Тэма тыдня: візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан

Тема недели

223872-02

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12-14 верасня знаходзіўся з афіцыйным візітам ва Узбекістане. У Ташкенце кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія прайшлі ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.

Па выніках перагавораў падпісаны дакументы аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах.

Паралельна з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкенце прайшоў беларуска-ўзбекскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У сталіцы Узбекістана была арганізавана маштабная выстаўка беларускіх вытворцаў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць узбекскаму боку за падтрымку беларускай дыяспары – ва Узбекістане пражывае амаль 19 тыс. беларусаў.
«Я прыехаў сюды, каб падзякаваць вам за тое стаўленне да Беларусі і беларусаў, якое сёння вы прывіваеце ўзбекскаму народу. Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю. Калі б мы навучыліся гандляваць, як узбекі, прадстаўляць тавар, які вырабляем, мы былі б у два разы багацейшыя. Думаю, вы нас навучыце і гэтай добрай практыцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Узбекістан прапануе Беларусі сумесную перапрацоўку бавоўны і распрацоўку нафтавых радовішчаў. Аб гэтым Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце. «У вас вельмі сур’ёзныя тэхналогіі ў перапрацоўчай галіне. У нас ёсць бавоўна. Чаму мы не можам яе сумесна перапрацоўваць і вывозіць яе ў краіны Еўропы? Што нам перашкаджае? Нічога. Гэта рабочыя месцы і ў нас, і ў вас. Вашы тэхналогіі – наша бавоўна», – сказаў Шаўкат Мірзіёеў. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ва Узбекістане вялікія запасы карысных выкапняў, аднак імі неабходна правільна распарадзіцца. Ён прапанаваў беларускаму боку паўдзельнічаць у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. «Тая ж нафтагазавая галіна. У вас навука развіваецца, а ў нас ёсць свідравіны», – дадаў ён.

Акрамя таго, Шаўкат Мірзіёеў папрасіў беларускі бок адкрыць ва Узбекістане два-тры філіялы ВНУ, паколькі ў краіне вельмі цэняць беларускую адукацыю і задаволены ўзроўнем падрыхтоўкі студэнтаў.

«Беларусь для нас – блізкі сябар і надзейны партнёр. У апошнія паўтара-два гады нашы адносіны ва ўсіх сферах, я думаю, перасягнулі ўсе чаканні. Гэта паказвае, што можна зрабіць пры жаданні і волі кіраўніцтва краіны», – сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што тавараабарот паміж краінамі па выніках 2017 года значна павялічыўся. Рост прадаўжаецца і ў гэтым годзе. «Гэта сведчыць аб тым, што мы, дзве дзяржавы і два народы, засумавалі адзін па адным», – дадаў ён. На яго думку, тавараабарот паміж краінамі ў перспектыве можа дасягнуць $1 млрд.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе расказаў аб выніках трохгадзінных перагавораў двух лідараў у фармаце сам-насам.

«Галоўны вынік нашых перагавораў (я хачу, каб гэта чулі члены ўрада, адказныя людзі з двух бакоў): мы дамовіліся, што ў нас у Беларусі няма закрытых тэм не толькі для абмеркавання, але і для далейшых дзеянняў. Калі нешта нашы ўзбекскія браты ўбачаць у Беларусі патрэбнае, гэта будзе неадкладна зроблена: або перанесена вытворчасць на вашу тэрыторыю, або створым сумеснае прадпрыемства», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ключавыя дамоўленасці адлюстраваны ў міжурадавым дагаворы аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве на 2019-2023 гады. Гэта комплексны дакумент, які датычыцца развіцця ўзаемадзеяння ў самых розных галінах.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *