Сяргей Сялецкі: галоўны бонус – бадзёрасць духу, здароўе і пазітыўны настрой

Грамадства

Fizruk_002

Адкуль бярэ свой пачатак захапленне спортам? Часцей за ўсё – з дзяцінства. Калі побач ёсць чалавек з цвёрдымі правіламі і перакананнямі трымаць арыенцір на здаровы лад жыцця. Дужы і падцягнуты, упэўнены ў сабе, напорысты ў дасягненні мэтаў – на такога хочацца раўняцца. І ад гэтага толькі ўзмацняецца жаданне працаваць над сабой, імкнуцца да дасканаласці: пры агульнай стараннасці і зацікаўленасці, нацэленасці на выніковую работу ў камандзе можна разлічваць на поспех.

Fizruk_001

Для Сяргея Сялецкага такім станоўчым прыкладам стаў бацька і настаўнік фізічнай культуры ў адной асобе – не толькі захапіў сваім прадметам, але і паўплываў на прафесійны выбар. За спартыўныя дасягненні яшчэ падчас вучобы ў школе юнак атрымаў нямала заахвочванняў. Нездарма менавіта яго заўсёды ўключалі ў склад хойніцкай каманды, калі патрэбна было абараняць гонар роднага раёна на абласным узроўні. І са спаборніцтваў Сяргей неаднаразова вяртаўся прызёрам. А калі надышоў час прымаць рашэнне, па якой дарозе ісці пасля школы, сумненняў і ваганняў не ўзнікла: аддаў перавагу факультэту фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

З атрыманым дыпломам аб вышэйшай адукацыі малады спецыяліст, размеркаваны на першае працоўнае месца, прыехаў у 2012 годзе да нас, на Брагіншчыну. І яе не пакідае дагэтуль, што калектыў Малейкаўскай сярэдняй школы толькі вітае: менавіта тут Сяргей Эдуардавіч з’яўляецца кіраўніком фізічнага выхавання. А аб яго адказным стаўленні да справы, працалюбстве, тактоўнасці, лепшых чалавечых якасцях, якія дапамагаюць быць з дзецьмі на адной хвалі, можа сказаць кожны з калег. Ды і прыкметны аўтарытэт як сярод настаўнікаў, так і вучняў, іх бацькоў, вынікі настойлівай, мэтанакіраванай работы сведчаць: гэты малады педагог заслугоўвае толькі ўдзячных слоў.

Дастаткова заўважыць, што ўжо на працягу чатырох навучальных гадоў Малейкаўская школа трымаецца ў ліку прызёраў раённай спартакіяды. Ёсць сярод выхаванцаў Сяргея Эдуардавіча і пераможцы абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы: Крысціна Цярэшчанка і Аляксей Опра – уладальнікі дыпломаў першай ступені. А Вікторыі Патапенцы выпаў гонар увайсці ў склад абласной каманды і стаць удзельніцай рэспубліканскага турніру “Снежны снайпер”.

Прыемна таксама, што з развіццём фізічных здольнасцей школьнікаў, пашырэннем спартыўных гарызонтаў прыходзіць і асэнсаваны прафесійны выбар. Адзін з вучняў Сяргея Эдуардавіча ўжо з’яўляецца студэнтам Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта, адкуль таксама выйдзе выкладчыкам фізічнай культуры. І такую ж спецыяльнасць плануюць атрымаць яшчэ двое юнакоў, для якіх гэты настаўнік з’яўляецца і класным кіраўніком. Сёлета яны якраз заканчваюць школу і выходзяць на шырокі жыццёвы прастор, таму ў дарогу з сабой абавязкова павінны ўзяць і мудры наказ педагога, і набытыя навыкі, і настойлівасць у дасягненні мэтаў.

А тое, што ў абранай справе чалавек павінен самаўдасканальвацца, прафесійна расці, імкнуцца да большага, Сяргей Эдуардавіч пацвярджае ўласным прыкладам. І адзін з яскравых доказаў – перамога ў мінулагоднім раённым конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Сёлета гэтаму настаўніку, дарэчы, прысвоена першая кваліфікацыйная катэгорыя. А яшчэ бягучы год парадаваў ураджэнца суседняга раёна радаснай па-дзеяй: ён атрымаў ключы ад арэнднай кватэры ў доме, пабудаваным у Брагіне за кошт сродкаў, выдзеленых на пераадоленне чарнобыльскай катастрофы. Шчаслівымі навасёламі сталі яшчэ 23 яго калегі – спецыялісты, якія працуюць у сістэме адукацыі.
Ёсць спартыўныя поспехі, дасягненні, стымул і шчырае жаданне рухацца наперад. Але, напэўна, самае галоўнае для кожнага выкладчыка фізкультуры – сфарміраваць у дзяцей патрэбу ў здаровым ладзе жыцця. Таму і не пустуе спартыўная зала вясковай школы у пазаўрочны час, у перыяд канікул. Наладжваюцца спаборніцтвы, трэніроўкі… Найбольш прывабліваюць вучняў і яго настаўніка валейбол і настольны тэніс. А калі разгортваюцца турніры паміж педагогамі і дзецьмі, то менавіта апошнія, як правіла, выходзяць у пераможцы. Як тут не парадавацца за сваіх выхаванцаў, падрастаючую змену? Калі ў чалавека з дзяцінства асаблівае стаўленне да фізічнай культуры, то і ў будучым ён не прамяняе сваё захапленне на алкаголь і тытунь. У спартыўна загартаваных асоб поруч ідуць дысцыплінаванасць, бадзёрасць духу, патрабавальнасць да сябе і пазітыўны настрой.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *