Культурная прастора: здзіўляць і захапляць

Общество Праздники и будни

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна работнікі культуры былі ахоплены масай клопатаў, звязаных з урачыстасцямі ў гонар Брагіна-юбіляра, а ўжо сёння – у віры новых турбот і спраў. Патрэбна дастойна сустрэць Дзень маці, 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, раённае свята працаўнікоў вёскі… Час набліжае чарговыя каляндарныя даты, падзеі. І пры падрыхтоўцы кожнага мерапрыемства важна ўсё абдумаць, прадугледзець, спланаваць да драбніц: ад сцэнарыя да касцюмаў артыстаў і дэкарацый. Таму на першым плане заўсёды творчы пошук, ініцыятыва, наватарскія ідэі. А між тым і ў саміх культработнікаў штогод у другую нядзелю кастрычніка – прафесійнае свята.

З гэтай нагоды нашы пытанні адрасаваны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргею ДАЎГУЛЯЎЦУ.

Kultura_001

– Сяргей Аляксеевіч, на ніве культуры Вы працуеце ўжо нямала год. Сфера, зразумела, блізкая і знаёмая. Але работа на пасадзе кіраўніка, да якой прыступілі з 30 жніўня бягучага года, накладвае асаблівую адказнасць: і ў арганізацыі дзейнасці, і ў дасягненні пастаўленых мэтаў, і ў вырашэнні вострых праблем. Па якім шляху, на Ваш погляд, павінна сёння рухацца галіна культуры, якім накірункам плануеце аддаваць прыярытэт?

– Лічу, што курс у першую чаргу патрэбна трымаць на духоўнае адраджэнне, узнаўленне мясцовых традыцый, абрадаў і звычаяў народнага календара. Хацелася б абудзіць цікавасць, асабліва падрастаючага пакалення, да таго, чым жылі нашы продкі, якім багатым, паэтычным было іх светаўспрыманне. Тым больш што фальклорна-этнаграфічная спадчына Брагіншчыны даволі багатая. Аб гэтым сведчаць і сабраныя матэрыялы, якія ўжо знайшлі практычнае прымяненне пры святкаванні Купалля, Калядаў, Масленіцы на сучасным этапе, і нашы ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але кропку ў вывучэнні свайго гістарычнага мінулага ставіць рана: такая праца дапамагае выратаваць, захаваць і вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.

Не менш важна таксама вынаходзіць новыя формы і метады работы, якія б садзейнічалі прыцягненню ў канцэртныя залы, на адкрытыя пляцоўкі як мага большай колькасці гледачоў, дазвалялі несці культуру ў шырокія слаі насельніцтва: ад дзяцей да пенсіянераў, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці, задавальнялі іх духоўныя патрэбы.

– Якімі клопатамі жыў калектыў на працягу года? Дзе заявіла аб сабе Брагіншчына культурная?

– Яркіх мерапрыемстваў, што ўразілі сваёй задумкай, змястоўнасцю, мясцовым каларытам, у памяці брагінчан, думаю, засталося нямала. Дастаткова ўзгадаць, напрыклад, традыцыйны парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак, рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Зорная карусель”, урачыстасці ў гонар важных каляндарных дат, святы вёсак…

Выпаў гонар прадстаўляць нашым супрацоўнікам і творчым калектывам Брагіншчыну на такіх абласных конкурсах, як “Ступень да поспеху”, “Вытокі”, “Мы – беларусы!”, “У асяроддзі сяброў” і інш. Вячаслаў Гаршкоў спрабаваў свае сілы ў абласных этапах нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў “Маладзечна-2017” і “Ві-цебск-2017”. З дыпломам другой ступені вярнуліся Таццяна і Аляксандр Вініцкія з абласнога конкурсу сямейнай творчасці. Але найбольшых поспехаў усё ж дасягнулі выхаванцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў: на рахунку калектыву – 14 дыпломаў, атрыманых на абласных і рэгіянальных творчых конкурсах. Два выпускнікі – Эдуард Парутчыкаў і Мікалай Чубса, якія не толькі на працягу сямі гадоў паспяхова займаліся па класу баяна, але і паспелі заявіць аб сабе за межамі раёна, вырашылі звязаць далейшае жыццё з музыкай. Першы стаў навучэнцам Мазырскага музычнага каледжа, другі – Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага.

Ой, на Івана, на Купалу...
Ой, на Івана, на Купалу…
Брагіну -- 870: подых мінулага
Брагіну — 870: подых мінулага
Удзельнічаем у фестывалі "Зорная карусель"
Удзельнічаем у фестывалі «Зорная карусель»

– Ці ёсць, на Вашу думку, сёння ўсё неабходнае для эфектыўнай дзейнасці структуры?

– Без пэўных праблем і нязручнасцей, вядома, не абыходзіцца ні ў адной галіне. Але ж для плённай працы, на мой погляд, мы маем самае галоўнае – аптымізаваную сетку ўстаноў, прафесіяналізм работнікаў, творчы патэнцыял і вопыт.

Радуе, што сёння для нас ужо не з’яўляецца такой вострай кадравая праблема: побач з калегамі са стажам працуюць сем маладых спецыялістаў, шэсць чалавек атрымліваюць вышэйшую адукацыю завочна.

Лепшыя работнікі, дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята будуць заахвочаны за стараннасць і выніковую дзейнасць ад райвыканкама і нашага аддзела.

– Што пажадаеце калегам у гэтыя восеньскія дні, багатыя на святы і падзеі?

– У першую чаргу – каб ваша высакародная праца, паважаныя, карысталася павагай у землякоў і выклікала пачуццё гонару за свой край, яго багатую матэрыяльную спадчыну і духоўную культуру. Нясіце людзям радасць і пазітыўныя эмоцыі, напаўняйце жыццё святочным настроем, захоўвайце і працягвайце сувязь паміж пакаленнямі. Моцнага ўсім здароўя, творчага запалу, удачы і натхнення! Прыміце сардэчныя віншаванні з прафесійным святам!

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий