ААТ “Імя Жукава”: лёс ураджаю – у руках маладых

Сельское хозяйство

Прыгожы малады механізатар на шырокіх вясновых прасторах глядзіцца больш прывабна, чым у звычайных абставінах на вясковай вуліцы ці сярод сяброў. Поўныя жадання ствараць, радавацца плёну сваёй працы, чалавек і поле быццам дапаўняюць адзін аднаго. Першы выйшаў з сеялкай, каб загарнуць у глебу адборнае насенне, а зямля гатова прыняць яго і вырасціць важкі колас, аддзячыць за клопат.

Барыс Герасіменка
Барыс Герасіменка

Барысу Герасіменку з ААТ “Імя Жукава” – 26 гадоў, а гэтая пасяўная кампанія ўжо шостая па ліку ў яго працоўнай біяграфіі. Зазначу: складваецца яна пакуль цудоўна. У мінулым годзе Барыса адзначалі за сумленную работу і высокія дасягненні двойчы: першы раз – як пераможцу раённага спаборніцтва сярод маладых хлебаробаў на сяўбе зерневых і зернебабовых, другі – на раённых дажынках у Камарыне як аднаго з лепшых (заняў другое месца) на жніве. Няхай так працягваецца, бо, як адзначылі спецыялісты гаспадаркі, чалавек ён працалюбівы і актыўны. Раённыя спартакіяды праходзяць заўсёды з удзелам каманды ААТ “Імя Жукава” і нашага героя.

У такім узросце ён ужо механізатар першага класа, не дзіўна, што і тэхніку яму даверылі магутную.

“Беларус-3522” эксплуатуе трэці год. Пры норме 25 засявае за змену 40 гектараў яравых зерневых. Агрэгат “Хёрш” выконвае за адзін праход тры аперацыі: дыскуе глебу, ушчыльняе яе і загортвае насенне.

Ад Барыса мы даведаліся, што 21 сакавіка ў механічнай майстэрні дырэкцыя сельгаспрадпрыемства правяла нараду з удзельнікамі пасяўной, на якой разам абмеркавалі ўсе арганізацыйныя пытанні. Выконваць і перавыконваць заданне эканамічна выгадна. Засеяныя звыш нормы гектары аплачваюцца вышэй. Выпрацоўка ў маладога механізатара была б яшчэ большая, калі б не затрымка з падрыхтоўкай глебы. Дыскаванне вядуць Віталь Грамовіч і Сяргей Ігнаценка, яны ўдваіх не паспяваюць забясечваць фронт работы маладому і спрытнаму калегу, хаця за плячыма ў кожнага і стаж работы, і вопыт.

Віталь Грамовіч
Віталь Грамовіч

Старшыня прафкама Галіна Прахарэнка праінфармавала, што падчас размовы дырэктара Сяргея Міхаленкі з людзьмі прысутнічалі ўсе спецыялісты. Хлебаробаў цікавіла ў першую чаргу аплата працы. З ёй пазнаёміў галоўны эканаміст. Паколькі рабочы дзень зараз пачынаецца ў 7 гадзін, гарачае харчаванне вяскоўцы будуць атрымліваць два разы. У мінулым годзе з іх заробкаў за абеды ў полі вылічвалі 15%, сёлета – 10. Прадукты стараюцца завозіць свежыя і каларыйныя, рыхтуюць ежу ў сваёй сталовай, дзе праведзены рамонт. Прадугледжана і натураплата.

У мінулым годзе адкрытае акцыянернае таварыства сабрала з кожнага гектара па 38,2 цнт зерневых і зернебабовых з гектара (+4,9 цнт да ўзроўню 2015-га), валавы збор павялічыла на 1929 тон. Гэты паказчык – не мяжа, яго можна і патрэбна пераўзысці, бо ёсць умелыя людзі і высокапрадукцыйная тэхніка.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *