Прыход кайзераўцаў

Наша гісторыя

У адказ на дэкрэт Савета народных камісараў “Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!” на месцах пачалася мабілізацыя ў рэвалюцыйныя часці і атрады Заходняга фронту. Брагінская валасная партыйная ячэйка накіравала ў рады Чырвонай Арміі лепшых сваіх камуністаў, а таксама групу камсамольцаў. Групы добраахвотнікаў былі сфарміраваны і ў іншых валасцях. Многія, дарэчы, не толькі адважна змагаліся затым на розных франтах грамадзянскай вайны, але і былі ўдастоены высокіх узнагарод. Як, напрыклад, Сямён Ціханчук, Мітрафан Ярмольчык, Сяргей Таміловіч-Данчанка і інш.

Да сакавіка гераічнымі намаганнямі Чырвонай Арміі ўдалося спыніць ворага на лініі Орша – Магілёў – Гомель. Не маючы сіл для абароны, савецкая рэспубліка вымушана была 3 сакавіка 1918 года падпісаць грабежніцкі Брэсцкі мірны дагавор, па якім большая частка Беларусі (у тым ліку Брагіншчына і Камарыншчына) трапіла ў зону германскай акупацыі.

З прыходам кайзераўцаў былі ліквідаваны рэвалюцыйныя парадкі. Акупанты разагналі Саветы, аднавілі прыватную ўласнасць на зямлю і іншую маёмасць. У былых маёнтках з’явіліся ранейшыя гаспадары-памешчыкі. Акупантам паслужліва дапамагалі мясцовыя чарнасоценцы, правыя эсэры, кулакі. Часта па іх даносах кайзераўцы тварылі тэрор і насілле, бязлітасна распраўляліся з сельскімі актывістамі. Яны рабавалі насельніцтва, вывозілі жывёлу, збожжа, лес… І ў такіх умовах бальшавікі, савецкія актывісты вымушаны былі пайсці ў падполле, каб пачаць арганізаваную барацьбу.