынясе нам вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды», — сказаў Прэзідэнт Туркменістана. Калійныя ўгнаенні запатрабаваны не толькі ў АПК, але і ў многіх іншых сферах, дадаў ён.

Прэзідэнт Туркменістана з задавальненнем адзначыў добрую работу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў надзею, што Беларусь і Туркменістан знойдуць рэзервы для павелічэння ўзаемнага тавараабароту.

Закранаючы гуманітарны напрамак супрацоўніцтва, Прэзідэнт Туркменістана падзякаваў беларускаму боку за падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў з ліку туркменскай моладзі ў беларускіх ВНУ.

Бердымухамедаў: Беларусь і Туркменістан маюць падобныя пазіцыі на міжнароднай арэне

Кіраўнік туркменскай дзяржавы адзначыў, што падобныя пазіцыі Беларусь і Туркменістан маюць у пытанні неабходнасці забеспячэння стабільнасці і бяспекі ва ўсім свеце, з імі краіны выступаюць у аўтарытэтных міжнародных структурах: ААН, АБСЕ, СНД.

Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця» ў Туркменістане ў снежні 2015 года і высока ацаніў яго выступленне на гэтым форуме.

Туркменскі бок выстаўляе міжнародную ініцыятыву па пытаннях развіцця транзітных транспартных калідораў. Генасамблея ААН прыняла адпаведную рэзалюцыю. У Туркменістане ў бягучым годзе правядуць тэматычны міжнародны форум, на які Гурбангулы Бердымухамедаў запрасіў беларускага лідара.

Прэзідэнт Туркменістана падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам і выказаў упэўненасць, што гэты візіт пасадзейнічае ўмацаванню доўгатэрміновага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Бердымухамедаў: канструктыўная пазіцыя Беларусі і Туркменістана асабліва важная на фоне складаных сусветных працэсаў

Аб гэтым заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным складзе кіраўнік туркменскай дзяржавы Гурбангулы Бердымухамедаў.

«Канструктыўная адказная пазіцыя нашых краін асабліва важная сёння на фоне тых складаных працэсаў, якія адбываюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара», — падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана. Беларускі і туркменскі бакі пацвярджаюць прынцыповы пункт гледжання, што ўсе канфлікты і супярэчнасці павінны вырашацца толькі мірным шляхам.

Адносіны Беларусі і Туркменістана маюць характар доўгатэрміновага і стратэгічнага партнёрства.

Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў, што яны не падпадаюць пад уздзеянне знешняй кан’юнктуры і нацэлены на паслядоўнае стваральнае развіццё на карысць народаў дзвюх краін. Паводле слоў Прэзідэнта Туркменістана, абедзве краіны выступаюць за развіццё ўзаемадзеяння на прынцыпах раўнапраўя, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін. «Прытрымліваючыся іх, Туркменістан і Беларусь будуць і ў далейшым нарошчваць сваё ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях — ААН, АБСЕ, СНД і іншых», — сказаў туркменскі лідар.

Прэзідэнт Туркменістана звярнуў увагу, што на міжнароднай арэне Беларусь нязменна выступае прыхільнікам ініцыятыў Туркменістана ў такіх ключавых напрамках, як глабальная энергабяспека, міжнароднае транспартнае супрацоўніцтва. Беларускі бок выступіў суаўтарам адпаведных рэзалюцый Генасамблеі ААН.

Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў таксама эфектыўнае міжнароднае партнёрства Беларусі і Туркменістана. Краіны падтрымлівалі адна адну, напрыклад, на выбарах у Эканамічны і Сацыяльны савет ААН і шэраг спецыялізаваных камісій і камітэтаў.

Беларусь і Туркменістан пацвярджаюць важнасць далейшага паглыблення палітычнага дыялогу

Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве, якую падпісалі ў Мінску прэзідэнты дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў пацвердзілі важнасць далейшага паглыблення палітычнага дыялогу, пашырэння дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін, практыкі правядзення рэгулярных кансультацый і ўзаемадзеяння на розных узроўнях.

Пры гэтым бакі зыходзяць з узаемнай зацікаўленасці ў прадаўжэнні актыўнага развіцця і ўмацавання шматпланавага супрацоўніцтва на аснове прынцыпаў стратэгічнага партнёрства, раўнапраўя, узаемнай павагі, даверу і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.

Лідары дзвюх краін падкрэслілі неабходнасць каардынацыі намаганняў па многіх актуальных пытаннях ва ўніверсальных і рэгіянальных арганізацыях, членамі якіх з’яўляюцца Беларусь і Туркменістан. «Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі важнасць павышэння ролі ААН і яе інстытутаў у вырашэнні глабальных пытанняў, забеспячэння ўстойлівага развіцця, умацавання бяспекі і стабільнасці ў свеце», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Бакі адзначылі неабходнасць актывізацыі двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў барацьбе з экстрэмізмам, міжнародным тэрарызмам і незаконным абаротам наркотыкаў на аснове міжнародных дагавораў, у якіх удзельнічаюць Беларусь і Туркменістан.

Кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць устанаўлення міру ў Афганістане для падтрымання доўгатэрміновай стабільнасці і бяспекі, а таксама ўстойлівага развіцця рэгіёна Цэнтральнай Азіі. Бакі выказалі гатоўнасць прадаўжаць аказваць садзейнічанне мірнаму аднаўленню Афганістана, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Прэзідэнты таксама пацвердзілі важнасць умацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прыняцця практычных мер для павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю.

Вялікі інтарэс выклікае супрацоўніцтва і абмен вопытам у такіх галінах, як энергетыка, транспарт, дарожнае будаўніцтва, турызм, сельская гаспадарка, тэкстыльная прамысловасць. Акрамя таго, лідары Беларусі і Туркменістана адзначылі важнасць паглыблення супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы і максімальнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу дзвюх краін.

У прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава быў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана, у тым ліку ў сферы культуры, спорту, супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі дзвюх краін і СМІ. Падпісана таксама міжурадавае пагадненне аб вызваленні ад ПДВ пры ўвозе тавараў беларуска-туркменскім гандлёвым домам на тэрыторыю дзвюх краін.

Беларуска-туркменскія дамоўленасці на вышэйшым узроўні паслужаць развіццю дзвюх краін — Лукашэнка

Дасягнутыя на беларуска-туркменскай сустрэчы на вышэйшым узроўні дамоўленасці і падпісаныя дакументы паслужаць развіццю Беларусі і Туркменістана, а таксама будуць садзейнічаць умацаванню спрыяльнай атмасферы двухбаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 мая прадстаўнікам СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Туркменістан з’яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. «Гэта брацкая нам краіна, мы высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на далейшае плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках. Забароненых тэм у нашых адносінах няма», — запэўніў беларускі лідар.

Паміж Беларуссю і Туркменістанам няма абсалютна ніякіх праблем у палітычнай сферы — Лукашэнка

«У палітычнай сферы ў нас з туркменскімі сябрамі няма абсалютна ніякіх праблем. Мы адзначаем падабенства нашых падыходаў у знешняй палітыцы, нашага бачання міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыі», — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць таго, што Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках і ўпэўнены — так будзе і ў далейшым.

На яго думку, насычаны парадак дня гандлёва-эканамічных і палітычных кантактаў арганічна дапаўняецца гуманітарным супрацоўніцтвам. У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці туркменскіх грамадзян, якія імкнуцца атрымаць адукацыю ў Беларусі. Краіна гатова і далей аказваць падтрымку ў падрыхтоўцы навуковых і спецыялізаваных кадраў для Туркменістана. Аляксандр Лукашэнка назваў пазітыўным фактарам для развіцця ўзаемадзеяння падтрыманне актыўных кантактаў у сферы культуры.

Беларусь і Туркменістан дамовіліся аб узаемных кроках па нарошчванні двухбаковага тавараабароту

«Сёння мы чарговы раз адкрыта, канструктыўна абмеркавалі з маім калегам, сябрам, Прэзідэнтам Туркменістана ўвесь спектр пытанняў беларуска-туркменскага ўзаемадзеяння, асабліва адзначылі пазітыўны і плённы характар двухбаковых кантактаў», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што Туркменістан належыць да ліку стратэгічных партнёраў, з ім нас звязваюць дружалюбныя і шчырыя адносіны. Гэта пацвярджаецца і штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў дзяржаў у Мінску і Ашхабадзе.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, узаемавыгадны гандаль з’яўляецца асновай беларуска-туркменскіх адносін. «У сувязі з гэтым нас, безумоўна, хвалюе спад двухбаковага тавараабароту, які назіраўся апошнія два гады, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела, для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны, аднак мы павінны зрабіць усе неабходныя крокі для выпраўлення такой сітуацыі, уключаючы пошук новых форм і метадаў работы, на чым і засяродзілі ўвагу сёння на перагаворах».

Па выніках першых месяцаў бягучага года назіраецца пазітыўная дынаміка гандлю — тавараабарот павялічыўся амаль на 75 працэнтаў. Аднак, як лічыць кіраўнік дзяржавы, гэта не павінна супакойваць.

Таму ў ходзе перагавораў былі намечаны новыя перспектывы і абазначаны канкрэтныя праекты ўзаемнага супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферах транспарту і навукі.

Акрамя таго, дасягнуты шэраг дамоўленасцей, якія дадуць магчымасць узмацніць узаемадзеянне паміж краінамі ў галіне гандлю, адукацыі, культуры і спорту.

Беларусь гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана шляхам паставак тэхнікі

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, абодва бакі згадзіліся з тым, што патэнцыял нашага партнёрства значна вышэйшы і яго неабходна выкарыстоўваць у поўнай меры. «У кантэксце развіцця транзітна-транспартнай інфраструктуры нам ёсць што прапанаваць туркменскім партнёрам у сферы дарожнага будаўніцтва, праектавання і мадэрнізацыі дарог, газа- і трубаправодаў, будаўніцтва энергетычных аб’ектаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна выкарыстоўваць узаемны патэнцыял для сумеснай рэалізацыі інфраструктурных праектаў рэгіянальнага маштабу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што інтарэсам дзвюх краін таксама адпавядае развіццё супрацоўніцтва ў сферах навукі і новых тэхналогій, адукацыі і аховы здароўя.

Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана дамовіліся завяршыць будаўніцтва Гарлыкскага ГАК у 2017 годзе

«Безумоўна, ключавым сумесным праектам па-ранейшаму застаецца будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Рэалізацыі гэтага праекта беларускі бок удзяляе першарадную ўвагу». Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб дасягнутай на перагаворах дамоўленасці запусціць камбінат у намечаныя тэрміны.

Прэзідэнт Туркменістана ў сваю чаргу запэўніў, што ГАК плануецца здаць у 2017 годзе.

Туркменістан разглядае Беларусь як перспектыўнага партнёра па маштабным транзітным праекце

Аб гэтым па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам кіраўнік туркменскай дзяржавы Гурбангулы Бердымухамедаў.

Вялікая ўвага ў час перагавораў была ўдзелена перспектывам супрацоўніцтва ў галіне транспарту. Гурбангулы Бердымухамедаў расказаў, што Туркменістан разам з партнёрамі стварае разгалінаваную сетку транспартнай транзітнай лагістычнай інфраструктуры камбінаванага тыпу. Яна будзе ўключаць у сябе транзітныя кантынентальныя калідоры, якія ідуць у рэгіёны басейнаў Каспійскага, Чорнага, Балтыйскага мораў.

«Мы разглядаем Беларусь, якая мае сучасную інфраструктуру і выгаднае геаграфічнае размяшчэнне, як перспектыўнага партнёра ў ажыццяўленні гэтых планаў», — адзначыў Прэзідэнт Туркменістана.

Вялікае значэнне Беларусь і Туркменістан надаюць і пашырэнню партнёрскіх сувязей паміж бізнес-супольнасцямі. «Тут ёсць вялікія рэзервы па дыверсіфікацыі нашага супрацоўніцтва, па стварэнні сумесных прадпрыемстваў, новых форм кааперацыі ў сферах вытворчасці, сэрвісу і перапрацоўкі», — сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў. Бакі дамовіліся, што гэтыя ўзаемныя дзелавыя сувязі будуць падтрымлівацца на ўзроўні дзяржавы.

Туркменскі лідар падкрэсліў, што Туркменістан у асобе Беларусі мае даўняга, надзейнага і адказнага партнёра. Паказальным прыкладам рэалізацыі сумеснага патэнцыялу з’яўляецца будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў.

У час перагавораў бакі дамовіліся нарошчваць партнёрства ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, тэкстыльнай галіне, будаўніцтве і па шэрагу іншых напрамкаў. Паводле слоў Гурбангулы Бердымухамедава, будуць прыняты неабходныя меры для павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю і яго дыверсіфікацыі.

Важным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца таксама паліўна-энергетычная сфера. «Туркменістан гатовы да павелічэння паставак у Беларусь прадукцыі паліўна-энергетычнага комплексу, ажыццяўлення многіх іншых сумесных праектаў», — дадаў Прэзідэнт Туркменістана.

Беларусь і Туркменістан будуць нарошчваць узаемадзеянне ў падрыхтоўцы кадраў

На перагаворах была дасягнута дамоўленасць аб далейшым пашырэнні форм і напрамкаў супрацоўніцтва ў навуковай, адукацыйнай сферах. Туркменістан, як адзначыў Гурбангулы Бердымухамедаў, разглядае Беларусь у якасці аднаго з галоўных партнёраў у падрыхтоўцы кадраў. Бакі будуць паслядоўна нарошчваць узаемадзеянне па гэтай лініі.

Асаблівае значэнне надаецца гуманітарнаму складніку адносін. «Мы будзем усяляк падтрымліваць імкненне народаў да цеснага ўзаемадзеяння, вывучэння багатай культурнай гістарычнай спадчыны дзвюх краін, ствараць умовы для творчага супрацоўніцтва дзеячаў культуры, мастацтваў», — падкрэсліў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Падводзячы вынікі свайго візіту ў Беларусь, Прэзідэнт Туркменістана адзначыў, што бакі яшчэ раз прадэманстравалі прыхільнасць і імкненне да цеснага і шматпланавага супрацоўніцтва.

Лукашэнка: пасольства Туркменістана ў Беларусі павінна стаць цэнтрам двухбаковага супрацоўніцтва

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 мая, выступаючы на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў туркменскага пасольства ў Мінску.

Кіраўнік дзяржавы лічыць глыбока сімвалічным, што ў знамянальныя для ўсіх краін Садружнасці Незалежнасці Дзяржаў, у тым ліку Туркменістана і Беларусі, дні святкавання Вялікай Перамогі адкрываецца ў цэнтры Мінска комплекс будынкаў пасольства брацкага Туркменістана. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што паўтара года таму яны разам з Прэзідэнтам Туркменістана закладвалі капсулу ў фундамент будынка. А сёння ўжо ўзведзены аб’ект, які па праву з’яўляецца дастойным архітэктурным упрыгажэннем сталіцы.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларуссю ўдзялялася максімум увагі на ўсіх этапах будаўніцтва комплексу. Гэта датычылася як устанаўлення адпаведных падатковых ільгот, так і стварэння інфраструктуры, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі.

«Упэўнены, што пасольства стане цэнтрам прыцяжэння беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. А дыпламаты, якія будуць тут працаваць, унясуць свой важкі ўклад ва ўмацаванне шчырай дружбы паміж нашымі народамі і дзелавога партнёрства паміж дзяржавамі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі вучыцца нямала туркменскіх студэнтаў, якія пасля вучобы павязуць з сабой часцінку беларускай душы і будуць у далейшым змацоўваць сваёй дзейнасцю беларуска-туркменскую дружбу. А аснова гэтай дружбы закладваецца ў Мінску.

«Безумоўна, гэтым дэманструецца ўзаемная ўпэўненасць у доўгатэрміновым характары двухбаковых адносін, нацэленасць на іх развіццё і паглыбленне. Тым больш, што ў нас ёсць шэраг маштабных праектаў, рэалізацыя якіх паслужыць на карысць нашых краін», — падкрэсліў беларускі лідар.

Урачыстая цырымонія адкрыцця комплексу будынкаў туркменскага пасольства адбылася з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Акрамя таго, у мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі туркменскай дэлегацыі і студэнцкая моладзь, якая навучаецца ў Беларусі.

Бердымухамедаў упэўнены ў нарошчванні дынамікі беларуска-туркменскага супрацоўніцтва

Аб гэтым ён заявіў 12 мая на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі.

Як адзначыў туркменскі лідар, «новы будынак будзе стаяць на трывалым фундаменце двухбаковай дружбы і ўзаемаразумення». Ён лічыць, што пасольства Туркменістана будзе актыўна працаваць на карысць далейшага развіцця двухбаковых сувязей. «Работа пасольства павінна адпавядаць высокаму ўзроўню беларуска-туркменскіх адносін», — падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.

Ён адзначыў, што з туркменскага боку ёсць выразная нацэленасць на дасягненне канкрэтных высокіх вынікаў ва ўзаемадзеянні паміж Туркменістанам і Беларуссю.

Кантакты дзвюх краін характарызуюцца шматграннасцю, чаму ў вялікай меры садзейнічае створаная значная дагаворна-прававая база.

Паводле слоў Гурбангулы Бердымухамедава, вельмі важна, што супадаюць пазіцыі Беларусі і Туркменістана па пытаннях міжнароднага парадку дня і абедзве дзяржавы эфектыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях. «Гэта адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам дзвюх краін», — сказаў туркменскі лідар.

belta 3

belta 2

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *